Храм Магі́лы Гаспо́дняй (), вядомы таксама (ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі) пад назваю Храм Уваскрэсення Хрыстовага (, Naos tis Anastaseos; , Kanīsat al-Qiyāma; , Surp Harutyun) — хрысціянская царква, на месцы якой, паводле хрысціянскае традыцыі, распялі і пахавалі Ісуса Хрыста, і дзе ён потым уваскрэс.
Храм з’яўляецца мемарыялам Хрыста, тут усё звязана з яго імем. Здаўна, прынамсі з IV стагоддзя, ён з’яўляецца месцам багамолля хрысціян, тут сыходзіць жыватворны агонь на Вялікдзень.
Храм Магілы Гасподняй з’яўляецца галоўным храмам патрыярхіі Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы, а сама ўнутранасць храма падзелена на асобныя прытворы, што належаць некалькім хрысціянскім цэрквам.
Апісанне
Храм Магілы Гасподняй — вялікі рэлігійны і архітэктурны комплекс, які ўключае ў сябе Галгофу з месцам Распяцця, даволі вялікую ратонду з вялікім купалам, пад якім непасрэдна размешчаны Кувуклія, Кафалікон або саборны Храм, які з’яўляецца кафедральным для Патрыярхаў Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы, падземны храм Здабыцця Жыватворнага Крыжа, храм святой роўнаапостальнай Алены і некалькі прытвораў. У межах Храма Магілы Гасподняй таксама размешчана некалькі дзеючых манастыроў, ён уключае рад дапаможных пабудоў і галерэй.
Пры ўваходзе ў Храм знаходзіцца камень Памазання — даўгаватая нізкая пліта, абліцаваная мармурам. Згодна з паданнем, на гэту пліту палажылі цела Ісуса, знятае з крыжа, для націрання яго, згодна з іўдзейскім звычаем, араматычнымі алеямі перад пахаваннем і тут жа загарнулі яго ў плашчаніцу.
У цэнтры храмавай залы-ратонды месціцца невялікая капліца з ружовага мармуру, збудаваная ў 1910 годзе над пячораю Магілы Гасподняй (Кувуклія). У грабніцу вядзе вузкі праход. Грабніца асветлена лампадамі, у ёй размяшчаецца мармуровае надмагілле. Памер грабніцы — 2 х 1,5 м.
Перад капліцаю — кафалікон Іерусалімскай праваслаўнай царквы. У ім, сярод іншага, месцяцца мармуровая паўсфера «мезамфалас», якая сімвалізуе «цэнтр зямлі», размешчаны ў Іерусаліме (т. зв. «пуп Зямлі»), і трон патрыярха.
У заходняй частцы да Кувукліі прыбудавана капліца Главы, якая належыць Копцкай царкве.
Пры ўваходзе ў храм, недалёка ад каменя Памазання, двое сходцаў вядуць угору — да Галгофы, месца, дзе, паводле падання, стаяў крыж, на яком быў распяты Ісус Хрыстос. Каланада дзеліць гэту прастору на дзве часткі: адна належыць Іерусалімскай праваслаўнай царкве, другая — рымска-каталіцкай.
У глыбіні грэчаскага прытвора — распяцце над адкрытым прастолам. У падлозе пад прастолам знаходзіцца сярэбраны дыск з вечкам, які пазначае месца, куды быў устаноўлены крыж, яшчэ двума чорнымі коламі абазначаны месцы крыжоў, на якіх адначасова з Хрыстом катавалі двух злачынцаў.
Каталіцкі прытвор упрыгожаны мазаічнымі карцінамі на біблейскія сюжэты. Тут размяшчаецца алтар «Прыгвазджэнне да крыжа». Каля аднае з калон, якія раздзяляюць прытворы, ёсць скульптурная выява Прасвятой Дзевы Марыі, аздобленая золатам і каштоўнымі камянямі — яна была падаравана партугальскаю каралеваю Марыяю Набожнаю у другой палавіне XVIII стагоддзяПутешествие в Святую Землю, Иерусалим (б.г.). С. 166 .
Ступаючы галерэяй уздоўж сцяны Храма і спусціўшыся на 30 прыступак, можна трапіць у грэчаскую праваслаўную царкву Святой Алены. Гэтая царква, у сваю чаргу, вядзе да пячоры Здабыцця Крыжа. Мармуровая пліта ў пячоры пазначае месца, дзе, паводле падання, быў знойдзен крыж, на якім распялі Ісуса.
Справа ад каменя Памазання, пад Галгофаю, знаходзіцца ўваход у капліцу праайца Адама, які, згодна з паданнямі, пасля выгнання з раю жыў у Іерусаліме. Адам, згодна з легендаю, прадрок, што як Хрыстос будзе распяты, каменны падмурак Галгофы расколецца. Праз шкляное акенца ў глыбіні капліцы паказваюць расколіну, якая, як мяркуюць, утварылася ад землетрасення ў час распяцця Хрыста.
