Пру́сія () — гістарычная назва шэрагу раёнаў ва ўсходняй і цэнтральнай Еўропе, а менавіта: Населены аднайменным народам (прусы) рэгіён на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора, у Сярэднявеччы заваяваны тэўтонскімі рыцарамі. Пазней гэты рэгіён стаў звацца Усходняй Прусіяй. Герцагства (з 1525), курфюрства (з 1618, пад уладай нямецкай дынастыі Гогенцолернаў). Уключала ўласна (Усходнюю) Прусію, а таксама Брандэнбург. Сталіца размяшчалася спачатку ў Кёнігсбергу, а пасля Трыццацігадовай вайны — у Берліне. Каралеўства (з 1701). Тэрытарыяльнае ўтварэнне («вольная дзяржава») у рамках Веймарскай рэспублікі, узніклае пасля падзення Гогенцолернаў у 1918 годзе, якое ўключала большую частку былога каралеўства. У 1947 годзе як тэрытарыяльнае ўтварэнне Прусія была ліквідавана па рашэнні саюзнікаў у рамках паваеннай перабудовы Еўропы.
Гісторыя
V—XIII стагоддзі Да XIII стагоддзя тэрыторыю Усходняй Прусіі засялялі прусы. Яны з’яўляліся аднымі з прамых пераемнікаў культуры шнуравай керамікі (III—II тыс. да н.э.), якая займала амаль усю кантынентальную Еўропу, акрамя Міжземнамор’я і Поўначы, — у тым ліку сучасную Цэнтральную Расію. Іх вылучэнне ў асобны народ з групы роднасных плямёнаў адносяць да V—VI стагоддзяў. Пры гэтым характэрныя рысы ўласна прускае культуры прасочваюцца з пачатку нашае эры. Першыя паселішчы ўласна прусаў паўсталі на ўзбярэжжы цяперашняга Калінінградскага заліва. Затым, аж да IX стагоддзя, прусы мігравалі на захад, да ніжняга цячэння Віслы.
У XIII ст. гэта тэрыторыя была захоплена Тэўтонскім ордэнам.
Тэўтонскі ордэн (1224—1525)
У 1226 годзе польскі князь Конрад I Мазавецкі звярнуўся па дапамогу ў барацьбе супраць прусаў да тэўтонскіх рыцараў, паабяцаўшы ім валоданне гарадамі Кульм і Добрынь, а таксама захаванне за імі захопленых тэрыторый. У 1232 годзе тэўтонскія рыцары прыбылі ў Польшчу. Заваяванне прусаў і яцвягаў, пачатае ў 1233, завяршылася ў 1283; два вялікія паўстанні прускіх плямёнаў (1242—1249 і 1260—1274) былі жорстка задушаны. У 1237 да Тэўтонскага ордэна далучыліся рэшткі Ордэна мечаносцаў, які пацярпеў незадоўга да таго паражэнне ад ліцвінаў. У выніку гэтага аб’яднання ўтварылася аддзяленне Тэўтонскага ордэна ў Інфлянтах і Курляндыі — Лівонскі ордэн. Пасля падначалення Прусіі пачаліся рэгулярныя паходы супраць паганскай Літвы. У 1308—1309 Тэўтонскі ордэн захапіў у Польшчы Усходняе Памор’е з Гданьскам. У 1346 дацкі кароль Вальдэмар IV саступіў ордэну Эстляндыю. У 1380—1398 ордэн падпарадкаваў Жамойць, аб’яднаўшы такім чынам свае ўладанні ў Прусіі і Лівоніі, у 1398 захапіў востраў Готланд, у 1402 набыў Новую марку.
Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна прывяла да ўсталявання дынастычнага саюза паміж Польшчай і Літвой (Крэўская унія, 1385). У Вялікай вайне 1409—1411 гадоў Тэўтонскі ордэн зазнаў паражэнне пры Грунвальдзе ад аб’яднаных сіл Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Па Торунскім міры 1411 года ён, адмовіўшыся ад Жамойці і польскай Добжынскай землі, выплаціў кантрыбуцыю. З гэтага паражэння пачынаецца заход Ордэна.
