А́фрыка — другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету, адзіны кантынент, які знаходзіцца ва ўсіх чатырох паўшар'ях Зямлі. Плошча 29,2 млн км², з астравамі 30,3 млн км², займае 20,3 % сушы ці 5,9 % ад агульнай паверхні планеты. Крайнія пункты: на поўначы мыс Эль-Аб'яд, на поўдні мыс Ігольны (Агульяс), на захадзе мыс Альмады, на ўсходзе мыс Хафун. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, на ўсходзе — Індыйскім акіянам і Чырвоным морам. Берагі пераважна просталінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі.

Гісторыя даследавання

Паўночныя берагі Афрыкі былі досыць добра вядомыя народам Старажытнай Грэцыі і Фінікіі. Звесткі аб прыродзе і насельніцтве кантынента назапашваліся і пераходзілі ад егіпцян і фінікійцаў да грэкаў і рымлян, ад арабаў да еўрапейцаў.

Для еўрапейскай геаграфіі сапраўдныя даследаванні Афрыкі звязаныя з эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. У пачатку XV ст. партугальскімі мараплаўцамі, якія шукалі марскі шлях у Індыю, быў пракладзены шлях уздоўж заходніх берагоў мацерыка і знойдзены выхад у Індыйскі акіян. У 1497—1498 гг. караван суднаў пад кіраўніцтвам Васка да Гамы на шляху ў Індыю абмінуў кантынент і выйшаў з Атлантычнага акіяна ў Індыйскі. Такім чынам быў завершаны пошук марскога шляху з Еўропы ў Індыю. З XVI ст. еўрапейскія гандляры пачалі вывозіць рабоў у Амерыку.

У канцы XVIII і пачатку XIX ст. узмоцненую цікавасць да даследавання Афрыкі сталі праяўляць еўрапейскія краіны. Розныя мэты вялі вандроўнікаў у дарогу — ваенна-стратэгічныя, навуковыя і каланіяльныя. Сярод даследчыкаў Афрыкі найбольш вядомыя брытанскі падарожнік Д. Лівінгстан (1813—1873), шатландзец М. Парк (1771—1806), немец Г. Барт (1821—1865), амерыканец Г. Стэнлі (1841—1904) і інш. Яны вывучалі ўнутраныя вобласці мацерыка, пранікаючы туды па рэках, шукалі іх вытокі, апісвалі азёры, прыроду і насельніцтва кантынента.

Геаграфія

Экватар перасякае Афрыку амаль пасярэдзіне, таму амаль увесь мацярык ляжыць паміж тропікамі. Вялікая частка Афрыкі размешчаная ў экватарыяльным, субэкватарыяльных і трапічных кліматычных паясах, толькі паўночныя і паўднёвыя яго ўскраіны заходзяць у субтрапічны пояс. Пачатковы мерыдыян праходзіць праз заходнюю частку Афрыкі. Асаблівасцю канфігурацыі мацерыка з’яўляецца пашыраная яго паўночная частка (працягласцю з захаду на ўсход на 7500 км) і звужаная амаль у 2 разы паўднёвая частка. Кантынент абмываецца водамі Атлантычнага і Індыйскага акіянаў і іх морамі, ад Еўропы аддзелены Гібралтарскім пралівам. Сухапутная сувязь Афрыкі з Еўразіяй была парушаная пабудаваным у 1869 Суэцкім каналам. Берагавая лінія парэзаная слаба. Даўжыня берагавой лініі — 24 000 км. Вылучаюцца буйны паўвостраў Самалі і вялікі Гвінейскі заліў. Блізу Афрыкі размешчаны востраў Мадагаскар і мноства архіпелагаў — Канарскі, Зялёнага Мыса і інш.

Будова паверхні Будова паверхні мацерыка даволі аднастайная. Пераважаюць раўніны і пласкагор'і вышынёй ад 200 да 1000 м, нізін мала. Найболей шырокія пласкагор'і — Усходне-Афрыканскае і Паўднёва-Афрыканскае. Прыпаднятыя ўчасткі чаргуюцца з катлавінамі, найбольш шырокія з якіх — катлавіна Калахары, ўпадзіна Конга і інш. Найвышэйшы пункт — вулкан Кіліманджара (5895 м), самы нізкі — возера Асаль (-150 м). Сярэдняя вышыня — 600 м над узроўнем мора. thumb|right|250px|Вулкан Кіліманджара Асаблівасці рэльефу звязаныя з гісторыяй развіцця мацерыка. У аснове кантынента ляжыць старажытная Афрыкана-Аравійская платформа — частка расколатай Гандваны. Платформа сфарміравалася ў археі і пратэразоі і за 2—3 млрд гадоў набыла вялікую ўстойлівасць. Толькі Атласкія горы на поўначы і Капскія на поўдні былі створаныя пазнейшымі рухамі зямной кары. Велізарная Афрыканская груда была ўзнімалася і апускалася, пры гэтым паўночная частка мацерыка часцей апускалася, чым падымалася, залівалася морамі. Крышталічны падмурак платформы перакрыты асадкавымі пародамі і толькі ў цэнтры Сахары і на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва выходзіць на паверхню. Рэльеф Усходняй і Паўднёвай Афрыкі фарміраваўся інакш — пераважалі ўзняцці зямной кары, утвараліся гіганцкія разломы, горсты і грабены. Актыўна развівалася вулканічная дзейнасць. Тут шмат лававых раўнін, грабены занятыя азёрамі. Вывяржэнні вулканаў, землетрасенні адбываюцца і ў нашы дні. У паласе рыфтаў размяшчаюцца вулканы, у тым ліку вулкан Кіліманджара.

