Слуцкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у канцы XIX — пачатку XX ст. на тэрыторыі, што ўключала г. Слуцк (пераважна мяшчан) і навакольныя вёскі. Яму ўласцівы аднатыпнасць форм адзення, сціпласць арнаментальнага аздаблення, перавага крамных тканін.
Жаночае адзенне left|thumb|250px|Жыхаркі вёскі Лучнікі, апранутыя ў касцюмы слуцкага строю на фатаграфіі Ісака Сербава Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух і гарсэт. Кашулю шылі з каўняром (пры нашэнні прыпадымалі вакол шыі), з рукавамі, сабранымі на каўнерцы. Спадніцу шылі з крамнай шарсцянкі або даматканай клятчастай тканіны светлых вясёлкавых колераў, фартух — з крамнага цёмнага ці белага набіванага паркалю з нашыўкамі шырокіх паскаў карункаў па нізе. Доўгі суцэльны гарсэт цёмна-сінега ці чорнага колеру з аблямоўкай па крыссі меў вялікі, амаль да таліі, выраз, які запаўняўся вертыкальным шляком вышыўкі кашулі і шматлікімі нізкамі пацерак.
Галаўныя ўборы жанчын — вялікія з махрамі набіваныя хусткі, завязаныя ў выглядзе цюрбана.
Мужчынскае адзенне
У мужчынскі гарнітур уваходзіла кашуля з адкладным каўняром, ільняныя або суконныя нагавіцы, у якія запраўлялася кашуля, камізэлька.
Галаўныя ўборы мужчын — саламяныя капелюшы з расшыраным верхам, футраванкі, картузы. Верхняе адзенне мужчын і жанчын значна адрознівалася: жаночую вопратку кроілі па тыпу гарсэта, да якога прыточвалі рукавы (чорныя суконныя курцікі, світы), а мужчыны насілі курты з чорнага ці карычневага сукна, кажухі.
Літаратура
Катэгорыя:Беларускі касцюм Катэгорыя:Гісторыя Слуцка Катэгорыя:Цэнтральная Беларусь Катэгорыя:Адзенне Катэгорыя:Культура Слуцкага раёна Катэгорыя:Гісторыя Слуцкага раёна Катэгорыя:Этнаграфія Беларусі