Мары́я Я́мант, у шлюбе Дмахоўская (; ), у расійскай традыцыі Марыя Мацвееўна Ямант — удзельніца паўстання 1863—1864 гадоў, нарачоная Канстанціна Каліноўскага. Сястра Юзафа Яманта і Людвікі Ямант.
Біяграфія З роду Ямантаў. Дачка надворнага саветніка Мацея Яманта і Схаластыкі з Макрыцкіх. Мела чатырох братоў (сярод іх Юзаф Ямант — паплечнік Каліноўскага) і трох сясцёр (Людвіку, Гелену, Схаластыку). Бацька меў вышэйшую юрыдычную адукацыю, узначальваў адміністрацыю маёнткаў князя Пятра Сайн-Вітгенштэйна.
Атрымала добрую дамашнюю адукацыю, скончыла прыватны пансіён, ведала некалькі моў, мела глыбокія веды ў гісторыі і літаратуры. Уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні. Вучылася ў вядомага педагога Аляксандра Здановіча.
У 1861 годзе праз брата Юзафа пазнаёмілася ў Вільні з кіраўніком нацыянальнага паўстання Канстанцінам Каліноўскім. На мяжы 1861—1862 гадоў адбыліся іх заручаны. Пазней Каліноўскі напіша ёй з-пад варты вядомы верш «Марыська чарнабрэва, галубка мая».
З чэрвеня 1863 года на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы ў Вільні знаходзілася адна з галоўных канспіратыўных явак Канстанціна Каліноўскага і нелегальная друкарня, дзе сакратаром быў яе брат Юзаф.
На пачатку 1864 года Марыя арыштавана і зняволена ў былым віленскім кляштары місіянераў, пасля чаго саслана разам з роднымі ў Табольск.
Каля 1874 года вярнулася з Сібіры і пасялілася ў Варшаве, пазней узяла шлюбам з былым паўстанцам Войцехам Дмахоўскім, сынам Казіміра Юстынавіча і пляменнікам вядомага мастака і ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Генрыха Дмахоўскага. Пахавана на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве.
Звязаныя факты Дзякуючы цётцы Марыі Ямант — Ядвізе Макрыцкай, Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы». Месца пахавання Марыі Ямант працяглы час было малавядомым, для шырокай вядомасці яго знайшла арганізацыя «Беларуская нацыянальная памяць» 6 лютага 2008 года.
Крыніцы
Спасылкі Віктар Шукеловіч. МАРЫЯ І КАНСТАНЦІН. Новы Час № 11 (40), 2004 г.; «Марыська, чарнаброва, галубка мая…», блог арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць», 7 люты 2008.
Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Марыя Мацвееўна