Гісторыя
Заснаванне Храма, будаўніцтва імператара Канстанціна
Шанаваць месца распяцця, пахавання і ўваскрэсення Ісуса Хрыста пачалі яшчэ першыя хрысціяне. Тады яно было яшчэ за гарадскою мяжою Іерусаліма. Імаверна, памяць пра гэта месца не згубілася і пасля таго, як горад быў дашчэнту зруйнаваны імператарам Цітом у 70 годзе. Згодна з паведамленнем Еўсевія Кесарыйскага, у час будаўніцтва пад кіраўніцтвам імператара Адрыяна новага рымскага горада Элія Капіталіна (135 год) на месцы пячоры Магілы быў узведзены язычніцкі храм Венеры.
Першую ж хрысціянскую царкву на месцы Магілы Гасподняй заклала Святая Алена, і будавалася яна пад кіраўніцтвам Макарыя Іерусалімскага адначасова з часткова ўцалелым Храмам Раства Хрыстовага ў Віфлееме. Акрамя ўласна Магілы Гасподняй, у склад храмавага комплекса ўвайшлі месца Галгофы і месца знаходкі Жыватворнага Крыжа. У выніку быў збудаваны комплекс пабудоў, агульны выгляд якіх вырысоўваецца пры супастаўленні археалагічных даследаванняў сучаснага збудавання з апісаннямі раннехрысціянскіх аўтараў і выяваю на мазаічнай карце з Мадабы (сярэдзіна V ст.).
Храмавы комплекс складаўся з некалькіх частак, выцягнутых з захаду на ўсход: круглага ў плане храма-маўзалея, названага Анастасіс (ад грэчаскага «Уваскрэсенне»), унутры якога знаходзілася Магіла Гасподняя, пад шасцігранным шатровым навесам, далей размяшчалася базіліка — Вялікая царква, павернутая алтаром у бок Анастасіса. Унутры базілікі была ўладкавана крыпта, якая паказвала месца знаходкі Крыжа. Паміж Анастасісам і базілікаю, а таксама каля ўсходняга ўвахода ў храм было зроблена перыстыльнае падвор’е. Галоўны ўваход быў з усходняга боку, з аднае з асноўных вуліц, і з поўдня, з боку гарадскога форума. Збудаванне было багата аздоблена рознымі пародамі мармуру, мазаікамі і каштоўным ліццём.
Велічны комплекс храма Уваскрэсення быў урачыста асвечаны і адкрыты ў прысутнасці імператара Канстанціна Вялікага і прадстаўнікоў вышэйшага духавенства з розных краёў 13 верасня 335 года. Гэту падзею Праваслаўная царква і дагэтуль адзначае ў гэты дзень як свята Абнаўлення Храма.
Храм у час персідскіх і арабскіх заваяванняў
Храмавы комплекс існаваў без істотных змен да ўзяцця ў 614 годзе Іерусаліма персідскім царом Хасровам II. Будынкі комплекса былі моцна пашкоджаны, але пад кіраўніцтвам інака Мадэста (у будучыні патрыярха іерусалімскага) за кошт імператара Іраклія і жонкі Хасрова Марыі, хрысціянкі па веравызнанню, усё зруйнаванае было адноўлена на працягу 616—626 гадоў. Пасля захопу горада іншым халіфам Умарам у 637 годзе патрыярх Сафроній, баючыся паўтарэння кровапраліцця, як пры персідскай навале, прыказаў здаць горад і храм Магілы, аднак асноўныя хрысціянскія святыні Іерусаліма не былі пашкоджаны.
У 1009 годзе халіф Аль-Хакім, пад уплывам чутак і паклёпаў на хрысціян, аднаасобна парушыў таемнае пагадненне аб рэлігійным перамір’і, устаноўленае яшчэ ў часы Сафронія і халіфа Умара, і сваёю воляю санкцыянаваў масавыя забойствы і знішчэнне хрысціянскага насельніцтва Іерусаліма і руйнаванне хрысціянскіх храмаў у горадзе і яго ваколіцах. У выніку гэтых гвалтаў базіліка была страчана беззваротна. Імператар Канстанцін VIII вытаргаваў у сына Аль-Хакіма права на аднаўленне храма (у абмен на такія ўчынкі, як адкрыццё мячэці ў Канстанцінопалі). Будаўнічыя работы працягваліся і пры праўленні імператара Канстанціна Манамаха, але па размаху і велічы значна саступалі сваім папярэднікам антычнага часу. Было ўзведзена некалькі дадатковых пабудоў на ўзор капліц. Роля галоўнай царквы была аддадзена ратондзе Уваскрэсення, якая захавалася на той час лепш за іншыя збудаванні, і ў яе ўсходняй частцы зрабілі невялікую апсіду (т. зв. «Манамахас», 1020—1037 гады).
