Авесты́йская мова (раней вядомая таксама як старажытнабактры́йская або зе́ндская) — адна з моў усходняе падгрупы іранскай групы індаіранскай галіны індаеўрапейскай сям'і моў, вядомая як мова Авесты — літургічных помнікаў зараастрызму — ад якой мова і атрымала сучасна вядомую назву. Як лічыцца, арэал выкарыстання мовы ахопліваў прынамсі такія старажытныя рэгіёны як Сістан (Арахозія), Герат, Мерв і Бактрыя. Яская культура — археалагічная культура на поўдні сучаснага Туркменістана перыяду 1500—1100 гг. да н.э., часта атаясамліваецца з ранняй культурай усходнеіранскіх народаў, апісаных у Авесце.

Статус авестыйскай мовы як мовы набажэнстваў забяспечыў мове трывалае выкарыстанне на доўгі час пасля яе вымірання. Гэтая акалічнасць, а таксама шэраг лінгвістычных прычын дазваляе параўнаць мову з ведыйскай мовай — найстарэйшай з індаарыйскіх моў, якія захаваліся дагэтуль.

Класіфікацыя Іранская група індаіранскай галіны моў звычайна падзяляецца ў лінгвістыцы на дзве падгрупы — усходне- і заходнеіранскую. Авестыйская мова традыцыйна адносіцца да ўсходняе падгрупы іранскай групы, але некаторымі іншымі даследчыкамі падобны варыянт класіфікацыі аспрэчваецца з прычыны развіцця адрозненняў між усходне- і захдонеіранскімі мовамі ўжо пасля існавання авестыйскай мовы.

Адначасова з гэтым, авестыйская мова не адлюстроўвае тыповыя (паўднёва-)заходнеіранскія інавацыі, ужо прысутныя на той момант у старажытнаперсідскай, таму ў гэтым разуменні аднясенне авестыйскай да ўсходнеіранскіх моў азначае толькі яе класіфікацыю як не-заходнеіранскай. У сваю чаргу, авестыйская мова гістарычна развіла шэраг уласных інавацый, напрыклад, шыпячае вымаўленне ў назоўніку aša, супрацьпастаўленае першапачатковаму , якое захавалася ў старажытнаперсідскай і санскрыце (arta і rta адпаведна). Іншыя лінгвісты мяркуюць, што авестыйская мова, будучы роднаснай са старажытнаперсідскай, якая належыць да (паўднёва-)заходнеіранскіх моў, складае з гэтаю мовай т.зв. старажытнаіранскую групу. Аднак на карысць уваходжання авестыйскай мовы ў склад усходнеіранскай падгрупы прыводзяцца такія аргументы як геаграфічная ўстаноўка Авесты; сувязь эпічных матываў Авесты з усходнеіранскай эпічнай традыцыяй; традыцыя парсаў, што звязвае выступленні Заратустры; некаторыя асаблівасці мовы Авесты, што звязваюць яе з усходнеіранскімі мовамі — сагдыйскай, харэзмійскай.

Між тым, авестыйская мова блізкароднасная старажытнаперсідскай і, у некаторай ступені, таксама ведыйскай мове. Выказваюцца тэорыі, што мова магла быць блізкай дыялектам, якія пазней леглі ў аснову мовы пушту.

Гісторыя Час існавання старажытнаіранскага дыялекту, які паслужыў асновай для авестыйскай мовы, прыблізна адзначаецца перыядам другой палавіны II тыс. — першай палавіны I тыс. да н.э.

Перыяд існавання авестыйскай мовы прынята ўмоўна падзяляць на два этапы — стара- і раннеавестыйскую мовы. Раннеавестыйская мова не з'яўляецца вынікам эвалюцыі стараавестыйскай мовы, паколькі два храналагічныя этапы адрозніваюцца не толькі часам уласнага існавання, але маюць таксама дыялектныя адрозненні; пры гэтым кожны авестыйскі тэкст, незалежна ад яго прыналежнасці да таго ці іншага храналагічнага этапу мовы, зведваў уласныя змены.