Нетры Афрыкі багатыя мінеральнымі рэсурсамі. Размяшчэнне радовішчаў цесна звязана з геалагічнай гісторыяй і тэктанічнай будовай. Усходняя і Паўднёвая («высокая») Афрыка, дзе на паверхні пераважаюць магматычныя крышталічныя і метамарфічныя пароды, вядомая рудамі чорных і каляровых, высакародных і рэдкіх металаў. Радовішчы дыяментаў прымеркаваныя да кімберлітавых вулканічных трубак у нетрах платформы. У тоўшчах асадкавых парод Паўночнай і Заходняй Афрыкі назапасіліся запасы фасфарытаў, нафты і прыроднага газу (вобласць Сахарскай пліты), кухоннай солі, каменнага вугалю (Нігерыя). Нафту і газ здабываюць не толькі на сушы, але і на шэльфе Атлантычнага акіяна. У Паўднёвай Афрыцы значныя запасы каменнага вугалю, медных, уранавых руд.

Клімат Афрыка — самы гарачы мацярык планеты. На большай яе частцы сярэдняя тэмпература любога месяца вышэй +20 °С, што тлумачыцца размяшчэннем большай часткі мацерыка паміж тропікамі, дзе сонца на працягу года стаіць высока над гарызонтам, а два разы ў год бывае ў зеніце. Сезоны года больш адрозніваюцца паміж сабой па ўмовах увільгатнення. Асаблівасці клімату вызначаюцца цыркуляцыяй паветраных мас, ад якой шмат у чым залежыць колькасць ападкаў і рэжым іх выпадзення. Над экватарыяльнай часткай мацерыка фарміруецца пояс нізкага ціску, а ў трапічных шыротах — паясы высокага ціску. Гэтыя паясы перамяшчаюцца ўслед за зенітным становішчам Сонца і абумоўліваюць рух над мацерыком экватарыяльных, трапічных і ўмераных паветраных мас. Амаль увесь кантынент знаходзіцца пад дзеяннем пастаянных вятроў — пасатаў. Паўночна-ўсходнія пасаты, што прыходзяць з сушы, амаль не прыносяць вільгаці, а паўднёва-ўсходнія нясуць яе з Індыйскага акіяна. У субтрапічных шыротах у зімнія месяцы ападкі выпадаюць з умераных паветраных мас, у якіх пануе заходні перанос паветра з Атлантычнага акіяна. На размеркаванне ападкаў уплывае і рэльеф. Стромкія і высокія берагі кантынента замінаюць пранікненню вільготных вятроў з акіяна ў глыб мацярыка. На наветраных схілах гор ападкаў выпадае больш. На Эфіопскім нагор'і, на схілах гары Камерун іх колькасць дасягае 10 000 мм у год. Самыя сухія вобласці размешчаныя не толькі ўсярэдзіне мацерыка, але і ў яго прыакіянскіх частках. Так, заходняе ўзбярэжжа мацерыка ў трапічных шыротах абмываецца халоднымі цячэннямі. Паветра над імі робіцца халаднейшае, чым у верхніх слаях, таму яго канвекцыя ўскладняецца. Акрамя расы і туманаў ападкаў тут амаль няма. На мацерыку вылучаюць экватарыяльны, два субэкватарыальныя, два трапічныя і два субтрапічныя кліматычныя паясы. Усярэдзіне некаторых з іх існуюць адрозненні, якія вызначаюцца колькасцю ападкаў і іх рэжымам.

Гідраграфія thumb|right|250px|Ніл у Егіпце Размеркаванне ўнутраных вод цесна звязана з рэльефам і кліматам. Прыкладна 1/3 частка кантынента адносіцца да абласцей унутранага сцёку, бо велізарныя тэрыторыі мацерыка атрымліваюць мала ападкаў.