Храм у часы крыжовых паходаў і праўлення мамелюкаў
У сярэдзіне XII стагоддзя крыжаносцы з размахам адбудавалі храм у велічным раманскім стылі, надаўшы Храму аблічча, па якім, у асноўным, ён вядомы і да цяперашняга часу (пазней іменна на ўзор гэтага Храма Магілы Гасподняй ў Іерусаліме будавалі храмы ў некаторых хрысціянскіх краінах — Італіі, Расіі). Будаўніцтва, якое апісаў храніст Вільгельм Цірскі, было завершана ў час праўлення каралевы Мелісенды Іерусалімскай узвядзеннем званіцы. Пасля ўзяцця Іерусаліма мусульманамі Салах ад-Дзін дазволіў хрысціянскае паломніцтва да храма, а ў XIII стагоддзі храмам некаторы час валодаў адлучаны ад царквы імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрых II.
Адбудованы ў 1130—1147 гадах храм Уваскрэсення зноў аб’яднаў пад адным дахам усе святыні, звязаныя са смерцю і Уваскрэсеннем Ісуса Хрыста. Крыжаносцы не сталі істотна мяняць будову заходняй часткі збудавання, круглага Анастасіса, што захаваў планаванне і ў цэлым аздабленне, якія датуюцца яшчэ часам Канстанціна Вялікага. Гэтыя часткі, уласна, можна бачыць і зараз — гэта кальцавыя апоры ратонды, аформленыя як калоны карынфскага ордара на масіўных каменных тумбах, якія паводле мясцовай традыцыі называюцца дагэтуль «слупамі Алены».
Асноўнай справай крыжаносцаў стала ўзвядзенне новай Вялікай царквы (Кафалікона), які прымкнуў да ратонды з усходняга боку. Збудаванне мела «Т»-падобнае планаванне ў форме крыжа з мноствам прытвораў. Арыгінальна ў архітэктурных адносінах была вырашана ўсходняя частка збудавання — за галоўным алтаром быў зроблен своеасаблівы абход з групаю капел. Такі архітэктурны прыём (т. зв. Дэамбулаторый) пазней быў узяты за аснову пры будаўніцтве культавых кампазіцый у сярэдневяковай еўрапейскай архітэктуры. У стылістычным афармленні інтэр’ераў і вонкавага аздаблення храма заўважаюцца элементы ранняй готыкі. Заключным акордам усяго ансамбля стала ўзвядзенне пяціяруснай званіцы са стрэльчатым завяршэннем, здзейсненае ў канцы існавання хрысціянскага каралеўства ў Палесціне (1160—1180 гады).
У 1244 годзе храм, як і горад у цэлым, пацярпелі ад набегу цюркаў-харэзмійцаў, якія амаль поўнасцю вынішчылі хрысціянскае насельніцтваMartin Gilbert. Jerusalem: Illustrated History Atlas. New York, Macmillan Publishing, 1978. P. 25 , але ўжо праз тры гады (1247 год) самі былі выгнаныя егіпцянамі. У перыяд з 1250 па 1517 год горадам кіравалі мамелюкі, гэта стала часам пастаянных сутычак паміж імі і крыжаносцамі, якія безнадзейна дабіваліся вяртання святога для хрысціян горада, і манголамі, якія пастаянна ажыццяўлялі набегі на Іерусалім. Таксама горад не раз цярпеў ад прыродных катаклізмаў (землетрасенняў) і мору. Храм Магілы Гасподняй у гэты час занепадае.
Храм у часы асманскага праўлення
У 1517 годзе Іерусалім разам з ваколіцамі трапіў пад уладу Асманскай імперыі і заставаўся пад ёю фактычна да распаду імперыі ў 1917 годзеАсноўныя падзеі гісторыі Іерусаліма на www.centuryone.com .
Горад перажывае сапраўдны ўздым будаўніцтва (аднаўлення) і адноснай рэлігійнай цярпімасці пры турэцкім султане Сулеймане Велічным (1520—1566). У гэты час павялічваецца прыток паломнікаў у Іерусалім. Аднак разбурэнні, выкліканыя землетрасеннем 1545 года, патрабавалі аднаўленчых работ (адным з вынікаў землятрусу таксама было зніжэнне званіцы да сучаснага ўзроўню). Так, у 1555 годзе храм пачалі адбудоўваць і пашыраць, гэтым займаўся ордэн манахаў-францысканцаў; пад іх наглядам таксама была аформлена Кувуклія.
Пасля аднаўлення Храма Магілы Гасподняй ў 1555 годзе за кантроль над ім вядзецца пастаянна барацьба паміж тымі ж францысканцамі (і ўвогуле католікамі) і праваслаўнымі, перамога ў ёй даставалася то аднаму, то другому боку і залежала ад атрымання і пацвярджэння дазволу-фірмана ад Порты. Нарэшце, у 1767 годзе міжцаркоўныя спрэчкі прыводзяць да таго, што Порта выдае фірман на супольнае валоданне храмам цэрквамі-саперніцамі, што фактычна стала асноваю для сучаснага канфесійнага становішча ў кіраванні Храмам Магілы Гасподняй. Гэта ж становішча пацверджана іншым фірманам ад 1852 года, які ўжо канчаткова вызначыў status quo тэрытарыяльнага і адміністрацыйнага падзелу святыні паміж канфесіямі.