Пацярпеўшы паражэнне ў Трынаццацігадовай вайне (1454—1466), Тэўтонскі ордэн пазбавіўся Гданьскага Памор’я, Торуні, Марыенбурга, Эльблонга, біскупства Варміі і стаў васалам Польскага каралеўства. Рэзідэнцыя вялікага магістра была перанесена ў Кёнігсберг. Лівонскі ордэн фактычна стаў самастойным.
Герцагства Прусія (1525—1618)
У 1525 годзе вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Альбрэхт Брандэнбургскі (Гогенцолерн) перайшоў у пратэстантызм і па радзе Марціна Лютэра секулярызаваў землі Тэўтонскага ордэна ў Прусіі, ператварыў іх у свецкае герцагства, змешчанае ў леннай залежнасці ад Польшчы.
Альбрэхт таксама рэфарміраваў усю дзяржаўную сістэму. Ствараліся новыя ўрадавыя ўстановы. У 1544 годзе ў Кёнігсбергу ўтвораны ўніверсітэт, уладкованы на ўзор іншых нямецкіх універсітэтаў. Рэформы Альбрэхта адыгралі значную ролю ў развіцці Прусіі, спрыялі яе эканамічнаму і культурнаму развіццю. Памёр Альбрэхт 20 сакавіка 1568 года на 78-м годзе жыцця ў замку Тапіяў (Гвардзейск).
Пасля яго смерці сітуацыя ў Прусіі зноў ускладнілася. Яго псіхічна хворы сын, Альбрэхт Фрэдэрык, практычна не прымаў удзелу ў кіраванні герцагствам. З 1578 года Прусіяй сталі кіраваць рэгенты з іншай галіны той жа нямецкай дынастыі Гогенцолернаў. У Альбрэхта Фрэдэрыка не было сыноў. Курфюрст Брандэнбурга Іаяхім Фрыдрых жэніць свайго сына Яна (Іахана) Жыгімонта з Ганнай Прускай, дачкой Альбрэхта, у надзеі ўсталяваць дынастычную пераемнасць і пасля яго смерці далучыць землі Прусіі да Брандэнбурга. Хаця сойм забараніў Іяхіму Фрыдрыху прыязджаць у Каралявец, але ён дабіўся мэты, паслядоўна дыпламатычна і фінансава падтрымліваў Жыгімонта Вазу ў яго войнах са Швецыяй і Масквой. У 1618 годзе Альбрэхт Фрэдэрык памірае і прускае герцагства пераходзіць да курфюрста Брандэнбурга Яна Жыгімонта.
Курфюрства Брандэнбург-Прусія (1618—1701)
Улада Брандэнбургскіх курфюрстаў у далучаных землях Прусіі была даволі хісткае. Па-першае, Прусія працягвала знаходзіцца ў леннай залежнасці ад Польшчы, па-другое, Польшча сама жадала валодаць гэтымі тэрыторыямі, марачы далучыць Прусію да каронных зямель у выглядзе ваяводства. Брандэнбург жа тым часам моцна пакутаваў ад распачатае Трыццацігадовай вайны і не мог праводзіць актыўную палітыку па замацаванні за сабой нованабытых зямель.
Значнае ўзмацненне Брандэнбургска-Прускай дзяржавы адбылося пры кіраванні Фрыдрыха Вільгельма I. Яго палітыка спрыяла прытоку імігрантаў у разбураны вайной Брандэнбург і спрыяла яго хуткаму аднаўленню. З мэтай знішчэння леннай залежнасці Прусіі ад Польшчы і дасягнення яе суверэнітэту курфюрст прыняў удзел у шведска-польскай вайне 1655—1661 гадоў. Перамога над палякамі ў трохдзённай бітве пад Варшаваю, здабытая пры дапамозе брандэнбургскіх войскаў, значна ўзмацніла пазіцыі курфюрста. 20 лістапада 1656 Карл X склаў з курфюрстам дамову ў Лабіаў, па якой Фрыдрых-Вільгельм атрымліваў поўны суверэнітэт у Прусіі. У адпаведнасці з Вяляўска-Быдгашчскім трактатам 1657 гэты суверэнітэт прызнаецца Рэччу Паспалітай. Зараз на карце Еўропы з’яўляецца новая дзяржава Брандэнбург-Прусія, якая дзякуючы высілкам Фрыдрыха Вільгельма I значна ўзмацняецца і абрастае новымі землямі.
