Царква Прасвятой Тройцы і базыльянскі манастыр, або Траецкая царква, Базыльянская царква — дзейны ўніяцкі храм у імя Найсвяцейшай Тройцы (набажэнствы на украінскай і беларускай мовах) і былы базыльянскі манастыр у Вільні; ансамбль будынкаў з рысамі архітэктуры готыкі, барока, класіцызму і гістарызму, помнік архітэктуры і гісторыі. Размяшчаецца ў паўднёвай частцы Старога горада, непадалёк ад Вострай брамы і размешчанага на процілеглым боку вуліцы Свята-Духава манастыра. Адрас: вуліца Вастрабрамская, 7б (Аўшрас Варту — ).

Ансамбль утвараюць царква Святой Тройцы, масіўная чатырохвугольная званіца, два манастырскія будынкі ў некалькі карпусоў і пышная барочная брама з двума арачнымі праездамі. Два карпусы былога мужчынскага манастыра з праездам у агароджы і будынка з усходняга боку, якія не адносяцца да ансамбля, атачаюць вялікі двор мужчынскага манастыра, у цэнтры якога стаіць храм, а ў паўночным баку — званіца. Будынак былога жаночага манастыра размешчаны ў паўночнай частцы ансамбля, яго карпусы ўтвараюць два меншыя двары, а адзін з карпусоў сваімі сценамі выходзіць на вуліцу Вастрабрамскую. На вуліцу выходзіць брама, размешчаныя ў паўночна-ўсходняй частцы ансамбля. За брамай знаходзіцца невялікі дворык трапецападобнай формы, праз які вядзе шлях да ўезду ў двор мужчынскага манастыра.

Ансамбль пачаў фарміравацца напачатку XVI стагоддзя і ў цэлым склаўся ў XIX стагоддзі. Заснаваныя як праваслаўныя, храм і манастыр у 1608—1827 гадах належалі ўніяцкаму Базыльянскаму ордэну (па іншых звестках, базыльяне былі выгнаны ў 1821 годзе).

Гісторыя

Паводле падання, праваслаўны храм з’явіўся ў дубовым гаі ў XIV стагоддзі на месцы смерці трох віленскіх мучанікаў — Антонія, Іаана і Яўстафія. На гэтым месцы збіраліся для малітвы хрысціяне і пабудавалі капліцу. Пры садзейнічанні другой жонкі вялікага князя Альгерда — Ульяны, на месцы капліцы пабудавана царква ў імя Святой Тройцы, у якую перанесены целы мучанікаў.

Да пачатку XVI стагоддзя драўляная Траецкая царква прыйшла ў заняпад і ўяўляла сабой разваліны. Вялікі князь Жыгімонт Стары за заслугі вялікага гетмана літоўскага князя Канстанціна Астрожскага і перамогу ў бітве пад Оршай дазволіў яму пабудаваць у Вільні дзве каменныя цэрквы, у тым ліку Свята-Траецкую. Пабудаваная ў 1514 годзе царква па форме была гатычнай, з контрфорсамі, высокім дахам і трохвугольным франтонам. Адначасова на сродкі Канстанціна Астрожскага ўзведзены і будынак манастыра. Побач з храмам пабудавана высокая васьмівугольная званіца.

Манастыр пры Траецкай царкве дзейнічаў ужо прынамсі з XV стагоддзя. Будынкі манастыра неаднаразова перабудоўваліся. У манастыры атрымалі выхаванне выдатныя царкоўныя дзеячы: мітрапаліт Кіеўскі Макарый — свяшчэннамучанік, які пацярпеў ад татараў ; Іона II, полацкі архіепіскап і пасля літоўскі мітрапаліт; літоўскі мітрапаліт Сільвестр Белькевіч і іншыя. Манастыр як першая ў Вільні хрысціянская абшчына карыстаўся асобымі прывілеямі. Пасля падзелу Рускай мітраполіі на Кіеўскую і Маскоўскую манастыр падпарадкоўваўся сусветным патрыярхам, а яго настаяцелі ўзводзіліся ў сан мітрапаліта.

З 1584 года пры Свята-Троіцкім манастыры дзейнічала , якое аб’ядноўвала праваслаўных жыхароў горада розных саслоўяў для абароны і распаўсюджання праваслаўя. Пры кляштары каля 1585 года былі заснаваны духоўнае вучылішча, якое склала канкурэнцыю езуіцкай калегіі, і друкарня. У друкарні ў 1596 годзе быў аддрукаваны першая ўсходнеславянская Азбука з Лексісам «Наука ку читаню и розуменю писма словенского: ту тыж о святой Тройци, и о въчловеченіи Господни» Лаўрэнція Зізанія. Наведаўшы ў 1588 годзе Вільню, канстанцінопальскі патрыярх Ерамія блаславіў праваслаўнае брацтва.

У канцы XVI ці напачатку XVII стагоддзя ўнутраныя сцены царквы былі атынкаваны і распісаны.

