Астравы Лау (фідж. Lau) — група з 57 астравоў на ўсходзе архіпелага Фіджы. Уваходзяць у склад дзяржавы Фіджы. Агульная плошча - 487 км². Насельніцтва (2007 г.) - 10 683 чал.

Геаграфія Астравы Лау месцяцца на ўсходзе мора Кора. Маюць вулканічнае паходжанне. Частка сушы сфарміравана вапнякамі — рэшткамі арганічных ападкаў на марскім дне, пазней узнятымі вулканічнай дзейнасцю. Большасць астравоў атачаюць каралавыя рыфы. Найбуйнейшы востраў Лакемба займае ўсяго 59,5 км², але пры гэтым з'яўляецца дзесятым па плошчы ў краіне.

Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая дзённая тэмпература вагаецца ад 23 °C да 28 °C. Найбольш спякотны месяц — студзень, найбольш прахалодны — ліпень.

Гісторыя і культура Астравы Лау здаўна з'яўляліся месцам кантактаў фіджыйцаў з палінезійцамі, асабліва з танганцамі, якія карысталіся паслугамі мясцовых суднабудаўнікоў. Выхадцы з Тонга часам перасяляліся на Лау. Генетычныя даследаванні сведчаць, што тубыльцы Лау бліжэй да палінезійцаў, чым да астатніх фіджыйцаўDiana A. Taylor, Mitochondrial DNA variation in the Fijian Archipelago, хаця захоўваюць фіджыйскую мову і культуру. У 1774 г. астравы былі адкрыты брытанскім мараплаўцам Джэймсам Кукам.

У першай палове XIX ст. Лау былі падзелены паміж трыма родамі правадыроў фіджыйска-танганскага паходжання. Важную ролю ў аб'яднанні астравоў адыгралі еўрапейскія місіянеры, якія распачалі на астравах сваю дзейнасць з 1830 г. Яны арыентаваліся на выхадцаў з Тонга, паколькі тыя прынялі хрысціянства раней, чым фіджыйцы. У 1848 г. астравы Лау захапіў і аб'яднаў танганскі правадыр Ма'афу. У 1855 г. ён абвясціў сябе манархам, роўным знакамітаму фіджыйскаму ўладару Такамбау. У 1866 г. астравы Лау выйшлі з агульнафіджыйскай канфедэрацыі правадыроў тавата. Ма'афу стварыў усходнефіджыйскую канфедэрацыю і такім чынам ператварыўся найбольш уплывовай асобай у Фіджы. Аднак у 1871 г. ён адмовіўся стаць каралём Фіджы на карысць Такамбау.

У 1874 г. астравы Лау былі далучаны да каланіяльных валоданняў Вялікабрытаніі. У 1970 г. сталі часткай незалежнай дзяржавы Фіджы. Нашчадкі Ма'афу захавалі свае тытулы і адыгрываюць значную ролю ў палітычным жыцці краіны.

Эканоміка У нашы дні толькі трэць астравоў Лау населена. Дрэнныя транспартныя сувязі паміж астравамі і Сувай перашкаджаюць развіццю эканомікі. Галоўны занятак мясцовых жыхароў — сельская гаспадарка. Тут вырошчваюць какосавую пальму, клубневыя культуры, камерцыйны характар мае вытворчасць копры.

Спасылкі Lau Group THE CULTURE HISTORY OF THE LAU ISLANDS, FIJI Lau Islands Travel Guide Lau Group Geology Map Fiji does it

Лау Лау Лау