Радасла́ў Казімі́равіч Астро́ўскі (, фальв. Заполле Слуцкага павета Мінскай губерні, Расійская імперыя — , Бентан-Харбар, Мічыган, ЗША; Псеўданімы: Эра; Kalush V.) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, арганізатар Слуцкай беларускай гімназіі (1917), удзельнік Слуцкага паўстання (1920), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924—1936), у 1943 годзе абраны прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады. Беларускі калабарант з нацыстамі ў часы Другой сусветнай вайны.
Маладосць і рэвалюцыйныя гады
Нарадзіўся 25 кастрычніка 1887 года ў вёсцы Заполле Слуцкага павета Мінскай губерні (сёння Клецкі раён, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь; паводле звестак польскай палітычнай паліцыі 1920-х гадоў, нарадзіўся ў Нясвіжы). Быў сынам нясвіжскіх мяшчан, якім прыходзілася часта мяняць месца пражывання іх сям’і. Вучоба Радаслава пачалася ў 1898 годзе ў Слуцкім духоўным вучылішчы. У лістападзе 1901 года ён пакінуў гэтую ўстанову і са студзеня 1902 года вучыўся ў Слуцкай мужчынскай гімназіі.
За ўдзел у рэвалюцыі 1905—1907 гадоў выключаны са Слуцкай гімназіі. У 1908 годзе паступіў на матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Як удзельнік рэвалюцыйных хваляванняў у лютым 1911 года арыштаваны. Быў зняволены ў турмах Пецярбурга і Пскова. Пасля вызвалення жыў у бацькоў у Пружанскім павеце пад наглядам паліцыі. Аднавіўся ва ўніверсітэце ў сакавіку 1912 года, у студзені 1913 года перавёўся ў Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт і 20 снежня 1913 года скончыў там фізіка-матэматычны факультэтЭстонскі гістарычны архіў. 402.12.63, арк. 141, № 24833..
Працаваў настаўнікам у Чэнстахове (Польшча) і Мінску; у 1915—1917 гадах выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце, з якім яму прыйшлося пасля выбуху вайны эвакуявацца ў Яраслаўль, дзе ўдзельнічаў у таемным аб’яднанні Інстытута «Наш край».
У 1917 годзе вярнуўся ў Слуцк, дзе пасля Лютаўскай рэвалюцыі стаў камісарам Слуцкага павета ад Часовага ўрада. У жніўні яго абралі сябрам прэзідыума Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. У тым самым месяцы ён удзельнічаў у працы скліканай Часовым урадам . Быў арганізатарам і дырэктарам Слуцкай беларускай гімназіі (верасень 1917 года). Неўзабаве гэтая школа была хутка скасавана бальшавікамі, а сам Астроўскі — арыштаваны. Ён быў вызвалены з-пад варты толькі пасля ўмяшання неўстаноўленых беларускіх дзеячаў. Пасля гэтага ён пераехаў у Мінск і далучыўся да руху сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), відавочна схіляючыся да іх правага крыла.
Выступаў супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі. У той жа час з’яўляецца сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады і ўдзельнічае ў яе канферэнцыях і з’ездах. У снежні 1917 года становіцца дэлегатам Першага Усебеларускага з’езда. Выступаў у прэсе за ідэю незалежнасці Беларусі. У лютым 1918 года ўвайшоў у першы склад Беларускага нацыянальнага камітэта ў Слуцку, які адразу ж стаў на бок Рады і Урада Беларускай Народнай Рэспублікі.
Падчас нямецкай акупацыі Астроўскі перапыніў усе кантакты з эсэрамі і разам з Паўлам Аляксюком актыўна шукаў шляхі супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі. 9 ліпеня 1918 года Рада Рэспублікі зацвердзіла яго на пасадах таварыша (намесніка) старшыні Народнага сакратарыята і народнага сакратара асветы пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта.
