Касцёл і калегіум езуітаў — сакральны комплекс у в. Юравічы (Калінкавіцкі раён). Размешчаны ў цэнтры вёскі, на беразе Прыпяці. Касцёл захаваўся часткова, не дзейнічае. Помнік архітэктуры позняга барока.

Гісторыя

У другой палове XVII ст. у Юравічах з’явіліся езуіты, з іх дзейнасцю звязваюць з’яўленне цудоўнага абраза Маці Божай і ўзвядзенне сакральнага комплексу. 8 верасня 1673 года асвечана капліца, куды ўрачыста ўнеслі цудоўны абраз.

Комплекс пабудаваны ў 1726—1746 гадах на месцы драўлянага кляштара, узведзенага ў другой палове XVII ст. У 1756 годзе адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 годзе ў калегіум. У 1820 годзе, пасля ліквідацыі ордэна езуітаў, кляштар перададзены мазырскім бернардзінцам.

Пасля задушэння паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады зачынілі Юравіцкі кляштар, аднак у 1841 годзеАляксандр Ярашэвіч. Пакуты Юравіцкага касцёла // «Наша Вера» № 2 (24), 2003. будынкі вярнулі каталікам.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў, у лістападзе 1864 года, зноў закрыты і ў 1865 годзе перабудаваны паводле праваслаўных канонаў: захоўвалася форма купалаў франтальных веж, над дахам прапаноўвалася ўзняць дзевяць макавак і купал над алтарнай часткай, змяняўся абрыс аконных праёмаў. Работы ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам губернскага архітэктара Сяргея Іванова, аўтара першага праекта. Унутры касцёла галоўны алтар быў закрыты іканастасам, восем бакавых алтароў выратаваў ад разбурэння мясцовы архірэй.

У 1958 годзе па загадзе мясцовага старшыні калгаса храм пачалі разбіраць на цэглу.

З 1990-х гадоў — дзеючы праваслаўны жаночы манастыр у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. З 2006 года — дзеючы праваслаўны мужчынскі манастыр. Станам на 2024 год вядзецца аднаўленне комплексу Беларускім экзархатам Маскоўскага патрыярхату.

Архітэктура

Комплекс уключае касцёл і корпус калегіума, аб’яднаныя ў адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Размешчаныя на высокім узгорку, за высокай мураванай агароджай з уязной брамай (захаваліся паўднёвая і заходняя сцены), абкружаны пладовым садам. Па вуглах агароджы і абапал брамы круглыя ў плане вежы з байніцамі.

Касцёл

Касцёл уяўляе сабой трохнефную мураваную базіліку з выцягнутай паўкруглай алтарнай апсідай і дзвюхвежавым галоўным фасадам, які падзелены на тры ярусы развітымі антаблементамі, расчлянёны вязкамі пілястраў, крапаваны франтонамі. Разнастайныя нішы і вокны аздобленыя складанымі профілямі і лепкай. Бакавыя сцены расчлянёныя спаранымі лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Абапал алтара — двухпавярховыя сакрысціі. Да паўночнай сакрысціі прылягае дзвюхсветлавы калідор, які вядзе ў будынак калегіума. Пад касцёлам размешчанаяя крыпта.

Калегіум

Корпус калегіума — двухпавярховы П-падобны ў плане будынак. Яго сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя падкрэсленая дзвюма трох’яруснымі вежамі на вуглах дваровага фасада. Сцены рытмічна расчлянёныя пілястрамі, аконныя праёмы маюць фігурныя абрамленні. Планіроўка галерэйная з вялікай залай у цэнтры. Перакрыцці абодвух паверхаў скляпеністыя.

Літаратура «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993

Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 160. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Юравічы (Калінкавіцкі раён) Катэгорыя:Езуіцкія калегіумы Катэгорыя:Езуіцкія кляштары Беларусі Катэгорыя:Бернардзінскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Колішнія касцёлы Гомельскай вобласці Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Калінкавіцкага раёна Катэгорыя:Праваслаўныя манастыры Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:З’явіліся ў 1746 годзе Катэгорыя:1746 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Тураўскай і Мазырскай епархіі