Каралеўства Прусія (1701—1918)
18 студзеня 1701 года ў Кёнігсбергу сын Фрыдрыха Вільгельма курфюрст Брандэнбургскі Фрыдрых III быў каранаваны каралём Прусіі і прыняў тытул Фрыдрыха I, пры гэтым назва Прусія была прысвоена ўсёй Брандэнбургска-Прускай дзяржаве.
Хоць ніякімі асабліва важнымі для дзяржавы падзеямі кіраванне Фрыдрыха I адзначана не было, каралеўскі тытул кіраўніка падняў міжнародны прэстыж Прусіі.
Пасля смерці Фрыдрыха I у 1713 годзе на прускі пасад уступіў Фрыдрых Вільгельм I, празваны Каралём-салдатам. Фрыдрых-Вільгельм I перабудаваў уладныя структуры буйных гарадоў, такіх, як Берлін, Кёнігсберг і Штэтын. Гарады атрымлівалі прызначаных каралём штат-прэзідэнтаў, якія адначасова робяцца старшынямі ваенных і зямельных палатаў у дадзенай правінцыі. У час яго кіравання прускае войска стала наймацнейшым войскам у Еўропе.
З 1740 па 1786 гг. каралём Прусіі быў Фрыдрых II Вялікі. У гэты перыяд Прусія ўдзельнічала ў шматлікіх войнах. Ужо ў 1740 годзе пачынаецца Вайна за аўстрыйскую спадчыну (1740—1748), у выніку якой Прусія захапіла большую частку Сілезіі.
У 1756—1763 гадах Прусія ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне, у якой атрымала перамогу, панёсшы, аднак, вялікія страты. У 1757 і 1759 гадах Прусія пацярпела паражэнне ад расійскіх войскаў у бітве пры Грос-Эгерсдорфе і ў Кунерсдорфскай бітве. У выніку большасць прускіх правінцый былі заняты або рускімі, або аўстрыйцамі. Аднак у 1762 годзе пасля смерці расійскай імператрыцы Лізаветы Пётр III, які прыйшоў да ўлады, заключыў з Фрыдрыхам II перамір’е і вярнуў землі, заваяваныя расійскім войскам. Услед за Расіяй перамір’е было складзена 22 мая 1762 года паміж Прусіяй і Францыяю, а 24 лістапада — перамір’е паміж Прусіяй і Аўстрыяю. У выніку вайны Прусія канчаткова ўвайшла ў круг вядучых еўрапейскіх дзяржаў.
Апошняя вайна, у якой удзельнічала Прусія падчас кіравання Фрыдрыха II, — вайна за баварскую спадчыну 1778—1779 гадоў. Прусія атрымала перамогу, аднак не атрымала ад вайны ніякіх выгад.
Фрыдрых II сканаў у 1786 годзе ў Патсдаме, не пакінуўшы прамога спадчынніка. Яго пераемнікам стаў яго пляменнік Фрыдрых Вільгельм II. Пры ім сістэма кіравання, створаная Фрыдрыхам, стала руйнавацца, і пачаўся заняпад Прусіі. Пры Фрыдрыху Вільгельме II, падчас Вялікай французскай рэвалюцыі Прусія разам з Аўстрыяю склала ядро 1-й антыфранцузскай кааліцыі, аднак пасля шэрагу паразаў была вымушана падпісаць сепаратны Базельскі мір з Францыяю ў 1795 годзе.
