«Kryvakryž» (таксама Крывакрыж) — крыўскі неафолк-праект Алеся Мікуса.
Гісторыя Першы (і адзіны публічны) выступ гурта адбыўся 6 красавіка 2008 года на андэграўдным музычным фэсце «Crivia Aeterna» у Мінску. Саліст і аўтар песень А. Мікус спяваў і граў на клавішных, на скрыпцы грала Л. Праабражэнская (яна ж возьме ўдзел у студыйным запісе альбому), на барабане — М. Вараб'ёў ("Воіст" з гурта "Прагнавіт").
Дэбютны альбом выйшаў на музычным лэйбле «Crivia Records» у сакавіку 2009 года пад назвай «Malitvy vainy» (Малітвы вайны). Чакаўся выступ гурта ўжывую на наступным па ліку фэсце «Crivia Aeterna», але выступ не адбыўся.
Перад гэтым у 2008 годзе ў Літве, пры фінансавай падтрымцы Саюза пісьменнікаў Літвы, была выдадзеная сумесная беларуска-літоўская кружэлка «У каралеўскіх далонях». На ёй палову песень выканаў "Крывакрыж", а другую палову стварыў літоўскі музыка Марус Салінас.
Пасля выхаду "Малітваў вайны" на працягу наступных гадоў без гучнай прэзентацыі з'явіліся сінглы "Крывакрыжа" — "Забяры Смаленск" і "Минск зовёт Смоленск" (2014). У абедзвюх песнях развівалася экспансіянісцкая тэма, абазначаная ў песні "Великая Литва" на альбоме "Малітвы вайны".
У 2014 годзе выпушчаны другі альбом (часам пазначаецца як аўтарскі альбом Алеся Мікуса) «Рамантыка». Песні з гэтага альбома напісаныя на словы Янкі Купалы, Тодара Кляшторнага і Уладзіміра Дубоўкі, яны працягваюць рамантычную тэму альбому "У каралеўскіх далонях". "Рамантыка" анансавалася як уступ да паўнавартага наступнага, другога альбома "Крывакрыжа", але той так і не выйшаў.
У блізкім да "Крывакрыжа" стылі А. Мікус і гомельскі музыка В. Голуб (з музычнага праекту Svalbard) у 2016-2019 гадах пад назвай "Eizva" прэзентоўвалі 6 асобных кампазіцый, якія, аднак, не былі выпушчаныя асобным альбомам.
Цікавыя факты У альбом "Малітвы вайны" ўключаны "Гімн Белага легіёна" — напісаны А. Мікусам афіцыйны гімн колішняй мілітарна-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». На альбоме прадстаўленыя дзве версіі: сольная (у стылі ўсяго альбому) і харавая маршавая (у дудовым суправаджэнні). У 2020 годзе "Гімн Белага легіёну" быў перазапісаны З. Сасноўскім (з гурта "Стары Ольса") і, разам са старой "маршавай" версіяй, уключаны ў складанку вайскова-патрыятычных песень "Белы легіён".
Водгукі Гурт "Крывакрыж" запісаў альбом песень ["Малітвы вайны"], з кожнай у якіх хаваецца прэтэнзія на нацыяналістычны гімн. (...) Музыкі ўслаўляюць Крыўю і афармляюць у музычную форму пакінутыя ўжо было нават самымі зацятымі патрыётамі прэтэнзіі на згубленыя колісь беларускія тэрыторыі. (...) "Крывакрыж" здольны на стварэньне яркіх мэлёдый. "Рагнарадзі" можна сьмела ўключаць у бэст песень на словы Караткевіча" (С. Будкін)."Выбітная кампазіцыя «Крыўю ўслаўляйма!» успрымаецца як пранікнёная ода сакральнаму Валадарству Духа. «Малітвы вайны» гэта яшчэ і музычны маніфест вялікалітоўскай імперыі. Дванаццаць імперскіх гімнаў ды маршаў. Бадай упершыню пасля Вітаўта і Яна Караля Хадкевіча ў альбоме выразна, публічна, навонкі прамаўляюцца валявыя словы і геапалітычныя візіі адносна ўсходняга суседа. Сапраўдны гімн «Великая Литва» напісаны спецыяльна для расейскіх прыхільнікаў і аднадумцаў" (А. Дзермант).
Дыскаграфія
У каралеўскіх далонях (2008) Malitvy vainy (2009) Рамантыка (2014)
Спасылкі Старонка гурта на Last.fm
Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 2006 годзе Катэгорыя:Фолк-гурты Беларусі