Казімір Тэафіл Францішак Машынскі (; 5 сакавіка 1887, Варшава — 30 сакавіка 1959, Кракаў)http://www.sejm-wielki.pl/b/psb.19125.4 — польскі этнограф, фалькларыст, мовазнаўца. Акадэмік Польскай АH (1938), прафесар Ягелонскага (1926—1935; 1945—1959) і Віленскага (1935—1940) універсітэтаў. Прэзідэнт Польскага народазнаўчага таварыства. Таксама Казімір Машынскі з’яўляўся членам Міжнароднага інстытута антрапалогіі ў Парыжы, Венгерскага этнаграфічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Славянскага інстытута ў Празе, навуковага Угра-фінскага таварыства ў Хельсінкі, правадзейным членам Украінскага навуковага таварыства імя Т. Шаўчэнкі.
Казімір Машынскі займаўся вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Значную частку навуковай спадчыны складаюць працы па даследаванні Палесся, якія, дзякуючы руплівай апрацоўцы сабраных матэрыялаў, з’яўляюцца важнай крыніцай для сучасных даследчыкаў.
Раннія гады Казімір Тэафіл Францішак Машынскі нарадзіўся 5 сакавіка 1887 года ў Варшаве ў сям’і паштовага чыноўніка Аляксандра-Бернарда Машынскага і настаўніцы нямецкай і французскай моў Клары-Эміліі-Берты (родам з Негрынгаў)У. Васілевіч «Яго зачаравала Палессе» (прадмова да беларускага выдання «Усходняга Палесся»). Менавіта ў бацькоўскім доме ў маленькага Казіміра пачала фарміравацца цікавасць да прыроды, краязнаўства, простага народа, якую ён пранёс праз усё жыццё.
Пасля заканчэння рэальнай гімназіі ў Варшаве, дзякуючы прыватнай стыпендыі, Машынскі атрымлівае магчымасць працягваць адукацыю за граніцай, у Швейцарыі — спачатку ў Бернскім (1906—1907), а потым у Фрыбургскім (1908—1909) універсітэтах, дзе вывучае біялогію і агульную фізіялогію. Пасля прыродазнаўства і медыцыны прыйшло захапленне мастацтвам і мастацкай літаратурай, а таксама народнай культурай. Юнацтва было для Машынскага перыядам нястомных пошукаў свайго прызвання. У 1910 г., пакінуўшы ўніверсітэт пасля смерці бацькі, Машынскі пераязджае ў Кракаў і здае конкурсны экзамен у Акадэмію мастацтваў. Трапіўшы на курс выдатнага мастака Юзэфа Мехофера, Машынскі правучыўся ўсяго толькі другі семестр.
Пачатак прафесійнай дзейнасці Пад уплывам нацыянальнага рамантызму адбываецца абнаўленне ўсіх галін мастацтва і літаратуры, што абудзіла творчыя пачуцці ў Машынскім, які пачынае спрабаваць сілы ў паэзіі. Вялікую цікавасць выклікаў у яго багаты фальклор кракаўскіх вёсак. Машынскі вывучае даследаванні пра мінулае польскай і славянскай культур, а вярнуўшыся ў Варшаву, вырашае ўсур’ёз заняцца этнаграфічнымі даследаваннямі. Тым не менш, гэтым намерам вывучаць край не суджана было здзейсніцца, таму што варшаўскі акружны аддзел асветы ў 1911 г. прысудзіў Машынскаму адпаведную кваліфікацыю, але прашэнне аб пасадзе адхіліў.
Дзеля забяспечэння сувязі з народам і ягонай культурай Казімір Машынскі пачаў працаваць прыватным настаўнікам. У 1911—1914 гадах Машынскі працуе ў маёнтках розных гаспадароў на Украіне і Беларусі, у Польшчы і Жмудзі. Назіранні за народным жыццём склалі аснову артыкулаў, якія змяшчаліся ў такіх часопісах, як «Ziemia», дзе спачатку ён выступаў пад псеўданімам Рускі, і «Materjały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne»http://www.kulturologia.uw.edu.pl/page.php?page=haslo&haslo=moszynski .
Першай яго друкаванай працай стала публікацыя «Некалькі слоў да моладзі ў справе прыродазнаўчай экскурсіі на наступны год», змешчаная ў часопісе «Wszechświat i Przyroda». У ёй аўтар заклікаў маладых людзей да правядзення мясцовых даследаванняў.
Даследаванне Усходняга Палесся У 1912 г. падчас знаходжання ў Белацаркоўскім павеце непадалёку ад Кіева Казімір Машынскі пазнаёміўся з упраўляючым маёнтка Стэфаніна Чаславам Пяткевічам. Асабістая сустрэча маладога настаўніка з выдатным знаўцам народнага жыцця на Палессі адыграла вялікую ролю ў лёсе абодвух людзей. Калі б не сустрэча і не наступныя кантакты і ўзаемадапамога, Часлаў Пяткевіч да смерці застаўся б упраўляючым маёнткам ці звычайным чыноўнікам, а яго каштоўнейшыя веды памерлі б разам з ім, так і не знайшоўшы выхаду ў светЧаслаў Пяткевіч і яго навуковая спадчына (http://hoiniki.com/petkevich.htm ). Ураджэнец палескага краю, Часлаў Пяткевіч пражыў там шмат гадоў, з дзяцінства меў добры кантакт з народам. Ён ахвотна пераказваў маладому навукоўцу вядомыя факты і нават па яго просьбе напісаў шэраг этнаграфічных нататак. Казімір Машынскі адзначыў гэта яшчэ ў сваёй першай кнізе «З Украіны»: «Пану Чэславу Пяткевічу за ласкавае прадастаўленне мне шматлікіх звестак пра беларускі люд з аколіц Рэчыцы і Мазыра, а таксама за ахвотную дапамогу пры збіранні этнаграфічных нататкаў на Украіне, выказваю тут сардэчную і гарачую падзяку».
Пад уплывам Часлава Пяткевіча Машынскі ўсур’ёз загараецца ідэяй блізка спазнаць малавядомы край. Перагаворы з Польскім краязнаўчым таварыствам закончыліся паспяхова. Задума Машынскага адносна доўгатэрміновай этнаграфічнай экспедыцыі ў найбольш глухія куткі была сустрэта прыхільна, і неўзабаве энтузіяст атрымаў неабходныя сродкі з касы Мяноўскага ў Варшаве і ўжо ў чэрвені 1914 г. выправіўся ў дарогу.
Пачаць Машынскі вырашыў з Мазырскага павета; гэты край яго вабіў не толькі расказамі Пяткевічам, але і грунтоўным даследаваннем ўраджэнкі гэтых мясцін Эмы Яленскай (Дмахоўскай) «Вёска Камаровічы Мазырскага павета». Экспедыцыя пачалася вельмі ўдала. «Ахоўная грамата», што заўсёды знаходзілася пры Машынскім, дазваляла пазбягаць непаразуменняў, падазронасці і недаверу да незнаёмага чалавека.
Вёска Дарашэвічы, што раскінулася па-над Прыпяццю, найлепш спраўджвала спадзяванні; Машынскі таксама наведваўся ў суседнія вёскі, напрыклад, у Дзякавічы каля Князь-возера.
Першая сусветная вайна Усе задумы былі спыненыя палітычнымі падзеямі — у жніўні пачалася Першая сусветная вайна. На другі дзень пасля яе абвяшчэння Машынскага адшукалі жандары і, рэвізаваўшы ўсе яго рэчы, загадалі пад пагрозай арышту пакінуць тэрыторыю. Да таго ж, па вёсках пра яго пайшлі недарэчныя чуткі, пры якіх на плённую працу разлічваць было немагчымаУ. Васілевіч «Яго зачаравала Палессе» (прадмова да беларускага выдання «Усходняга Палесся».
Пасля раптоўнага завяршэння экспедыцыі Машынскі некаторы час працягваў прыватнае настаўніцтва, штудзіруючы па начах працы па этнаграфіі, філасофіі і іншых галінах. Але ў 1917 г. ён пакінуў сваю працу і вярнуўся ў Варшаву, каб заняцца падрыхтоўкай кнігі «Усходняе Палессе».
Аднак вайна не давала магчымасці займацца справай жыцця. Машынскі ўступіў на кароткі час у шэрагі польскіх вайскоўцаў. Удзельнічаў у ваенных паходах, служачы ў 3-м кавалерыйскім палку, быў узнагароджаны Крыжом мужных. Затым Машынскі працаваў кіраўніком-выхавацелем у інтэрнаце, сакратаром Галоўнай школы сельскай гаспадаркі. І толькі пад канец 1922 г. Машынскі атрымаў пасаду старшага асістэнта, а амаль праз 3 гады і кіраўніка аддзела славянскай этналогіі ў Антрапалагічным інстытуце Варшаўскага навуковага таварыства.
У 1925 г. Машынскаму была прапанавана пасада намесніка прафесара і кіраўніка першай у Польшчы і славянскім свеце кафедры этнаграфіі славян пры славянскім інстытуце Акадэміі навук у Кракаве. Машынскі пачынае выкладаць этнаграфію славян і надвалжанскіх фінаў, арганізоўвае кафедру, камплектуе бібліятэку.
Даследаванне Цэнтральнага Палесся У 1932 годзе Машынскі яшчэ раз наведвае Палессе, з мэтай даследаваць цэнтральную яго частку. У выніку працы з’явіўся артыкул «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» У паездку Машынскі запрасіў вядомага знаўцу ўкраінскай народнай музыкі акадэміка Філарэта Калэсу. За час вандровак самім Машынскім было запісана 228 тэкстаў, а на фанограф (экспедыцыя па тым часе была добра ўзброена з тэхнічнага боку) — 81 мелодыя, сярод якіх аказалася 59 песень і 22 узоры інструментальнай музыкі, найгранай на жалейцы, дудцы, скрыпцы, гармоніку. Фалькларысты наведалі Пужычы, Чаланец, Беразняк, Лугі, Вітчына, Сянкевічы, Лунінец, у Столінскім павеце пабывалі ў вёсках Сахаў і Велямічы.
Машынскі звярнуў увагу на такі цяжкі для запісвання жанр, як жалобныя галашэнні, падкрэсліўшы непаўторнасць кожнага паасобнага твора. «Тут словы мусілі мы хапаць гарачымі, пішучы момантамі з найвялікшай магчымай хуткасцю, каб толькі паспець за плачкаю, таму што кожная першая прадукцыя дадзенага твора была адначасова і апошняю. Спробы паўтору гэтых sui generis імправізацый…аказваліся, як звычайна ў падобных выпадках, у аснове ненадзейныя».
Заўважана, што пасля перапынку, спрабуючы паўтарыць імправізацыю, селянін, як правіла, губляў першапачатковы настрой, узрушанасць. Як паведаміла збіральнікам 29-гадовая Хвядосся Корж, галашэнне — «гэта не песня, што панімаеш яе, а гэта — як да душы даходзіць, то прыкладаеш гэтае слова». Пазней, у працы «Народная культура славян» Машынскі надрукаваў адно галашэнне (праўда, у перакладзе на польскую мову), запісанае ў 1932 г. у в. Хорастава тагачаснага Лунінецкага павета.
Машынскі спыніўся на характэрных асаблівасцях народнага выканання песень, вылучыўшы наяўнасць устаўных гукаў і гукаспалучэнняў, удыхавых паўз, не ўзгодненых ні з рытмам мелодый, ні з тэкстам; доўгатрывалых працягаў апошняга тону мелодый. Ён звярнуў увагу і на своеасаблівасць палескага двухгалоснага спеву. Ф. Калэса, адзначыўшы пэўную лакальную афарбоўку лунінецкіх і столінскіх песень, убачыў у іх выразны ўкраінскі характар. Машынскі ж лічыў неабходным параўнаць іх з беларускімі, мяркуючы, што ўся беларуская музыка не акажацца настолькі блізкай да ўкраінскайА. І. Махнач «Беларусь у навуковай і педагагічнай дзейнасці Казіміра Машынскага» (http://elib.bsu.by/handle/123456789/2458 ). Свае набыткі фалькларысты збіраліся пасля апрацоўкі і прадстаўлення Этнаграфічнай камісіі Польскай Акадэміі навук апублікаваць як першы ў этнаграфічнай літаратуры збор палескіх песень з нотамі. З матэрыяламі паездкі азнаёміў артыкул Ф. Калэсы «Народная музыка на Палессі» (1939). Выданне запісаў двух вялікіх вучоных са згаданай экспедыцыі было ажыццёўлена толькі праз шмат дзесяцігодзяў у кнізе «Музычны фальклор Палесся ў запісах Ф. Калэсы і К. Машынскага» (Кіеў, 1979 г.).
Праца над Атласам народнай культуры Польшчы Методыка збору матэрыялу К. Машынскага прадугледжвала распрацаваныя вучоным апытальнікі. Дзякуючы ім у 1930 г. быў паспяхова праведзены збор матэрыялаў па духоўнай культуры для «Атласа народнай культуры Польшчы» ў яе тагачасных межах. Беларуская этнічная тэрыторыя была прадстаўлена Брэстчынай, Пружаншчынай, Гродзеншчынай, Віленшчынай, Браслаўшчынай, Глыбоччынай, Пастаўшчынай, Вілейшчынай, Ашмяншчынай, Лідчынай, Валожыншчынай, Слонімшчынай, Баранавіччынай, Ваўкавышчынай, Косаўшчынай, Лунінеччынай і інш. Было абследавана звыш 100 вёсак. Гэта было першае ў Еўропе выданне геаграфічнага падыходу да этнаграфічных з’яў на абшарах усёй краіны.
У 1935 г. К. Машынскі быў запрошаны на пасаду кіраўніка кафедры этнаграфіі і этналогіі ў Віленскі ўніверсітэт С. Баторыя. Перад Другой сусветнай вайной выйшлі падрыхтаваныя разам з вучаніцай і асістэнтам Ядвігай Клімашэўскай 3 сшыткі «Атласа» (1934,-35,-36 гг.), якія ахоплівалі 36 карт па духоўнай культуры, у якіх фіксаваліся мясцовыя назовы каляндарных святаў, астранамічных аб’ектаў, пэўных раслін, міфалагічных істот і г.д. У якасці памочнікаў Машынскі прыцягваў найбольш здольных і зацікаўленых студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. Сярод беларусаў, якія адгукнуліся на прапанову Машынскага, былі віленскія навучэнцы А. Шукелойць і М. Пецюкевіч. Уменне Машынскага ствараць для сябе і сваіх супрацоўнікаў аптымальныя, рацыянальныя ўмовы працы дазволіла яму ўпэўнена адчуваць сябе ў акіяне безлічных матэрыялаў для даследаванняў.
Другая сусветная вайна