У 1797 годзе пасля смерці Фрыдрыха Вільгельма II на пасад уступіў яго сын, Фрыдрых Вільгельм III. Фрыдрых Вільгельм апынуўся слабым і нерашучым кіраўніком. У напалеонаўскіх войнах ён доўгі час не мог вызначыцца, на якім ён боку. Ён абяцаў садзейнічанне Аўстрыі, але нічога не распачаў пасля ўварвання ў гэту краіну Напалеона ў 1805 годзе, спадзеючыся набыць ад Францыі наўзамен за нейтралітэт Прусіі Гановер і іншыя землі на поўначы. 1 кастрычніка 1806 года Прусія прад’явіла Напалеону ўльтыматум, а ўжо 8 кастрычніка 1806 года Напалеон напаў на Прусію. У выніку прускае войска было разгромлена Напалеонам у бітвах пры Ене і Аўэрштэдце. Па Тыльзіцкаму міру 1807 года Прусія страціла каля паловы сваіх тэрыторый. У студзені 1813 года Прусія вызвалена ад напалеонаўскіх войскаў. Па выніках Венскага кангрэса 1814—1815 гадоў Прусіі былі вернуты Рэйнская Прусія, Вестфалія, Познань і частка Саксоніі.
Войны за аб’яднанне Германіі У 1848—1850 і 1864 гадах Прусія сумесна з Германскім саюзам вяла вайну супраць Даніі за ўладанне герцагствамі Шлезвіг і Гольштэйн (гл. Дацка-пруская вайна 1848—1850, Дацкая вайна 1864 года). Па выніках вайны герцагствы былі абвешчаны сумеснымі ўладаннямі Прусіі і Аўстрыі, якая стаяла на чале Германскага саюза.
Імкненне Аўстрыі і Прусіі да аб’яднання ўсіх нямецкіх зямель пад сваёю эгідаю прывяло да пачатку ў 1866 годзе Аўстра-Прускай вайны. Вынікамі гэтай вайны сталі анексія Прусіяй тэрыторый Каралеўства Гановер, Кургесэна, Насау, Шлезвіг-Гольштэйна, Франкфурта-на-Майне. Гэтыя анексіі тэрытарыяльна злучылі рэйнскія правінцыі Прусіі з асноўнай тэрыторыяй каралеўства і ўтварылі Паўночна-Германскі саюз, які аб’яднаў 21 нямецкую дзяржаву.
У 1870—1871 гадах Прусія вяла вайну супраць Францыі, па выніках якой да Паўночна-Германскага саюза былі далучаны паўднёванямецкія землі — Бадэн, Вюртэмберг і Баварыя. 18 студзеня 1871 года, яшчэ да заканчэння вайны, у Версалі міністр-прэзідэнт Прусіі Бісмарк і прускі кароль Вільгельм I абвясцілі пра стварэнне Германскай імперыі.
З гэтай даты пачынаецца гісторыя Прусіі ў складзе адзінай Нямецкай дзяржавы.
У складзе Германіі
Новая імперыя Бісмарка стала адной з самых магутных дзяржаў сярод краін кантынентальнай Еўропы. Панаванне Прусіі ў новай імперыі было амаль гэтак жа абсалютным, як гэта было ў Паўночна-Германскім саюзе. Прусія мела тры пятых плошчы імперыі, і дзве траціны яе насельніцтва. Імператарская карона стала спадчыннай у дынастыі Гогенцолераў.
Аднак карані будучых праблем знаходзіліся ў глыбокіх адрозненнях паміж імперскай і прускай сістэмамі. Імперыя мела сістэму ўсеагульнага і роўнага выбарчага права для ўсіх мужчын, старэйшых за 25 гадоў. У той жа час, Прусія захавала сістэму галасавання з абмежавальнымі трыма класамі, у якой 17,5 % насельніцтва кантралявала ўсе сферы жыцця. Імперскі канцлер быў, за выключэннем двух перыядаў (студзень-лістапад 1873 і 1892—1894 гадоў), таксама прэм’ер-міністрам Прусіі, і гэта азначала, што на працягу большае часткі існавання імперыі каралю/імператару і прэм’ер-міністру/канцлеру прыйшлося шукаць большасці ў выбарчых заканадаўчых органах дзвюх абсалютна розных выбарчых сістэм.