З прыходам бальшавікоў Астроўскі ў снежні 1918 года падаўся ва Украіну, далучыўся да расійскай Добраахвотнай арміі генерала Антона Дзянікіна. У снежні 1920 года вярнуўся на Случчыну. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 года. Увосень 1920 года падчас палескага паходу генерала Станіслава Булак-Балаховіча, разам з Паўлам Аляксюком, бацькам ды сынам Адамовічамі, увайшоў у склад Беларускага палітычнага камітэта. Калі 16 лістапада 1920 года, пасля ўзяцця Мазыра, камітэт быў пераўтвораны ва ўрад БНР (пад кіраўніцтвам Вячаслава Адамовіча), Астроўскаму прапанавалі пасаду міністра асветы. Аднак ён не паспеў дабрацца да Мазыра, бо армія Булак-Балаховіча пад ціскам бальшавікоў была вымушана адступіць на польскую тэрыторыю.
Пасля паражэння Слуцкага паўстання ён апынуўся ў Польшчы. У лістападзе 1920 года працаваў у Брэсце ў «Амерыканскім камітэце дапамогі дзецям», імкнучыся трымацца далей ад палітыкі.
У Заходняй Беларусі З 1921 года знаходзіўся ў Вільні, Заходняя Беларусь. У пачатку 1920-х гадоў працаваў у Польска-амерыканскім камітэце дапамогі дзецям. Беларускі нацыянальны клуб у Вільні неаднаразова спрабаваў пераканаць Астроўскага балатавацца на выбарах у польскі Сойм, але безвынікова. У лістападзе 1923 года ён нарэшце паддаўся настойлівым угаворам ксяндза Адама Станкевіча і з 1 студзеня 1924 года афіцыйна заняў пасаду дырэктара Віленскай беларускай гімназіі, якой кіраваў з перапынкамі да 1936 года.
Яго прызначэнне было вельмі варожа ўспрынята былымі палітычнымі паплечнікамі ў Мінску. Паводле рапартаў польскай палітычнай паліцыі за 1924 год, Астроўскі ў гэты час характарызаваўся як «чалавек умераных поглядаў», які падтрымліваў ідэю незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, але катэгарычна не хацеў мець нічога агульнага з бальшавікамі. Польскія агенты адзначалі яго выключную адданасць справе беларускай адукацыі, асцярожнасць, здаровы сэнс і непрыязнасць да палітычных інтрыг. У гэты перыяд паліцыя лічыла яго цалкам лаяльным да польскай дзяржавы і адносіла да так званай «прымірэнчай» фракцыі беларускага руху.
У другой палове 1920-х гадоў рэзка змяніў свой палітычны курс. У лютым 1924 года стаў адным з закладчыкаў праўрадавага Польска-беларускага таварыства, а пасля яго распаду — супрацоўнік КП(б)Б і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі. З 1925 па 1926 гады быў намеснікам старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускага дабрачыннага таварыства і дырэктар Беларускага кааператыўнага банку ў Вільні, праз які праходзілі з СССР грошы, прызначаныя на падтрымку дзейнасці БСРГ. У 1926 годзе становіцца членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У студзені 1927 года арыштаваны і абвінавачаны па працэсе Грамады.
У астрозе знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Дзеля вызвалення Астроўскага яго жонка даводзіла інстанцыям, што, выйшаўшы на волю, яе муж будзе супрацоўнічаць з адміністрацыйнымі ўладамі. Пасля выхаду на волю мяняе палітычны курс і робіцца арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928—1936). У 1929 годзе Астроўскі быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага прафесійнага настаўніцкага саюза і адным з заснавальнікаў Цэнтрсаюза ў 1930 годзе. У тым жа годзе стаў дырэктарам новаадкрытай Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі імя Багушэвіча. У 1931 годзе апублікаваў у часопісе «Беларуская думка» даклад «Беларуская справа высоўваецца на парадак дзённы польскім грамадзянствам». Пад псеўданімам «Эра» друкаваўся ў беларускіх кнігах-календарах, газетах «Наперад!» і «Родны край» (1933—1936).