Базыльянскі манастыр і царква Пасля Берасцейскія уніі па загаду караля Жыгімонта III манастыр у 1608 годзе быў перададзены ўніяцкім манахам базыльянам. Праваслаўнае брацтва, вучылішча і друкарня перайшлі ў Свята-Духаў манастыр. Туды ж былі перанесены мошчы віленскіх мучанікаў.

У 1622 годзе Астафій Корсак-Галубіцкі прыбудаваў да паўночнага фасада галоўнага корпуса царквы капліцу Святога Лукі. У 1628 годзе на сродкі пісара земскага Яна Календы да паўднёвага фасада, па левы бок ад уваходу ў храм, была прыбудавана капліца Узвіжання Святога Крыжа. Ян Календа ў капліцы стварыў алтар, а пад ім склеп для сябе і сваіх нашчадкаў, для чаго ахвяраваў на вечнае памінанне 3000 злотых і свой дом у Вільні на Сярэйкішках.

У 1628 годзе да базыльян перайшла былая друкарня братоў Мамонічаў. У базыльянскай друкарні ў XVII—XVIII стст. было аддрукавана каля двухсот кніг на розных мовах, у тым ліку і на літоўскай (да 1839 года было надрукавана 51 літоўская кніга). Падчас паўстання Якуба Ясінскага ў манастырскай друкарні друкаваліся заклікі паўстанцаў. У 1839 годзе друкарня была ліквідавана.

Каля 1670 года царква рамантавалася. Манастыр і царква пацярпелі ў 1706 годзе пры моцным пажары, які знішчыў большую частку горада. У адноўленай царкве апроч галоўнага алтара было створана шэсць новых — алтар Святога Крыжа, Святога Васіля Вялікага, Маці Божай, Іасафата Кунцэвіча, Святога Мікалая і Святога Ануфрыя. Перад галоўным алтаром быў створаны здымны іканастас, каб яго можна было зняць, калі ў святочныя дні запрашалася служыць рымска-каталіцкае духавенства. Пасля пажараў 1706 і 1728 гадоў аднаўляўся купал храма.

У капліцы па правы бок ад уваходу ў багатым мармуровым саркафагу быў пахаваны будаўнік Януш Скумін Тышкевіч са сваёй жонкай Барбарай, народжанай Нарушэвіч. Пра гэта сведчыць надпіс на пліце ў сцяне. Януш Тышкевіч быў дбайным распаўсюджвальнікам уніі і абаронцам базыльянскага ордэна, апекаваўся над манастыром і пры жыцці прыгатаваў у Траецкай царкве склеп для свайго пахавання і пабудаваў над ім капліцу Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы. Пасля яго смерці ў 1747 годзе ён разам з жонкай і сынам быў урачыста пахаваны ў гэтай капліцы. Яго дачка Яўгенія-Кацярына, якая ажанілася з вялікім канюшым каронным Карыбут-Вішнявецкім, адпісала манастыру 15000 польскіх злотых з тым, каб штодня адпраўлялася памінальная абедня.

Будынак манастыра і храма перабудоўваліся пасля пажараў 1748 і 1760 гадоў. У 1761 годзе была праведзена барочная рэканструкцыя храма пад кіраўніцтвам Іагана Крыштафа Глаўбіца. Пасля гэтага архітэктурнае аблічча храма страціла гатычныя рысы і набыла барочныя; па вуглах заходняга і ўсходняга фасадаў былі збудаваны вежкі (захавалася толькі іх пара на ўсходнім фасадзе).

Пры Свята-Троіцкам манастыры з XVI стагоддзя дзейнічаў жаночы манастыр. Манастыр заняў будынак, у 1609 годзе перабудаваны з трох суседніх гатычных дамоў. На сродкі Сапегаў у 1630 годзе будынак быў пашыраны. Пазней да яго былі прыбудаваны два флігелі. Ігуменняй манастыра была дачка Паўла Сапегі Кацярына. Пры жаночым манастыры знаходзілася невялікая бібліятэка з кніг на польскай мове. Жаночая абшчына знаходзілася побач з мужчынскай, ад якой аддзялялася спачатку драўлянай агароджай, затым каменнай сцяной, пабудаванай у 1777 годзе. Памяшканне манашак знаходзілася па правы бок ад уваходу ў Траецкі манастыр. Сваёй царквы ў жаночым манастыры не было, і манашкі хадзілі ў Свята-Траецкую царкву праз веснічкі, прароблены ў першай браме. Манашкам была аддадзена капліца Узвіжання Святога Крыжа, прыбудаваная да царквы па левы бок ад уваходу. У капліцу з жаночага манастыра вяла асобная закрытая галерэя. Каля 1784 года яна была разбурана; у 1792 годзе была пабудавана новая драўляная галерэя праз званіцу, якая вяла ў капліцу Узвіжання Святога Крыжа. Тады ж былі павялічаны вокны царквы.

Храм рамантаваўся ў 1820 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Жазефа Пусье.

Праваслаўныя храм і семінарыя

Каля 1826 года ігумення жаночага манастыра Дамасцэна Важынская адкрыла пры манастыры пансіён для дзяўчын. Навучаннем займаліся манашкі, гувернанткі, а таксама свецкія настаўнікі, якія навучалі выхаванак пансіёну музыцы і танцам.

