Касцёл Святога Тадэвуша — каталіцкі храм, помнік архітэктуры позняга барока і пераходнага перыяду да класіцызму. Пабудаваны ў 1766—1776 гадах у вёсцы Лучай (Пастаўскі раён) па фундацыі Эльжбеты Пузыны і Тадэвуша Агінскага. Адзін з самых выбітных помнікаў ілюзорнага манументальнага жывапісу (квадратуры) на тэрыторыі Беларусі.

Гісторыя Касцёл быў зафундаваны ў 1766 годзе Эльжбетай Пузынай (у дзявоцтве Агінскай) для мясцовай місіі езуітаў, аднак дабудаваны ў 1776 годзе ўжо на сродкі яе брата, Тадэвуша Агінскага, уладальніка Лучая. Падчас будовы (у 1773 годзе) ордэн езуітаў быў скасаваны Папам Рымскім, таму лучайскі касцёл лічыцца адным з апошніх помнікаў езуіцкай архітэктуры ў Беларусі. У 1777 годзе будынак быў асвечаны ў гонар патрона заснавальніка — апостала Юды Тадэвуша, і стаў парафіяльным. Асвяціў касцёл беларускі суфраган біскуп Фелікс Тавянскі.

Першапачаткова касцёл быў пабудаваны ў стылі позняга барока, у першай палове ХІХ стагоддзя яго фасад быў крыху перабудаваны ў модным тады класіцыстычным стылі.

Застаецца адкрытым пытанне асобы архітэктара. Паводле мастацтвазнаўца Мар’яна Марэлёўскага, найбольшае стылістычнае падабенства лучайскага касцёла назіраецца з «Белай залай» Віленскай абсерваторыі, якую спраектаваў Тамаш Жаброўскі (выкладчык матэматыкі ў Віленскай акадэміі), а даводзіў да ладу італьянец Карла Спампані (выкладчык архітэктуры ў той жа акадэміі). Менавіта італьянскі архітэктар і разглядаецца як найбольш верагодная кандыдатура стваральніка касцёла Святога ТадэвушаMorelowski Marian. Zarysy sztuki wileńskiej. ― Wilno, 1939. S. 293..

Да 1972 года ў касцёле захоўваліся партрэты фундатараў Антонія Пузыны і Эльжбеты Пузыны, якія потым перадалі ў Полацкі краязнаўчы музей. Зараз партрэт Эльжбеты Пузыны экспануецца ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Яшчэ два партрэты (Эльжбеты і Антонія Пузыны) з Полацка перадалі ў Віцебск, зараз яны знаходзяцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

19 снежня 1821 года на дзень Святога Валерыя ў касцёле браў шлюб з Валерыяй Ваньковіч знакаміты вучоны і мецэнат Канстанцін Тызенгаўз.

У 1911 годзе група жывапісцаў — выпускнікоў Варшаўскай школы прыгожых мастацтваў на чале з яе дырэктарам, вядомым мастаком Казімірам Стаброўскім — адрамантавала і часткова адрэстаўравала ўнікальныя ілюзіяністычныя насценныя роспісы касцёла.

Храм моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны. У 1946 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі і ператвораны ў склад, а ў 1971 годзе — у майстроўню (паводле іншых звестак, служыў гаражом для трактароў). Нягледзячы на варварскае выкарыстанне, значная частка фрэсак ацалела. У 1985 годзе па ініцыятыве дырэктара калгаса імя Суворава Алега Валодзькі распачалося аднаўленне святыні. 16 мая 1990 года храм вярнулі каталіцкай супольнасці.

15 чэрвеня 2008 года біскуп Уладзіслаў Блін адкрыў і благаславіў перад касцёлам помнік Папы Бенедыкта XVI. Ён быў створаны па ініцыятыве пробашча парафіі кс. Мікалая Ліпскага скульптарам Львом Аганавым. У 2016 годзе ўрачыста адзначалася 250-годдзе з дня заснавання касцёла.

Архітэктура

Мураваная трохнефная двухвежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Галоўны фасад фланкіруюць трох’ярусныя вежы, раскрапаваныя кутнімі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваныя). Пры перабудове ў XIX стагоддзі вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Галоўны фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваныя пілястрамі. Па ўсім перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордара.

Інтэр'ер і манументальны жывапіс Інтэр’ер касцёла Святога Тадэвуша вырашаны ў надзвычай насычанай мастацкай і архітэктурнай пластыцы. У цэнтральным нефе скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі, у бакавых — крыжовыя, над сяродкрыжжам узвышаецца сферычны купал.

Галоўнай каштоўнасцю інтэр'ера з'яўляюцца яго манументальныя насценныя роспісы, выкананыя ў тэхніцы квадратуры і грызайлі ў канцы XVIII стагоддзя. Лучайскі касцёл — адзін з нешматлікіх храмаў Беларусі, дзе ў такім аб'ёме захаваўся ілюзіяністычны жывапіс езуіцкай школы. Стварэнне гэтых роспісаў звязваюць з дзейнасцю таленавітага мастака-манументаліста Казіміра Анташэўскага, які працаваў тут у 1783—1795 гадах пасля заканчэння прац у Будславе.

Мастак шмат у чым абапіраўся на знакаміты трактат італьянскага езуіта Андрэа Поца «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (1693—1700), выкарыстоўваючы яго схемы для пабудовы ілюзорнай прасторы. Аснова і ветразі купала, тарцовыя сцены трансептаў і конха апсіды запоўненыя складанымі ілюзорна-перспектыўнымі кампазіцыямі, якія імітуюць архітэктурны працяг будынка ўгару, утвараючы «адкрытае неба» з выявамі евангелістаў, святых і анёлаў. У распалубках цэнтральнага нефа размешчаны чатыры размаляваныя васьмігранныя плафончыкі.

Асаблівасцю дэкору Лучая з'яўляецца актыўнае выкарыстанне тэхнікі трамплёй у ніжніх ярусах: сцены бакавых нефаў і нішы ўпрыгожаны выявамі каланад, якія візуальна «праломліваюць» сцяну і ствараюць эфект глыбокай галерэі, імітуючы класічны архітэктурны рэльеф.

Першапачаткова ў касцёле існавалі і аптычныя (ілюзорныя) алтары, намаляваныя непасрэдна на сценах. Згодна з візітацыйнымі актамі пачатку XIX стагоддзя, у храме было тры такія алтары, аднак да нашага часу яны не захаваліся або былі заменены ў працэсе пазнейшых рамонтаў.

Размяшчэнне і характар роспісаў сведчаць аб тым, што лучайскі касцёл задумваўся як theatrum sacrum («свяшчэнны тэатр»), дзе жывапіс, архітэктура і літургія аб'ядноўваліся для дасягнення максімальнага эмацыйнага ўздзеяння на вернікаў.

Крыніцы

Літаратура

Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. — ISBN 985-04-0499-X, с. 168—170.

Michalczyk, Zbigniew. Kazimierz Antoszewski i grupa barokowo-klasycystycznych malowideł ściennych na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego, „Biuletyn Historii Sztuki”, 73: 2011, nr 3-4, s. 479-530.

Спасылкі

Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Пастаўскага раёна Катэгорыя:Лучай Катэгорыя:З’явіліся ў 1776 годзе Катэгорыя:1776 год у Беларусі Катэгорыя:Помнікі архітэктуры барока Беларусі Катэгорыя:Езуіцкія касцёлы Беларусі