Вячаслаў Іосіфавіч Дашкевіч () — беларускі паэт.
Біяграфія Нарадзіўся 15 красавіка 1941 года ў в. Дзякшняны Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1958) і Ашмянскага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі (1959) два гады працаваў трактарыстам у саўгасе імя Янкі Купалы Маладзечанскага раёна. У 1959 годзе паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на другім курсе перавёўся на стацыянар (скончыў у 1965). Працаваў карэспандэнтам Беларускага радыё (1964—1967), газеты «Физкультурник Белоруссии» (1967—1971), загадчыкам аддзела часопіса «Родная прырода» (1971—1976), старшым рэдактарам Саюза журналістаў БССР (1977—1980), старшым рэдактарам і загадчыкам аддзела на Беларускім тэлебачанні (1980—1986). З 1989 года — навуковы супрацоўнік аддзела міжнацыянальных і міжнародных зносін Інстытута філасофіі і права АН Беларусі.
У друку выступае з 1963 года, з вершамі — з 1974 года. Першая кніга вершаў «Хвіліна чакання» ўвайшла ў калектыўны зборнік «Нашчадкі» (1979). У 1983 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Загадка Атлантыды».
Пераклаў з эстонскай мовы «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ (тэлеп’еса, 1985) і асобныя вершы эстонскіх паэтаў.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з эстонскай мовы Катэгорыя:Беларускае радыё Катэгорыя:Журналісты Беларусі