Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Вейна Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка.
Гісторыя Па адных дадзеных, пабудавана ў 2-й палове XVIII стагоддзя з цэглы. Паводле іншых крыніц, узведзена ў 1-й палове XIX стагоддзя. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Архітэктура
Помнік архітэктуры класіцызму. Цэнтрычны будынак у плане блізкі да квадрата са скругленымі вугламі. У яго кампазіцыі дамінуе сферычны купал на круглым светлавым барабане. Вуглавыя часткі галоўнага фасада завершаны круглымі вежамі. Фасады раскрапаваны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па восях рызалітаў размешчаны вялікія нішы з лучковымі архівольтамі. У нішах з заходу і поўдня — уваходы, аздобленыя паўкалонамі і стральчатымі люкарнамі ў архівольтах. Пры галоўным уваходзе — вялікі драўляны прытвор.
Інтэр’ер
У інтэр'еры 4 магутныя слупы і перакінутыя цераз іх аркі трымаюць барабан і вылучаюць 8 бакавых больш нізкіх прасторавых частак, перакрытых скляпеннямі складанай канфігурацыі. У дэкоры фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму. Паміж вокнамі барабана ў медальёнах размешчаны выявы 4 евангелістаў, ніжэй, у рамных абрамленнях, — 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Фрэскавай размалёўкай пакрыты скляпенні, бакавыя сцены алтара і сяродкрыжжа.
Літаратура
— С. 110
Беларускі праваслаўны каляндар, 1997. — Мн., 1996. — С. 113. — С. 287 Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Магілёўскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Вейна (Магілёўскі раён) Катэгорыя:Храмы Магілёўскай і Мсціслаўскай епархіі