Гісторыя развіцця Пачаткі вялікалітоўскай літаратуры (13—14 ст.) грунтаваліся на пісьмова-моўных традыцыях тых зямель Русі, якія ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. На гэтым этапе пераважала перапісаная літаратура царкоўна-рэлігійнага характару часцей на царкоўнаславянскай мове. З 14 ст. старабеларуская стала мовай дзяржаўнага справаводства ВКЛ, што ў сваю чаргу спрыяла яе развіццю.
У эпоху позняга сярэдневякоўя ў ВКЛ працягвалася станаўленне ўласна беларускай літаратуры, якое адбывалася даволі марудліва. Слаба развіваліся аратарская проза і публіцыстыка, перажывала крызіс агіяграфія. «Жыціе віленскіх мучанікаў», тэматычна звязанае з беларуска-літоўскім рэгіёнам, узнікла за межамі ВКЛ. Тым жа часам новыя якасці набыла паломніцкая проза.
У 16 ст. з'явілася плеяда высокаадукаваных і таленавітых пісьменнікаў, зарадзіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гістарычна-мемуарная літаратура, драматургія). Літаратура набыла большую публіцыстычнасць і сацыяльную завостранасць, у ёй з'яўляліся творы, напісаныя з пазіцый рэнесансавага гуманізму, узмацняўся асабовы пачатак, зараджаліся індывідуальныя стылі.
Этапнае значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры ВКЛ мела дзейнасць беларускага гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Рацыяналістычна-асветніцкі дух яго каментарыяў, свецкі характар афармлення кніг садзейнічалі секулярызацыі і дэмакратызацыі літаратуры на землях Вялікага Княства Літоўскага. Скарына быў пачынальнікам беларускага вершаскладання і гімнаграфіі, ён давёў да высокай дасканаласці жанр прадмоў — зародкаў беларускага літаратуразнаўства і крытыкі, беларускай філалогіі.
У 2-й палавіне 16 ст. ў сувязі з актывізацыяй усяго грамадска-палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ больш хутка развівалася і літаратура. У многіх беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх гарадах былі адкрыты друкарні і школы розных кірункаў (пратэстанцкія, праваслаўныя, каталіцкія), выдаваліся буквары, граматыкі, слоўнікі. Творы пісаліся і друкаваліся на беларускай, царкоўна-славянскай, літоўскай, польскай і лацінскай мовах. Найбольшае развіццё атрымала палемічная публіцыстыка. На гэты ж час прыпадае зараджэнне літоўскамоўнага пісьменства на тэрыторыі ВКЛ, яго пачынальнікам быў М.Даўкша. Важную ролю ў развіцці старалітоўскага пісьменства гэтага часу адыгралі К. Сірвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М. Пяткявічус, С. Яўгеліс-Целега, С. Славачынскіс, Б. С. Хілінскі.
У цэлым літаратура ВКЛ эпохі контррэфармацыі развівалася ў рэчышчы барока. Характэрныя асаблівасці гэтага стылю прыкметны ўжо ў асобных творах панегірычнай паэзіі, драматургіі, палемічнай і аратарскай прозы канца 16 — пачатку 17 ст. Ідэйна-мастацкія прынцыпы барока, светаадчуванне той складанай эпохі найбольш паслядоўна выявіліся ў філасофска-рэлігійнай лірыцы. Дасягненню пэўнага адзінства творчых прынцыпаў літаратуры садзейнічалі тэарэтычныя працы, напрыклад, паэтыка Н. К. Сарбеўскага.
У вельмі складаных умовах агульнага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай, у складзе якой знаходзіліся Беларусь і Літва, разбуральных войнаў, напружанай ідэалагічнай барацьбы і рэлігійнай канфрантацыі, узмацнення сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, паланізацыі адбываўся працэс развіцця беларускай і літоўскай літаратур у пераходны перыяд (2-я палавіна 17 — 1-я палавіна 18 ст.). Адмірала старая эстэтычная сістэма, занепадалі традыцыйныя літаратурныя жанры. Далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя, уплыў фальклору і інш. прывялі да ўзнікнення інтымнай лірыкі, парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай прозы, з'яўлення новых традыцый. Разам з тым далейшае развіццё атрымала гістарычна-мемуарная літаратура, у стварэнні якой найбольшую ролю адыгралі прадстаўнікі шляхты.
Ідэі Асветніцтва садзейнічалі пераасэнсаванню і пераадоленню ў другой палавіне 18 ст. старых літаратурных традыцый, узмацненню новых эстэтычных тэндэнцый, з'яўленню якасна новых мастацкіх твораў, якія паклалі пачатак фарміраванню нацыянальнай беларускай і літоўскай літаратур на народных мовах.