Там, дзе ападкаў выпадае шмат, рачная сетка густая. Іншымі словамі, рачная сетка размеркаваная на мацерыку нераўнамерна. Усходне-Афрыканскае пласкагор'е з’яўляецца водападзелам, таму вялікая частка рэк сцякае ў Атлантычны акіян. На рэках Афрыкі мноства парогаў і вадаспадаў, і яны малапрыдатныя для суднаходства, аднак валодаюць велізарнымі запасамі гідраэнергіі. Амаль усе рэкі маюць у асноўным дажджавое жыўленне. У абласцях з экватарыяльным кліматам яны паўнаводныя круглы год і ўтвараюць густую рачную сетку. У субэкватарыяльных паясах рэкі паўнаводныя толькі ў сезон дажджоў. Тэрыторыі з сухім трапічным кліматам амаль пазбаўленыя паверхневых вод, аднак там ёсць артэзіянскія басейны. Часта сустракаюцца сухія рэчышчы — вадзі, якія напаўняюцца вадой ад выпадковых дажджоў. На рэках у субтрапічным поясе ўзровень вады паднімаецца толькі ў перыяд дажджоў, на ўзбярэжжы Міжземнага мора гэта адбываецца зімой. thumb|Рака Замбезі ў нацыянальным парку Мана-Пулс

У Афрыцы працякаюць самая доўгая рака мацерыка — Ніл (6671 км) і самая паўнаводная рака Усходняга паўшар'я — Конга (Заір) (4320 км), якая выносіць у акіян вады ў 15 раз больш, чым Ніл. Рака Нігер (4160 км) — трэцяя па даўжыні і плошчы басейна рака Афрыкі. Іншыя буйныя рэкі — Замбезі (2660 км) і Аранжавая (1860 км). Рака Замбезі знакамітая адным з найбуйных у свеце вадаспадаў — Вікторыя (вышыня 120 м, шырыня 1800 м), які адкрыў Д. Лівінгстан у 1855 г.

thumb|left|250px|На возеры Танганьіка Большасць буйных азёр ляжыць на ўсходзе мацерыка. Яны займаюць вузкія выцягнутыя катлавіны ў паласе разломаў зямной кары, маюць стромкія берагі і вялікія глыбіні. Найвялікшыя азёры — Танганьіка (найглыбейшае з афрыканскіх) і Ньяса. Возера Вікторыя (самае вялікае па плошчы) размешчана ў прагіне зямной кары. Возера Чад ляжыць у плоскай катлавіне. Яно мелкаводнае і мяняе свае абрысы ў залежнасці ад прытоку вод.

Унутраныя воды Афрыкі маюць вялікае значэнне для забеспячэння насельніцтва вадой, для арашэння палёў, атрымання таннай электраэнергіі.

Прыродныя зоны У размяшчэнні прыродных зон выразна прасочваецца шыротная занальнасць, што звязана з раўнінным рэльефам, размяшчэннем мацерыка паміж тропікамі, нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. У басейне Конга і ўздоўж узбярэжжа Гвінейскага заліва растуць вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы. Ва ўмовах гарачага і раўнамерна вільготнага клімату ў верхнім пласце горных парод адбываюцца хімічныя працэсы, якія ўтвараюць злучэнні, багатыя жалезам і алюмініем. Пры гэтым глебы набываюць чырвоную і жоўтую афарбоўку, за што іх называюць чырвона-жоўтымі фералітнымі. Яны не адрозніваюцца ўрадлівасцю, бо арганічныя рэчывы раскладаюцца хутка, назапашвацца не паспяваюць, а паглынаюцца раслінамі або вымываюцца багатымі ападкамі. Раслінны полаг утвараўся ва ўмовах высокай вільготнасці, багатых ападкаў, аднак расліны добра прыстасаваліся да гэтых умоў: утвараюць шмат ярусаў, маюць цвёрдыя, шчыльныя, часта бліскучыя лісты, карані-падпоркі і г. д. Разнастайнасць відаў раслін велізарная, шмат парод дрэў з каштоўнай драўнінай і ядомымі пладамі. У лясах сустракаюцца некалькі відаў пальмаў, у тым ліку алейная. Растуць фікусы, дрэвападобная папараць, кававае дрэва, банан, шматлікія ліяны. Жывёльны свет лясоў таксама надзвычай разнастайны. У лясным подсціле і друзлай глебе мноства мікраарганізмаў і бесхрыбтовых, пад полагам лясы насяляюць лясныя свінні, дробныя капытныя (алянёк), лясныя сланы, блізкія да жырафаў акапі, ля вадаёмаў — карлікавыя бегемоты, сустракаюцца гарылы. Шматлікія жывёлы жывуць на дрэвах: малпы (макакі, шымпанзэ і інш.), птушкі, грызуны, казуркі. Самы буйны драпежнік — леапард. Шырока распаўсюджаныя мурашкі і тэрміты. Экватарыяльныя лясы змяняюць пераменна-вільготныя лясы, а затым пачынаюцца саванны.