Ужо у канцы IV — у пачатку VI стст. авестыйская мова была мёртвай і выкарыстоўвалася толькі як мова богаслужэнняў, але ў гэтай мове выкарыстоўваецца дагэтуль — парсамі ў Індыі і гебрамі ў Іране.

Пісьменнасць У III або IV стст. н.э. была распрацавана ўласная сістэма запісу авестыйскай мовы, дагэтуль мова перадавалася выключна вусным шляхам у літургічных мэтах. Тым не менш, першая спроба пісьмовай фіксацыі, ажыццёўленая каля 100 г. да н.э., зроблена адным з алфавітаў на арамейскай аснове, у якім не было сімвалаў для галосных, а сімвалы для зычных маглі перадаваць некалькі гукаў. Гэты тэкст не захаваўся да цяперашняга часу, шматлікія даследчыкі ўвогуле адмаўляюць яго існаванне. Пры Сасанідах адбылася наступная кадыфікацыя Авесты, яна скончылася ў канцы IV — пачатку VI стст. н.э.

Авестыйскае пісьмо мела 53 сімвалы, якія запісваліся справа-налева. Сярод гэтых сімвалаў каля трыццаці з'яўляліся, за кошт дадання разнастайных знакаў, варыяцыямі трынаццаці графем пісьма пехлеві, якія вядомыя з зараастрыйскіх тэкстаў перыяду пасля існавання Сасанідскай імперыі. Гэтыя сімвалы, як і знакі пісьменнасці пехлеві, заснаваныя на сімвалах арамейскага пісьма. Тым не менш, некаторыя іншыя сімвалы, напрыклад знакі для галосных фанем, паходзілі з іншых сістэм пісьменнасці, у асноўным з грэчаскай. Некаторыя іншыя сімвалы, у прыватнасці знакі прыпынку, былі ўласным вынаходніцтвам мовы. Акрамя таго, у авестыйскай пісьменнасці змяшчаўся сімвал, які не меў уласнага гукавага адпаведніка — сімвал для зычнага , але гэты сімвал выкарыстоўваўся для запісу тэкстаў на пазендзе (адзін з відаў пісьменнасці для запісу зараастрыйскіх тэкстаў).

Авестыйскае пісьмо засноўвалася на алфавітным прынцыпе; вялікая колькасць пісьмовых помнікаў сведчыць на карысць таго, што ўладкаванне пісьма ажыццяўлялася так, каб перадаваць вусныя тэксты з вялікай ступенню фанетычнай дакладнасці. Правільнае вымаўленне рэлігійных тэкстаў Авесты дагэтуль лічыцца важным фактарам правядзення богаслужэнняў і пад. Вялікая колькасць графем і іх спалучэнняў тлумачылася неабходнасцю адлюстравання розных пазіцыйных варыянтаў тых ці іншых фанем.

Зараастрыйскія супольнасці Індыі (найбуйнейшыя грамады прадстаўнікоў гэтай рэлігіі з тых, што захаваліся ў свеце) таксама выкарыстоўваюць для перадачы тэкстаў пісьменнасці на аснове старажытнага індыйскага пісьма брахмі. Пачатак развіцця падобных сістэм запісу прыпадае на перыяд каля XII ст. і адзначаецца такімі помнікамі як Нер'ясанг Дхавал і іншымі творамі тагачасных багасловаў; гэтыя рукапісы з'яўляюцца сучаснікамі захаваных пісьмовых помнікаў авестыйскім пісьмом. На сённяшні час авестыйская мова часцей за ўсё запісваецца пісьмом гуджараці, між іншым, гуджараці з'яўляецца традыцыйнай мовай індыйскіх зараастрыйцаў. Некаторыя авестыйскія літары, што не маюць адпаведнага сімвала, утвараюцца шляхам дадання дыякрытычных знакаў: напрыклад, у слове zaraϑuštra запісваецца як сімвал для з даданнем кропкі ўнізе.

