Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у аг. Даўгінава (Вілейскі раён). Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.

Гісторыя

Пабудаваная ў другой палове XIX ст. (да 1886 г.) з цэглы.

Архітэктура

Храм чатырохчасткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб'ём з прыдзеламі, апсіда. Прыдзелы і апсіда вырашаныя паўратондамі. Двух'ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудаваная над прытворам і завершаная цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны васьмігранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам і цыбулепадобнай галоўкай. Грані барабану і званіцы маюць кілепадобныя завяршэнні. Галоўны і бакавыя ўваходы вылучаныя двухслуповымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Фасады прарэзаныя адзінарнымі і падвойнымі арачнымі вокнамі ў плоскіх ліштвах, дэкарыраваныя паясамі парэбрыка і зубцоў, лапаткамі.

Інтэр'ер

Унутраная прастора храму перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі, сферычным купалам на ветразях у сяродкрыжжы, конхамі ў апсідзе і прыдзелах, расчыненых у залу шырокімі арачнымі прасветамі. Апсіда аддзеленая драўляным пазалочаным іканастасам.

Літаратура

Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі

Катэгорыя:Храмы Маладзечанскай епархіі Катэгорыя:Даўгінава Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Вілейскага раёна