У 1841 годзе (паводле іншых звестак у 1842 годзе) жаночы манастыр быў скасаваны, яго памяшканні і рухомую маёмасць перайшлі ва ўласнасць Кафедральнага праваслаўнага сабора. У памяшканнях, якія належалі жаночыму манастыру, былі створаны жылыя кватэры.

Траецкі манастыр па прапанове Іосіфа Сямашкі, тады ўніяцкага епіскапа, а пасля праваслаўнага літоўскага мітрапаліта, быў пералічаны ў трэцякласны (па штаце 1842 года яму належалі адзін настаяцель-архімандрыт, пяць іераманахаў, адзін манах і чатыры паслушнікі), а вызваленыя будынкі, якія раней належалі манастыру, былі аддадзены пад праваслаўную духоўную семінарыю.

Семінарыя была пераведзена ў Вільню з мястэчка Жыровічы Гродзенскай губерні ў 1845 годзе. Для прыстасавання будынкаў пад семінарыю па распараджэнні мітрапаліта Іосіфа Сямашкі былі зроблены капітальная пераробка і пабудаваны неабходныя пабудовы. У 1851—1852 гадах рэканструявалася капліца Скуміных (капліца Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы) па праекце архітэктара Міхаіла Прозарава. У ёй была створана царква ў імя Святога Іаана Багаслова.

Генерал-губернатар М. М. Мураўёў, які рупліва сачыў за аднаўленнем у краі старажытных праваслаўных святынь, вылучыў на абсталяванне семінарскіх будынкаў 60 тысяч рублёў. Пры Мураўёве быў нанова перакрыты бляхай дах царквы. У 1867 годзе будынак манастыра рэканструяваўся, пры гэтым разбіраліся сцены, якія раней раздзялялі келлі, каб атрымаліся прасторныя класныя памяшканні. У 1869 годзе манастыр быў канчаткова скасаваны. У другой палове XIX стагоддзя была прыбудавана круглая вежа з паўднёва-заходняга боку манастырскага ансамбля.

Па праекце Мікалая Чагіна ў 1869 годзе былі надбудаваны вежкі галоўнага заходняга фасада, збудаваны новы ўсходні франтон царквы, збудаваны драўляны купал з распісанымі вокнамі (разабраны напачатку XX стагоддзя); будынак набыў рысы архітэктуры гістарызму.

На пілонах, якія падтрымлівалі купал, былі панавешаны абразы святых. Драўляны іканастас Траецкай царквы быў простым, афарбаваным алейнай фарбай і месцамі аздобленым пазалотаю. Абраз Збавіцеля ў царскіх варот была пакрыта масіўнай срэбнай рызай. У царкве меліся абразы пэндзля акадэміка І. Ф. Хруцкага, сына ўніяцкага святара, і абразы Святога Ануфрыя, Святых Апосталаў Пятра і Паўла і іншыя, выкананыя мастаком Ф. Смуглевічам. Абразы былі вывезены ў 1915 годзе, з набліжэннем нямецкіх войскаў да горада, углыб Расіі.

XX стагоддзе

Пасля Першай сусветнай вайны ў 1919 годзе храм быў перададзены каталікам. Некалькі гадоў працягвалася спрэчка аб праве ўласнасці на будынкі манастыра паміж свецкімі польскімі ўладамі і праваслаўнай кансісторыяй. У 1927 годзе па судовым рашэнні будынкі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы. Аднак частка будынка былога базыльянскага манастыра ўладамі была пакінута за праваслаўнай духоўнай семінарыі.

У іншай частцы з 1919 гады размяшчаліся Беларуская гімназія, беларускі сірочы прытулак, Беларускае навуковае таварыства; з 1921 года таксама беларускі Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча. У 1939 годзе Беларускае навуковае таварыства было ліквідавана, музей працягваў дзейнічаць да 1943 года, калі па патрабаванні нямецкіх улад памяшканне было вызвалена для шпіталя, а экспанаты вывезены ў памяшканні аддзялення вытанчаных мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя побач з касцёлам Святой Ганны.

У 1940 годзе храм быў зачынены. У 1946—1960 гадах манастырскія будынкі займаў Віленскі педагагічны інстытут, у 1964—1969 гадах тут працаваў Віленскі філіял Ковенскага політэхнічнага інстытута. З 1969 года будынкі царквы і манастыра належалі Віленскаму інжынерна-будаўнічаму інстытуту.

У 1991 годзе храм быў перададзены грэка-каталіцкай абшчыне. З тых часоў у храме вядзецца рамонт. У 1994 годзе царква адышла да манахаў базыльянаў. Манахі займаюць таксама невялікую частку памяшканняў былога манастыра. Часткай памяшканняў карыстаўся Віленскі тэхнічны ўніверсітэт імя Гядзімінаса. З 2008 года ў частцы будынкаў манастыра размяшчаецца гатэль і рэстаран «У базыльян» ().

Келля Конрада