Чо́нкі (, ) — пасёлак у Гомельскім раёне Гомельскай вобласці, на рацэ Сож. Адміністрацыйны цэнтр Чонкаўскага сельсавета.

Знаходзяцца за 3 км на поўдзень ад Гомеля. На поўдні мяжуюць з лесам.

Назва На карце XVIII ст. (ПГМ) вёска пазначаная як Чонка, на рэчцы Чонцы.

Прырода На поўдні мяжуе з Чонкаўскім лесам, які складаецца, у асноўным, з лісцевых парод, такіх як дуб (вялікая частка лесу — рэліктавая дуброва) граб, клён, бяроза, асіна, на забалочаных месцах — чорная вольха. Нізінныя ўчасткі лесу перыядычна затапляюцца падчас вясновай паводкі Сажа.

З хвойных парод расце хвоя (уперамешку з дубам, фарміруючы змяшаны дрэвастой, або, на больш высокіх участках — хваёвыя бары, часткова штучнага паходжання) і, спарадычна, елка (як падлесак, рэдка невялікімі ельнікамі). Яловыя ўчасткі лесу — сама паўднёвыя на тэрыторыі Беларусі.

Праз лес працякае невялікая рака (часткова забалочаная). Значная частка лесу — тэраса Сажа, зрэзаная старажытнымі рэчышчамі Сажа з глыбокімі поймамі (цяпер — цалкам зарослымі) і высокімі краямі.

Жывёльны свет разнастайны: жывуць лясныя, балотныя і пойменна-лугавыя віды земнаводных, птушак і млекакормячых. Сустракаюцца лось, дзік, казуля, лісіца, заяц, куніца, вавёрка. З птушак распаўсюджаны совы, дзятлы. На адкрытых забалочаных участках і ў пойме Сажа — шэрая чапля, зрэдку сустракаецца белая чапля. На лугах і палях паблізу Чонак — бусел, каршун.

Чонкаўскі лес мае вялікае рэкрэацыйнае і экалагічнае значэнне.

Гісторыя

Археолагі за 400 м на паўднёвы захад, выявілі паселішчы 3 чвэрці I тысячагоддзя н. э. і эпохі Русі. Гэтая знаходка сведчыць пра засяленне гэтых месцаў са старажытных часоў.

Паводле пісьмовых крыніц вёска вядомая з XVII стагоддзя, калі тут пачалі праз рэлігійны ўціск сяліцца ўцекачы з Масковіі.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1775 годзе на землях шляхцічаў Клічаўскіх і Усціновічаў заснаваны стараверскі Успенскі мужчынскі манастыр, які ў 1822 годзе перайшоў да Рускай праваслаўнай царквы. У 1877 годзе збудаваная драўляная царква, працавала цагляная вытворчасць. У 1907 годзе адкрылася народнае вучылішча.

У 1927 годзе створаная сельскагаспадарчая арцель. У 1940 годзе распачаў працу дзіцячы санаторый «Чонкі».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені-жніўні 1941 года базіраваўся аператыўна-навучальны цэнтр падрыхтоўкі дыверсійных груп. У баях 10-11 лістапада 1943 года каля пасёлка і вёскі Бабовічы пры фарсіраванні ракі Сож загінуў 1761 савецкі салдат , пахаваны ў брацкай магіле насупраць дома адпачынку. Пасёлак вызвалены 17 кастрычніка 1943 года. На франтах загінулі 26 жыхароў пасёлка. З лютага да ліпеня 1944 года ў доме адпачынку размяшчаўся Беларускі штаб партызанскага руху.

З 1988 года цэнтр Чонкаўскага сельсаветаРашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 28 красавіка 1988 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1988, № 16 (1930)..

Насельніцтва 1926 год — 63 двары. 2003 год — 906 двароў, 2655 жыхароў. 2004 год — 946 двароў, 2611 жыхароў.

Інфраструктура Цэнтр дапаможнай гаспадаркі «Чонкі» Гомельскага прадпрыемства «Крышталь». У пасёлку знаходзяцца 9-гадовая і музычная школы, комплексна-прыёмны пункт, бібліятэка, аддзяленне сувязі, 3 магазіны.

Побач з пасёлкам на беразе Сажа, у лесе размешчаны кліматычны курорт «Чонкі». Ён складаецца з дома адпачынку, абласнога дзіцячага санаторыя «Жывіца», абласной дзіцячай туберкулёзнай станцыі «Чонкі», туберкулёзнага санаторыя, турыстычна-аздараўленчага цэнтра «Сож», трох санаторыяў-прафілакторыяў, базы адпачынку.

Забудова У пасёлку 946 жылых дамоў (2004). Планаванне складаецца са злёгку выгнутай з мерыдыяннай арыентацыяй вуліцы. Забудова двухбаковая, дамы цагляныя і драўляныя, сядзібнага тыпу.

Вуліцы 1 Лугавая 1 Набярэжная 1 Новая 1 Палявая 1 Кветкавая 2 Лугавая 2 Набярэжная 2 Новая 2 Палявая 2 Кветкавая 3 Лугавая 3 Новая 4 Новая 50 гадоў СССР Берагавая Зайцава Лясная Маладзёжная Кастрычніцкая Кастрычніцкі завулак Піянерская Прыазёрная Садовая Савецкая Сонечная Чонкаўская Школьная

Славутасці За 1 км на ўсход ад прафілакторыя «Гомсельмаш», у лесе, каля дачнага пасёлка знаходзіцца гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку V стагоддзе да н. э. — V стагоддзе н. э. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Памятныя мясціны Брацкая магіла — .

Вядомыя асобы Іван Сцяпанавіч Зайцаў — Герой Савецкага Саюза

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Чонкаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Гомельскага раёна