Чэрск (, ) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Дамачаўскага сельсавета. Размешчаны за 56 км на поўдзень ад Брэста, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Дубіца, на аўтадарозе Дамачава — Дубок, на ўсходзе — рака Капаеўка (прыток Заходняга Буга), на захадзе меліярацыйныя каналы.

У складзе адкрытага акцыянернага таварыства «Брэстрайаграсэрвіс» (цэнтр — гарадскі пасёлак Дамачава).

Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI стагоддзя як шляхецкая ўласнасць у складзе Берасцейскага староства Берасцейскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1700 годзе пабудавана праваслаўная царква.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. Вёска і аднайменны фальварак уваходзілі ў маёнтак Дамачава, якім валодалі князі Вітгенштэйны.

У 1863 годзе падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання ў чэрскіх лясах адбыліся баявыя дзеянні паўстанцкага атрада Станкевіча з карнымі расійскімі падраздзяленнямі. У выніку двухгадзіннага бою паўстанцы вымушаны былі адступіць, страціўшы 11 чалавек забітымі, 17 былі ўзяты ў палон, а тыя, хто застаўся жывымі, уліліся ў атрад Казіміра Нарбута і працягвалі барацьбу.

У 1870 годзе вёска — цэнтр сельскай грамады, фальварак — уласнасць князя Вітгенштэйна. У 1886 годзе дзейнічала царкоўна-прыходская школа, капліца, піваварня і бровар, саладоўня. У 1897 годзе ў вёсцы быў хлебазапасны магазін, ветраны млын і карчма. Непадалёку ад вёскі размяшчаўся маёнтак (3 двары, 25 жыхароў).

У 1905 годзе вёска і фальварак у Дамачаўскай воласці Брэсцкага павета. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, у Дамачаўскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.

З 1939 года ў складзе БССР. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр Чэрскага сельсавета. У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі 35 двароў, загубілі 25 жыхароў; 20 вяскоўцаў загінулі на фронце, 1 — у партызанах. 18 снежня 1972 года Чэрскі сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Дамачаўскага пассаветаРашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 18 снежня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1973, № 4 (1378)..

Насельніцтва 38 двароў, 395 жыхароў (1886) 89 двароў, 538 жыхароў (1897) 610 жыхароў (1905) 64 двары, 311 жыхароў (1921) 135 двароў, 520 жыхароў (1940) 539 жыхароў (1959) 569 жыхароў (1970) 139 гаспадарак, 250 жыхароў (1997) 76 гаспадарак, 190 жыхароў (2005)

Інфраструктура Пачатковая школа Фельчарска-акушэрскі пункт Аддзяленне сувязі Сельская бібліятэка

Памятныя мясціны

Брацкая магіла (1944) — .

Славутасці Міхайлаўская царква са званіцай (1701), вул. Цэнтральная, 37 (інв. № 100/С-53454) — . Прысядзібны парк пры былым фальварку Стаміроўскіх (XVIII стагоддзе).

Страчаная спадчына Сядзібны дом. Спалены ў канцы Вялікай Айчыннай вайны партызанамі.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Дамачаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Брэсцкага раёна