Лінгвістычная характарыстыка

Фанетыка, фаналогія Для фанетыкі авестыйскай мовы ўласцівае захаванне звонкіх шыпячых зычных і прысутнасць серыі фрыкатываў у адрозненне ад серыі прыдыхальных у іншых іранскіх мовах. У гэтым артыкуле фанетыка мовы апісваецца на ўзоры транслітарацыі авестыйскай пісьменнасці.

Галосныя:

a ā ə ə̄ e ē o ō å ą i ī u ū

Ніжэй прадстаўлены спіс авестыйскіх галосных, размеркаваных паводле іх месца артыкуляцыі. Справа — указанне гука паводле IPA, злева — адпаведны сімвал для гэтага гука ў авестыйскай пісьменнасці, транслітараваны лацінскім алфавітам.

Тып Пярэднягарада Сярэднягарада Заднягарада кароткія доўгія кароткія доўгія кароткія доўгія Верхнягапад'ёму i ī u ū Сярэднягапад'ёму e ē ə ə̄ o ō Ніжнягапад'ёму a ā å Насавыяą

Падоўжаныя галосныя былі неістотнымі для сэнсаадрознення, ē, ə̄, ō з'яўляліся толькі варыянтамі фанем.

Зычныя:

k g γ x xʷ č ǰ t d δ ϑ t̰ p b β f ŋ ŋʷ ṇ ń n m y w r s z š ṣ̌ ž h

Плаўныя y і w на ўзор арфаграфіі авестыйскага пісьма часта транскрыбуюцца як ii і uu адпаведна.

Ніжэй прадстаўлена табліца авестыйскіх зычных, размеркаваных паводле іх месца артыкуляцыі. Справа — указанне гука паводле IPA, злева — сімвал авестыйскага пісьма для гэтага гука, транслітараваны на лацінскі алфавіт.

Тып Лабіяльныя Зубныя Альвеалярныя Постальвеалярныяабо палатальныя Велярныя Лабіявелярныя Глатальныя Насавыя m n ń ŋ ŋʷ Выбухныя p b t d č ǰ k g Фрыкатывы f β ϑ δ s z š ž x γ xʷ h Апраксіманты y w Дрыжачыя r

Часам мяркуецца, што ў стараавестыйскай мове і з'яўляліся алафонамі , адпаведна.

З праіндаіранскага *-rt- у авестыйскай мове развілася шыпячая š, але яго рэалізацыя і фаналагічны статус як адной ці дзвюх фанем застаецца нявысветленым; умовы, пры якіх адбыўся гэты пераход, таксама застаюцца кепска акрэсленымі. Напрыклад, у раннеавестыйскай раўназначна існавалі як ərəta/arəta, якое было вытворным ад aša, альбо, прыкладам, arəti і aši, aməša («бессмяротны») і marəta («смяротны»). У некаторых выпадках падобныя змены адбываліся толькі ў раннеавестыйскай: напрыклад, ранн. pəšūm, але pərətūm (Гаты). Абодва словы з'яўляюцца формамі вінавальнага склону назоўніка «мост», але ў раннеавестыйскай зноў паўстае ў назоўным склоне. Некаторымі мовазнаўцамі лічыцца, што š не несла ўласнай гукавай нагрузкі і ўяўляла сабою толькі адзін са спосабаў перадачы . Іншыя пункты гледжання прапаноўваюць версіі, паводле якіх š з'яўлялася вынікам няправільнага прачытання з няпэўнай гукавай нагрузкай, але імаверна прадстаўляла глухі r. Выказваліся меркаванні, што š прадстаўляла ўласную фанему, для якой Г. Мілер увёў сімвал /Ř/, што, згодна з гіпотэзай, вызначаў (параўн. з глухім алафонам чэшскага ř). На думку Г. Мілера, -rt- аднаўлялася на пісьме, калі між і існавала мяжа марфем, і аўтар тэксту пра яе ведаў.

Дыфтонгі:

У авестыйскай мове існаваў шэраг дыфтонгаў. сустракаўся пераважна ў адкрытым складзе, ,  — у закрытым.

