Ордэн Серафімаў () — вышэйшы ордэн Швецыі.

Гісторыя Заснаванне гэтага найстарэйшага і галоўнага са шведскіх ордэнаў узыходзіць да часоў Магнуса Ладуласа. Першапачаткова ён быў заснаваны як духоўна-рыцарскі ордэн у XIII стагоддзі (паводле іншых крыніц, у XIV ст.).

У іўдаісцкай і хрысціянскай рэлігійных традыцыях серафімы — гэта анёлы вышэйшага рангу, якія найбольш набліжаны да прастола Бога і ўслаўляюць Яго. Апісанне серафімаў утрымліваецца яшчэ ў старазапаветнай «Кнізе прарока Ісаі»: «У кожнага з іх па шэсць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў». Падрыхтоўваючы прарокаў да служэння, адзін з серафімаў ачышчае ім вусны, дакрануўшыся да іх гарачым вугалем, які ён узяў абцугамі з ахвярніка.

У 1748 годзе шведскі кароль Фрэдрык I аднавіў ордэн Серафімаў і распрацаваў яго статут, паводле якога гэту вышэйшую ўзнагароду атрымлівалі кіраўнікі дзяржаў, прынцы каралеўскай крыві, тыя грамадзяне, якія сваімі заслугамі дасягнулі першых чыноў у дзяржаве.

Колькасць кавалераў ордэна Серафімаў, які меў адну ступень, была абмежавана — 24 чалавекі; акрамя іх, ордэн мог быць уручаны яшчэ васьмі замежнікам. Найстарэйшы з кавалераў атрымліваў пажыццёвую пенсію ў 100 рыксдалераў.

Збор гербаў кавалераў ордэна знаходзіцца ў цэрквы Рыдархольмена. Калі памірае кавалер ордэна, яго герб вывешваецца ў царкве, і падчас пахавальнай цырымоніі з 12:00 да 13:00 звоняць царкоўныя званы.

У выніку ордэнскай рэформы 1975 года было пастаноўлена не ўручаць ордэн Серафімаў шведскім падданым, у тым ліку нават членам каралеўскага дому. Толькі ў 1995 годзе гэта пастанова датычна членаў каралеўскага дому была адменена, і дзяцей караля Карла XVI Густава было загадана лічыць кавалерамі ордэна з дня нараджэння. Аднак знакі ордэна былі ім уручаны толькі ў дні іх паўналецця — кронпрынцэсе Вікторыі 14 ліпеня 1995 года, прынцу Карлу-Філіпу 13 мая 1997 года, прынцэсе Мадлене 10 чэрвеня 2000 года.

Знакі адрознення

Да знакаў ордэна Серафімаў адносяцца залаты крыж, зорка, залаты ланцуг і ордэнская стужка светла-блакітнага колеру.

Крыж — васьміканцовы (мальтыйскі) белы, эмаляваны, у залатой аправе і з залатымі шарыкамі на канцах. У цэнтры яго змешчаны нябеснага колеру шар з трыма белымі літарамі J. H. S. (Jesus Hominum Salvator — Ісус збавіцель людзей). Па баках крыжа і пад літарамі змешчаны залатыя кароны, на вуглах чатырохвугольніка размешчаны залатыя патрыяршыя крыжы, а паміж імі — залатыя галоўкі серафімаў. На блакітным полі адваротнага боку крыжа змешчаны тры літары — F. R. S. (Fredericus Rex Sueciae — Фрэдрык, кароль Швецыі). Крыж прышпільваецца да кароны і ў асабліва ўрачыстых выпадках носіцца на залатым ордэнскім ланцугу.

Сярэбраная зорка ордэна таксама выканана ў выглядзе ордэнскага крыжа.

Ордэнскі ланцуг складаецца са звёнаў у выглядзе залатых галовак серафімаў і эмаляваных блакітнай эмаллю патрыяршых крыжоў, якія чаргуюцца паміж сабой.

Спасылкі

Ордэн Серафімаў на сайце Шведскага каралеўскага дому

Гл. таксама Кавалеры ордэна Серафімаў

Серафімаў Катэгорыя:Вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды