Капліца-пахавальня Ажэшкаў — капліца ў аграгарадку Закозель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. З’яўляецца часткай сядзібна-паркавага комплекса Ажэшкаў.
Гісторыя
Капліца пабудавана ў 1849 годзе па праекце польскага архітэктара Францішка Яшчалда са згоды віленскага біскупа Анджэя Клангевіча на ўскраіне парку як фамільная пахавальня Ажэшкаў. Заказчык, шляхціц Мікадзім Ажэшка, замовіў архітэктару стварыць велічны будынак, які спалучаў у сабе рысы сярэднявечнай готыкі з выкарыстаннем мастацкага чыгуннага ліцця.
Паводле мясцовага падання ў высокім шпілі капліцы, дзе была невялікая камора, пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў хаваўся кіраўнік Кобрынскага паўстанцкага атрада — Рамуальд Траўгут. Гэты прытулак быў прапанаваны яму Элізай Ажэшка, якая дапамагла перавезці Рамуальда ў Польшчу пасля таго, як пошукі пакрысе сціхнулі. Варта зазначыць, што мужа Элізы — Пятра за ўдзел у паўстанні саслалі ў Пермскую губерню, а маёнтак у Людвінова, што непадалёк — канфіскавалі.
Капліца скасавана ў 1865 годзе з-за таго, што «існаванне капліцы мае дрэнны ўплыў на шматлікіх слуг Закозеля, а адасобленасць маёнтка абцяжарвае нагляд за польскай прапагандай». Аднак з дазволу Галоўнага начальніка края Міхаіла Мураўёва яна была перададзена памешчыку Каліксту Ажэшку для прыстасавання яе ў «надмагільны помнік» з тлумачэннем: «паколькі капліца гэтая не была парафіяльнай і з’яўлялася ўласнасцю ўладальнікаў маёнтка, то ўласнасць і будынак належыць вярнуць Ажэшкам з тым, аднак, каб капліца была перароблена ў пахавальню са знішчэннем на ёй царкоўных купалоў і каб у будынку не засталося алтара і ніякіх прылад для набажэнства…» — С. 149—150..
У 1867 годзе рабіліся намаганні перабудаваць храм у праваслаўную царкву па праекце архітэктара ЧакмасаваКулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания) // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск: «Права і эканоміка». — 2018. — С. 80—81., супраць чаго выступіла навакольнае дваранства.
Больш за стагоддзе капліца паступова разбуралася. Спачатку знішчылі каштоўныя інтэр’еры, у Першую сусветную вайну немцы знялі медны дах, замест яго новы цынкавы дах быў пакладзены памешчыкам Каралем Талочкам, які набыў маёнтак у 1923 годзе. У пасляваенныя савецкія гады будынак практычна ператварыўся ў руіну з выбітымі вітражамі, вялізнымі дзюрамі ў скляпеннях, праз якія вільгаць бесперашкодна паступала ў памяшканне.
З 1993 года капліца працягвала паступова разбурацца з-за недахопу фінансавання на яе аднаўленне альбо, прынамсі, кансервацыю. Вонкавая і ўнутраная тынкоўка амаль цалкам абвалілася, каляровыя вітражы не захаваліся, перакрыцці і дах у аварыйным стане. Мясцовымі ўладамі прадпрымаюцца спробы сачыць за тэрыторыяй былога парка, сама капліца агароджана плотам, уваходы зыкрытыя кратамі. Але поўная адсутнасць фінансавання не дазваляе спыніць імклівы працэс разбурэння канструкцый.
У 2008 годзе ў капліцы і каля яе праводзіліся археалагічныя раскопкі ў крыпце, у выніку якіх былі знойдзены парэшткі прадстаўнікоў роду Ажэшкаў, фрагменты слуцкага пояса, чалавечыя косткі, бронзавыя рэшткі трун, адзення мерцвякоў. Археалагічныя знаходкі выклікалі пэўную цікавасць да стану помніка, была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю капліцы«Ни копеечки нет». Под Дрогичином разваливается памятник архитектуры XIX века, местные ищут деньги . . У лістападзе 2019 года на аб’екце былі пачаты супрацьаварыйныя работы, каб не дапусціць далейшага разбурэння славутасці. Тады са сродкаў абласнога суботніка было выдзелена Br50 тыс. Рэстаўратары ачысцілі дах ад абломкаў, знізілі нагрузку на звод і прыкрылі яго ад ападкаў. Паступілі Br200 тыс. з раённага бюджэту і Br348,5 тыс. з Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Вызначылі за гэтыя грошы аднавіць звод даху і дах, франтон і бакавыя вежкі. У 2020 годзе на капліцу-пахавальню ўсталявалі шасцімятровы шпіль. Аднаўленне помніка пачалося ў 2019 годзе і доўжылася 7 гадоў.
Урачыстая цырымонія адкрыцця капліцы прайшла 22 студзеня 2026 года.
Архітэктура
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне накрытае востракутнымі двухсхільнымі дахамі, скрыжаванне якіх адзначанае высокім чатырохгранным шатром з гранёным шпілем і гатычным крыжам у завяршэнні. Стракатасць сілуэту і вертыкальную накіраванасць прасторавай кампазіцыі надаюць кутнія падвойныя пінаклі, паміж якімі ў гатычных парталах (чыгуннае мастацкае ліццё) размешчаныя скульптуры евангелістаў.
Фасады насычана крапаваныя згрупаванымі па вуглах контрфорсамі, слаістымі стральчатымі і трохлопасцевымі нішамі. Стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны ўверсе круглымі гербамі Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Каларыстычнае багацце будынку стварала высокаякасная «адкрытая» цагляная муроўка, меднае пакрыццё дахаў, пабелка элементаў дэкору.
Зала перакрытая люстраным скляпеннем, насычаная арнаментаванымі тонкімі ляпнымі нервюрамі. У вуглавых стральчатых нішах знаходзіліся скульптурныя выявы евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны з пераплётамі геаметрычнага малюнку, якія запаўняліся каляровымі вітражамі. Пад капліцай — склеп-пахавальня, куды вядуць сходы ў цэнтры залы.
Літаратура
— С. 169 — С. 149—150
Спасылкі
Катэгорыя:Капліцы-пахавальні Беларусі Катэгорыя:Закозель Катэгорыя:Ажэшкі Катэгорыя:1849 год у Беларусі Катэгорыя:Культавыя збудаванні Драгічынскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Францішка Яшчалда Катэгорыя:Капліцы Брэсцкай вобласці