Рэлігійная літаратура
Казанні, агіяграфія, хаджэнні У 13—14 ст. перапісваліся асобныя кнігі Бібліі, зборнікі богаслужэбнага прызначэння, словы, прытчы, павучанні, жыціі святых, духоўныя аповесці і інш., напісаныя на царкоўнаславянскай мове. Захаваліся Полацкае, Друцкае, Аршанскае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае евангеллі — выдатныя помнікі кніжнай культуры таго часу.
Відным прадстаўніком царкоўнага красамоўства быў Грыгорый Цамблак, абраны ў 1415 у Новагародку кіеўскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай, былі значнаю з'яваю ў царкоўнай аратарскай прозе таго часу.
Апісанні падарожжаў на Блізкі Усход змястоўна ўзбагаціліся: апрача «святых» мясцін аўтары пачалі цікавіцца іншымі краінамі, падзеямі грамадска-палітычнай і культурнай гісторыі розных народаў. Асобныя творы паломніцкай літаратуры нагадвалі дзённікі падарожжаў. Значным крокам у развіцці гэтага жанру было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), напісанае назіральным і таленавітым аўтарам.
У непасрэднай сувязі з царкоўна-рэлігійнай палемікай у літаратуры ВКЛ развіўся жанр пропаведзі (Карповіч, Пацей, Сматрыцкі, Сірвідас, Ё. Брэткунас і інш.).
Палемічная літаратура Феадальна-каталіцкая рэакцыя, якая пачалася ў ВКЛ у 1570-я гг., надала літаратуры іншы кірунак. Кнігадрукаванне і літаратурная дзейнасць праваслаўных брацтваў, публіцыстыка і палемічная літаратура 16 — 17 ст. з'яўляюцца агульным здабыткам беларускай і ўкраінскай літаратур. Многія выдатныя дзеячы культуры гэтага перыяду (М. Сматрыцкі, Хрыстафор Філалеі, П. Зізаній і С. Зізаній, С. Косаў), нягледзячы на ўваходжанне пасля Люблінскай уніі 1569 зямель Украіны ў склад Польскай Кароны, былі адначасова беларускімі і ўкраінскімі пісьменнікамі.
Асноўным зместам іх публіцыстыкі стала палеміка вакол царкоўнай уніі. Важную ролю адыгралі ў той час брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыятычных сіл беларускага і ўкраінскага народаў у іх барацьбе супраць наступлення каталіцкай царквы і асімілятарскай палітыкі Польшчы. У палеміцы ўдзельнічалі людзі розных класавых інтарэсаў, нацыянальна-культурнай і рэлігійнай арыентацыі, літаратурнага густу і таленту; яна была вострай зброяй ідэалагічнай барацьбы, таму нямала твораў выйшла ананімна або пад псеўданімамі («Апокрысіс», «Перасцярога», «Унія», «Гармонія» і інш.).
Непрымірымымі змагарамі за веру продкаў і нацыянальныя традыцыі былі Лявонцій Карповіч — яркі прадстаўнік аратарскай прозы пач. 17 ст. і Афанасій Берасцейскі — аўтар палемічна-публіцыстычнага «Дыярыуша». Складальнікам першай грунтоўнай граматыкі царкоўна-славянскай мовы быў Сматрыцкі, які ў розны час заўзята абараняў і праваслаўе («Фрынас»), і унію («Апалогія»). Лагер каталіцка-ўніяцкіх палемістаў прадстаўлялі П. Скарга (аўтар «Казанняў сеймовых» і трактата «Пра адзінства Царквы Божае»), І. Пацей (аўтар публіцыстычных твораў на беларускай і польскай мовах, прасякнутых духам кампрамісу з каталіцкай царквой). Багаслоўскія і палемічныя творы многіх украінскіх пісьменнікаў эпохі ранняга барока (І.Вішанскага, Іова Барэцкага, Лазара Барановіча, І. Галятоўскага, З. Капысценскага, Пятра Магілы, К. Сакавіча і інш.) былі вядомы і ў Беларусі і ўдзельнічалі ў шмат у чым агульным беларуска-ўкраінскім літаратурным працэсе таго часу.
Пераклады У 15 ст. з'явіліся і першыя пераклады на беларускую мову твораў рэлігійнага характару (асобныя кнігі Бібліі, аповесці «Пакуты Хрыста», «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і інш.), што засведчыла пачатак працэсу дэмакратызацыі на беларускіх землях царкоўна-рэлігійнага пісьменства і паказала вялікія лексіка-стылістычныя багацці і мастацка-выяўленчыя магчымасці беларускай літаратурнай мовы таго часу.
На пачатку 16 ст. з'явіліся дасканалыя пераклады Скарынам 23-х кніг Бібліі (Прага, 1517-19), «Малой падарожнай кніжкі» і «Апостала» (Вільня, 1522-25). У канцы 16 ст. М. Даўкша зрабіў дасканалы пераклад на літоўскую мову «Катэхізіса» Я. Лядэсмы (1595) і зборнік казанняў Я. Вуека «Пасціла каталіцкая» (1599).
Свецкая літаратура
Дзелавое пісьменства З 14 ст. старабеларуская выконвала ролю мовы дзяржаўнага справаводства, што яе ўдасканаленню і шырокаму распаўсюджанню. З умацаваннем цэнтралізаванай улады, колькасць складзеных грамат, лістоў, прывілеяў, дагавораў і актаў службовага прызначэння, якія выдаваліся вялікімі князямі і мясцовымі ўладамі, у т.л. буйных гарадоў, увесь час павялічвалася. У той жа час пачала складацца шматтомная Метрыка. Помнікі дзелавога пісьменства на старабеларускай мове з'яўляюцца агульнай культурнай спадчынай беларускага і літоўскага народаў. У зносінах з зарубежнымі краінамі, прадстаўнікамі вярхоўных духоўных каталіцкіх уладаў карысталіся лацінскай мовай. Лацінамоўнае пісьменства з канца 14 ст. стала паволі пашырацца на землях этнічнай Літвы ў сувязі з яе хрысціянізацыяй па каталіцкім абрадзе, а пасля і на беларускіх землях.
Істотныя сацыяльна-палітычныя і культурныя зрухі ў жыцці грамадства (16 ст.), зараджэнне гуманістычнага светапогляду, пашырэнне ўзаемасувязей з перадавымі краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары спрыялі больш актыўнаму развіццю літаратуры ВКЛ. Узніклі Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, складзеныя адпаведна пад кіраўніцтвам канцлераў А. Гаштольда, М. Радзівіла Чорнага, А. Валовіча і падканцлера Л. Сапегі — выдатныя, еўрапейскага ўзроўню помнікі дзелавога пісьменства, прававой думкі і культуры беларускага і літоўскага народаў.
Панегірыкі У 15 — пач. 16 ст. ўзнік панегірычны жанр пахвал, што прысвячаліся асобным дзяржаўным дзеячам ВКЛ («Пахвала Вітаўту», «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму» і інш.).
Прадмовы і пасляслоўі Шырокае бытаванне атрымаў жанр прадмоў, якому спрыяў росквіт кнігадрукавання ў 2-й пал. 16 — 17 ст.
М.Даўкша, які зрабіў пераклад на літоўскую мову «Катэхізіса» Я.Лядэсмы (1595) і зборнік пропаведзей Я.Вуека «Пасціла каталіцкая» (1599). Акрамя лацінскага прысвячэння, дадаў да «Пасцілы» 2 прадмовы: адну на літоўскай, другую на польскай мовах. Асабліва прыкметная другая, у якой аўтар, падаючы прыклады з гісторыі і жыцця прыроды, горача адстойвае думку, што роднае слова з'яўляецца неадменнай умовай існавання нацыі. Прадмова Даўкшы — глыбока патрыятычны помнік гуманістычных ідэй эпохі, узор высокага рытарычнага мастацтва.
Драматургія З узнікненнем школьнага тэатра зараджаецца драматургія. Першыя яе спробы — інсцэніроўкі біблейскіх сюжэтаў. Паміж актамі школьных драм разыгрываліся камедыйныя сцэнкі — інтэрмедыі, па паходжанню і характару паўфальклорныя творы, прасякнутыя народным гумарам. 3 імі звязана з'яўленне ў беларускай, украінскай і літоўскай літаратурах дэмакратычнага героя — прадстаўніка трэцяга саслоўя (студэнта, рамесніка, селяніна).
Паэзія
Пачынальнікам рэнесансавай паэзіі ў ВКЛ быў М. Гусоўскі — паэт-лацініст, аўтар вершаў і паэм, у т. л. глыбокапатрыятычнай «Песні пра зубра» (Кракаў, 1523). 3 вялікай мастацкай сілаю і любоўю паказана ў паэме прыгажосць прыроды роднага краю, апеты ратныя і мірныя справы, заняткі і звычаі беларусаў і літоўцаў, услаўлена іх гераічнае мінулае. У творы выявіўся рэнесансавы эстэтычны ідэал аўтара з яго верай у чалавека дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага. «Песня пра зубра» — першы ў беларускай і літоўскай літаратурах буйны вершаваны твор, першая песня пра «Літву», складзеная для заходне-еўрапейскага чытача.