На судовым працэсе супраць Грамады апраўданы, але палітыка польскіх уладаў адносна беларускага насельніцтва пагаршаецца разам са згортваннем беларусізацыі ў БССР. У 1934 годзе закрываецца Цэнтрсаюз. Адносіны Астроўскага з многімі дзеячамі заходнебеларускага нацыянальнага руху значна пагаршаюцца і ў маі 1934 — снежні 1935 гадоў яны праводзяць над ім грамадскі суд. Антон Луцкевіч, Уладзімір Самойла і былы старшыня Цэнтрсаюза Антон Трэпка вінавацілі яго ў дэмаралізацыі моладзі і адвольным распараджэнні фондамі. У 1936 годзе ўлады закрываюць Таварыства беларускай школы, у 1937 годзе — Настаўніцкі саюз. Астроўскі вымушаны пакінуць Вільню і пераехаць у Лодзь.
3 чэрвеня 1937 года Галоўнае ўпраўленне ў справах літаратуры і выдавецтваў (Галоўліт) Беларускай ССР выдала Загад № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Радаслава Астроўскага прадугледжвалася «спальваць».
Падчас Другой сусветнай вайны З пачаткам Другой сусветнай вайны актыўна супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Увосень 1941 года прыехаў у Мінск, працаваў у цывільнай адміністрацыі; пасля быў бургамістрам у Смаленску, Бранску, Магілёве. Са снежня 1943 года прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), стварэнне якой было дазволена немцамі, якія пачалі цярпець паразы на ўсходнім фронце, і спадзяваліся набыць сімпатыі беларусаў, каб потым мабілізаваць іх супраць Чырвонай Арміі; адзін з галоўных арганізатараў у чэрвені 1944 года Другога Усебеларускага кангрэса.
Астроўскі і яго паплечнікі падтрымлівалі генацыд яўрэйскага насельніцтва, але прымалі адносна мінімальны ўдзел у ажыццяўленні масавых забойстваў.Efraim Zuroff: Occupation, Nazi-hunter: the continuing search for the perpetrators of the Holocaust. KTAV, 1994, p. 40.
Эміграцыя і апошнія гады жыцця Пасля вайны — палітычны дзеяч у эміграцыі, жыў у Заходняй Германіі на вуліцы Фольксгартэнштрасэ 1 у Лангенфельдзеhttp://www.foia.cia.gov/sites/default/files/document_conversions/1705143/OSTROWSKY%2C%20RADISLAW_0012.pdf , з 1956 года ў Саўт-Рыверы ў ЗША. Уваходзіў у кіраўніцтва Антыбальшавіцкага блока народаў. Кіраўнік і ідэолаг «бэцээраўскай» плыні беларускай эміграцыі, лічыў БЦР легітымным беларускім урадам у выгнанні і адмаўляў такі статус у Рады БНР.
Памёр 17 кастрычніка 1976 года ў Бентан-Харбар, Мічыган.Магільны камень надпіс Пахаваны на могілках Св. Еўфрасінні ў Саўт-Рыверы.
Сям’я Меў двух дзяцей: Віктара і Галіну.
Творы Fragments from the history of Byelorussia (to 1700): material for historical research and study of the subject. London: Byelorussian Central Council, 1961. 102 p. (як V. Kalush) In the service of the people for a free Byelorussia: biographical notes on Professor Radoslav Ostrowski. London: Abjednańnie, 1964. 92 p.
Літаратура АСТРОЎСКІ Радаслаў Казіміравіч // Соловьев А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн., 1995.
Спасылкі
АСТРОЎСКІ Радаслаў Казіміравіч Лаўрэш Леанід. Астраномія ў Лукішскай турме. Некалькі крэсак жа біяграфіі Радаслава Астроўскага // Наша Слова. № 48 (1459), 27 лістапада 2019. // на pawet.net Да ўгодкаў Беларускай цэнтральнай рады
Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Клецкім раёне Катэгорыя:Члены Беларускай цэнтральнай рады Катэгорыя:Выпускнікі Слуцкай гімназіі Катэгорыя:Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда Катэгорыя:Удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса Катэгорыя:Члены Беларускай народнай самапомачы Катэгорыя:Члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі