Сымо́н Алякса́ндравіч Рак-Міхайло́ўскі (, в. Максімаўка, Вілейскі павет, Віленская губерня — , Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог. Дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра Рады БНР. Пасол I кадэнцыі сейма Польскай Рэспублікі (1922—1927). Публікаваўся ў газетах Наша Ніва, Беларусь, Звон і інш. Аўтар музыкі на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера».
Біяграфія
Маладосць Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і беларусаў Алеся і Марцэлі (у дзявоцтве Рудзь) Міхайлоўскіх. Сям’я мела сялянскае паходжанне, праваслаўныя. Двайное прозвішча прыняў толькі Сымон, бо нібыта што знайшоў нейкія дакументы, якія сведчылі, што менавіта так гучала прозвішча ягонага далёкага продка. У дзесяць гадоў Сымон застаўся без бацькі, таму з ранняга ўзросту працаваў пастушком. У 14 гадоў нейкі час працаваў дрывасекам у панскім лесе каля Сёмкава Гарадка.
У 1900 годзе ў 15-гадовым узросце скончыў пачатковую школу ў Радашковічах. У 1900—1904 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У 1904—1909 гадах настаўнічаў у школах Свянцянскага і Вілейскага паветаў, займаўся культурна-асветнай дзейнасцю, збіраў фальклор. У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў прапагандаваў ідэі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзяржаўную думу. У 1906 годзе за распаўсюджванне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зняволены на 3 месяцы ў Вілейскай турме. Жадаў працягнуць адукацыю ў Віленскім настаўніцкім інстытуце (паводле іншых звестак — у нейкай з вышэйшых навучальных устаноў Санкт-Пецярбурга), аднак не быў прыняты праз «неблаганадзейнасць». Праз пераследаванні ўлад вымушаны з’ехаць у Крым. У 1912 годзе ў Феадосіі скончыў педінстытут. Займаў пасаду выкладчыка чатырохкласнага вышэйшага пачатковага вучылішча жаночай гімназіі ў горадзе Карасубазар (Крым). У Феадосіі ажаніўся з маладой настаўніцай-грачанкай Надзеяй Мусолавай. У 1912 годзе нарадзіўся сын, які атрымаў імя Рагвалод. У 1919 годзе ў іх нарадзілася дачка, якая атрымала імя Рагнеда.
Паводле польскіх паліцэйскіх крыніц, незадоўга да Першай сусветнай вайны ён пазнаёміўся з Аркадзем Смолічам і Антонам Лявіцкім (Ядвігіным Ш.), што падштурхнула яго далучыцца да «Беларускай сацыялістычнай грамады».
Улетку 1914 года мабілізаваны ў армію. На фронт не патрапіў, відаць, з прычыны праблем са здароўем (хоць у пазнейшых справаздачах польскай паліцыі памылкова сцвярджалася, што ён нібыта служыў старшым унтэр-афіцэрам і падпаручнікам у 24-м лагістычным палку на Заходнім і Румынскім франтах, дзе займаўся рэвалюцыйнай агітацыяй). Да верасня 1917 года служыў пісарам у канцылярыі 24-га транспарту 5-га абознага батальёна 10-й расійскай арміі. Вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод жаўнераў. Пачаў публікавацца ў 1915 годзе (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай Ніве»).
Палітычная дзейнасць. БНР
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Мінску. У пачатку 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё. У сакавіку 1917 года ўдзельнічаў у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый. У кастрычніку 1917 года арганізаваў з’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту, узначаліў створаную на з’ездзе Цэнтральную беларускую вайсковую раду. Паводле пазнейшых ацэнак польскай палітычнай паліцыі, нягледзячы на пасаду старшыні, яго асабістая роля ў Радзе была даволі сціплай: ён ахвотна саступаў ініцыятыву і кіраўніцтва сваім намеснікам — ветэранам-афіцэрам Вячаславу Адамовічу і Ярашэвічу. На 3-м з’ездзе БСГ абраны ў склад ЦК. Паралельна займаўся справай развіцця беларускай нацыянальнай адукацыі, быў сакратаром беларускай школьнай падкамісіі пры Мінскай гарадской думе.
На Першым Усебеларускім з’ездзе 1917 года ў Мінску ўваходзіў у прэзідыум, кіраваў пасяджэннямі, выступаў па пытанні арганізацыі беларускіх вайсковых фарміраванняў. Пасля разгону з’езда ўвайшоў у Выканаўчы камітэт Рады, разам з Аляксандрам Цвікевічам і Янам Серадом накіраваны на мірныя перамовы ў Брэст-Літоўск. Паводле Аляксандры Бергман, да Брэста Рак-Міхайлоўскаму давялося дабірацца пехатою. Беларуская дэлегацыя была затрымана бальшавікамі перад лініяй фронту і толькі акружной дарогай, праз Украіну, трапіла ў Брэст. У пасяджэнні яны не ўдзельнічалі, бо на гэта не пагадзіўся Леў Троцкі, тлумачачы адмову тым, што Беларусь не прызнана Савецкай Расіяй, а значыць — складае частку Расіі. Беларускія дэлегаты змаглі ўзяць удзел у канферэнцыі толькі ў якасці назіральнікаў з украінскага боку. 25 лютага 1918 года разам з Цвікевічам падаў кароткую даведку пра гісторыю беларускага руху і пра становішча беларускага пытання да лютага 1918 года прадстаўніку нямецкай дэлегацыі Шылеру. Брэсцкі мірны дагавор быў падпісаны без уліку беларускага руху, што стала вынікам агульнай палітычнай слабасці Выканкама Рады Усебеларускага з’езда і адсутнасці ў яго рэальнай улады.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, накіраваны з Аляксандрам Цвікевічам на перамовы ў Кіеў з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі. Дэлегацыя мусіла афіцыйна паведаміць УНР, а праз яе радыётэлеграф і ўсім народам, пра абвяшчэнне незалежнасці БНР, высветліць магчымасці атрымання грашовай пазыкі для ўрада БНР, наладзіць гандлёвы абмен паміж дзвюма краінамі і пастаянную прамую сувязь паміж іх сталіцамі. Акрамя таго, меркавалася вырашыць пытанне аб двухбаковай граніцы на аснове этнаграфічнага прынцыпу, а таксама дасягнуць міжнароднай падтрымкі Украіны ў вызначэнні заходніх і паўночных граніц Беларусі на той жа аснове. Бальшыні задач прадстаўнікам БНР рэалізаваць не ўдалося, галоўным чынам па прычыне тагачаснай геапалітычнай сітуацыі. Дэлегацыя БНР была адклікана з Кіева ў Менск 10 чэрвеня 1918 года. Рак-Міхайлоўскі вярнуўся на радзіму пазней, увосень 1918 года, бо яшчэ перад канчатковым завяршэннем работы місіі выехаў у Крым, каб забраць у Менск сям’ю. Выказваў пратэст супраць накіраванай 26 красавіка 1918 года германскаму кайзеру прывітальнай тэлеграмы. Як прыхільнік народніцкага крыла БСГ выступаў за стварэнне ўласнай дзяржавы пры апоры на беларускі працоўны народ. Пасля расколу БСГ, які адбыўся ў чэрвені 1918 года, у выніку чаго арганізацыя падзялілася на 3 часткі, адзін са стваральнікаў і сябра ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Падтрымліваў цесныя сувязі з Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па вяртанні ў Менск займаўся арганізацыяй беларускіх пачатковых школ. У верасні 1918 — траўні 1919 года быў дырэктарам Менскіх першых беларускіх настаўніцкіх курсаў, якія былі створаныя Сакратарыятам асветы БНР з дазволу камандавання германскай 10-й арміі і пасля прыходу савецкай улады былі пераўтвораныя ў 1-я Менскія беларускія педагагічныя курсы пры Менскім беларускім педагагічным інстытуце.
Працягваў дзейнасць у беларускім нацыянальным руху і ў часе польскай акупацыі Беларусі 1919—1920 гадоў. 10 жніўня 1919 года ў занятым палякамі Менску ўзнік прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый — Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК), у склад якога сярод іншых дзеячаў, як прадстаўнік Рады БНР, увайшоў Рак-Міхайлоўскі. Узначаліў Беларускую цэнтральную школьную раду, адначасова працуючы інструктарам беларускай секцыі школьнага аддзела Менскага магістрата, дырэктарам курсаў беларусазнаўства. У кастрычніку 1919 года згодна з дэкрэтам Юзафа Пілсудскага было распачата стварэнне беларускага нацыянальнага войска і дзеля гэтага была зацверджана Беларуская вайсковая камісія (БВК), Рак-Міхайлоўскі быў уключаны ў яе склад у якасці старшыні культурна-асветнай камісіі. У сакавіку 1920 года ўвайшоў у арганізацыйны камітэт створанага ў Менску Беларускага праваслаўнага народнага брацтва імя Святых Кірыла і Лаўрэнта Тураўскіх, за мэту якога было пастаўлена «аб’яднанне праваслаўных беларусаў дзеля абароны Святое праваслаўнае Веры на Беларускай зямлі і пашырэння нацыянальнай свядомасці сярод Беларускага Народу і ўмацавання паміж братчыкамі асноваў хрысціянскай маралі, добрага хрысціянскага жыцця і ўзаемнай помачы». Увайшоў у склад дэлегацыі на чале з Вацлавам Іваноўскім, якая 20—24 сакавіка праводзіла перамовы са старшынёй камісіі для распрацоўкі праекта ўрэгулявання польска-беларускіх дачыненняў Леанам Васілеўскім. У выніку перамоў беларускаму боку ўдалося дамагчыся выдзялення палякамі некаторых субсідый на развіццё беларускай нацыянальнай адукацыі.
У снежні 1919 года ў Менску адбыўся раскол Рады БНР, у выніку якой Рак-Міхайлоўскі ўвайшоў ва ўтвораную 13 снежня Найвышэйшую Раду БНР, якая выступала за далейшае выкананне абавязкаў прэм’ера Рады БНР Антонам Луцкевічам. Розніца дзвюх Рад (Найвышэйшая і Народная Рада БНР) заключалася ў тым, што прыхільнікі Найвышэйшай Рады стаялі на больш памяркоўных прапольскіх пазіцыях, у той час як іх апаненты — на антыпольскіх. Уваходжанне Рак-Міхайлоўскага, які дагэтуль прытрымліваўся радыкальных сацыялістычных поглядаў, у Найвышэйшую Раду было не вельмі лагічным. Польскія спецслужбы ў міжваенны перыяд тлумачылі гэта тым, што Рак-Міхайлоўскі і іншыя блізкія яму ідэйна дзеячы ўваходзілі ў паланафільскія структуры з заданнем падрыву гэтых структур знутры.
Пасля пачатку наступлення Чырвонай Арміі на Варшаву ў 1920 годзе Рак-Міхайлоўскі пакінуў Менск, спачатку перабраўся ў Ваўкавыск, а ў ліпені ў Горадню. У кароткі перыяд існавання савецкай улады ў горадзе, Рак-Міхайлоўскі працуе школьным інструктарам аддзела народнай адукацыі і займаецца арганізацыяй школ у Гродзенскім павеце. З сям’ёй Аркадзя Смоліча, з якою ён у той час жыў у адной кватэры, Рак-Міхайлоўскі вырашае застацца ў горадзе і пасля савецкага адступлення 17 ліпеня 1920 года. Паводле гісторыка Уладзіміра Адамушкі, ён быў вымушаны так зрабіць таму, што ў гэты час цяжка хварэлі на дызентэрыю ягоныя дзеці. Выкладаў у Гродзенскай беларускай гімназіі, удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Горадні. Польская паліцыя пазней адзначала як здзіўленне той факт, што пасля прыходу бальшавікоў у Гродна ні Рак-Міхайлоўскі, ні Аркадзь Смоліч не былі арыштаваныя. Больш за тое, Рак-Міхайлоўскі без перашкод пачаў выдаваць і супрацоўнічаць з газетай «Беларускае слова» (якая была забаронена толькі пазней ужо польскімі ўладамі).
Дзейнасць у Заходняй Беларусі
З канца верасня 1920 года Рак-Міхайлоўскі ўсё больш часу праводзіць у Варшаве і Вільні, а ў канцы студзеня 1921 года яго сям’я канчаткова перабіраецца ў Вільню, дзе ў кастрычніку 1920 года было створана польскае марыянеткавае дзяржаўнае ўтварэнне Сярэдняя Літва. У Дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы быў створаны беларускі аддзел, загадчыкам якога стаў Браніслаў Тарашкевіч. У 1920—1921 гадах Рак-Міхайлоўскі працуе дырэктарам і настаўнікам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах.
У траўні 1921 года семінарыя ў Барунах была закрыта польскімі ўладамі, пасля чаго Рак-Міхайлоўскі канчаткова перабраўся ў Вільню. 3 лета 1921 года загадваў беларускімі настаўніцкімі курсамі ў Вільні, адначасова з восені выкладаючы матэматыку ў Віленскай беларускай гімназіі.
Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, адзін з кіраўнікоў Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Беларускага выдавецкага таварыства, сябра Таварыства беларускай школы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў (1922—1925). У рапартах польскай палітычнай паліцыі за 1924 год Рак-Міхайлоўскі характарызаваўся як «чалавек гонару, вельмі асцярожны і разважлівы», які шчыра падтрымліваў ідэю незалежнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Разам з тым паліцэйскія аналітыкі, якія сачылі за ім, лічылі яго «дрэнным палітыкам», які «схільны пазбягаць вострых праблем, калі сітуацыя становіцца занадта складанай».