Склад:

У мове колькасна пераважалі адкрытыя склады. У асноўным сустракаліся склады тыпу V, CV, радзей — CCV, дзе C — зычны, V — галосны. Адкрытыя склады гэтак жа частыя ў канцы слова, як і ў яго сярэдзіне. Закрытыя склады сустракаюцца ў любой пазіцыі.

Марфаналагічныя чаргаванні:

Колькасныя чаргаванні ў выглядзе гістарычнага чаргавання фанем (агаласоўкі) выступаюць адным з дадатковых сродкаў іменнага і дзеяслоўнага словаўтварэння і словазмянення (у атэматычных парадыгмах як імені, так і дзеяслова). Чаргаванне існуе ў каранёвым складзе (калі аснова каранёвая) і ў суфіксальным (калі аснова вытворная).

Існуе тры ступені чаргавання: слабая (або нулявая), гуна (або поўная ці сярэдняя), урыдгі (або доўгая, узмоцненая). Кожнаму класу граматычных форм прадпісваецца тая ці іншая ступень чаргавання. Гістарычна поўная ступень чаргавання існавала толькі ў націскной пазіцыі, слабая, адпаведна — у ненаціскной.

Прасодыя:

Авестыйскае пісьмо не пакінула нейкіх пазначэнняў адносна тону. Аднак след меркаваць, што мова найбольш старажытных частак Авесты мела тон. Напрыклад, у тэкстах Гатаў некаторыя доўгія склады лічацца ў метры за два склады, будучы за тымі, якія ў старыя часы мелі цыркумфлексны тон. У далейшым, імаверна, адбывалася абмежаванне месца тону, неўзабаве ён знік на карысць сілавога націску.

Тыпалагічная характарыстыка Тып выражэння граматычных значэнняў і характар мяжы між марфемамі:

Паводле тыпу выражэння граматычных значэнняў авестыйская мова адносіцца да сінтэтычных моў. Граматычныя значэнні выражаюцца з дапамогай флексій (у тым ліку ўнутраных у іменным скланенні, што сталі вынікам пераўтварэння ступеней агаласовак у атэматычных формах). Парадак следавання марфем з'яўляецца фіксаваным.

zəm-eзямля-SG.LOC на зямлі pus-amвянок-SG.ACC bandaya-taзавязаць.thematic-3.SG.Impf.Med завязала сабе вянок

У авестыйскай мове прысутнічае семантычная фузія: катэгорыя ліку (адзіночны, парны, множны) выражаецца ў імёнаў кумулятыўна з родам і склонам, а ў асабістых формах дзеясловаў — з станавым і віда-часавымі значэннямі.

Тып маркіравання:

Як і ў прэдыкацыі, так і ў іменнай групе маркіраванне залежнаснае.

Іменная група

puϑr-aсын-SG.NOM ahur-aheАгур-SG.GEN сын Агура

Прэдыкацыя

| ārmaiti-šАрмаці-SG.NOM|| ' mainy-ūдух-SG.INSTR|| pərəsa-iteгутарыць.thematic-3SG.Praes.Med|- | Армаці з духам гутарыць

У дзеяслове выражаецца асоба дзейніка, што, тым не менш, не з'яўляецца дастатковай падставай казаць пра двайное маркіраванне ў прэдыкацыі.

Тып ролевай кадзіроўкі:

Авестыйская мова — мова намінатыўнага ладу. Склонам граматычнага суб'екта (дзейніка) з'яўляецца намінатыў, прамога дапаўнення — акузатыў:

kərəsasp-ōКрсасп-SG.NOM ǰana-tзабіць.thematic-3SG.Impf.Act snaviδk-əmСнавідка-SG.ACC Крсасп забіў Снавідку hāuён. NOM xšaya-taваладарыць.thematic-3.SG.Perf.Act paitiу būm-īmзямля-SG.ACC ён валадарыў на зямлі y-ōякі [каторы]-SG.NOM nōitNEG pasčaē-taспаць.athematic-3.SG.Perf.Act які не спаў

Базавы парадак слоў: