До́ўгае (, ) — аграгарадок у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Доўгаўскага сельсавета. Вёска, цэнтр сельсавета, за 25 км на ПнУ Клічава, 67 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Мілое на лініі Магілёў—Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на Пд мяжуе з лесам, на поўначы цячэ р. Даўжанка (прыток р. Друць). Транспартныя сувязі па мясц. дарозе праз в. Малінне і далей па шашы Клічаў—Чачэвічы.

Гісторыя Вядома па пісьмовых крыніцах з 1560 г. як сяло ў Любашанскай воласці ВКЛ, дзярж. уласнасць. У 1738 г. 10 гаспадарак. У 1775 г. сяло Доўгае ў Падзявіцкім войтаўстве Любашанскага староства Аршанскага павета, 35 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі.

У 1863 г. адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1891 г. навучалася 20 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. У 1880 г. цэнтр воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні: 67 двароў, 566 жыхароў. Меліся вадзяны млын, царква. У 1892 г. пабудавана новая царква. У 1897 г. 109 двароў, 904 жыхары, хлебазапасны магазін, піцейны дом. Побач быў фальварак (2 двары, 13 жыхароў) і смалярна-шкіпінарны завод. У 1908 г. у сяле 146 двароў, у маёнтку 1 двор, 8 жыхароў. У 1917 г. цэнтр воласці Ігуменскага павета: 179 двароў, 1101 жыхар. Апрача земляробства сяляне займаліся вырубкай і сплавам лесу. На рацэ Даўжанка працаваў вадзяны млын, дзейнічалі сукнавальня і ваўначоска.

У 1921 г. на базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені. З 20.8.1924 г. цэнтр сельсавета Чачэвіцкага раёна на Магілёўскай акрузе (да 26.7.1930). З 8.7.1931 г. у Клічаўскім раёне. З 20.2.1938 г. у Магілёўскай вобласці. У 1938 г. 4-гадовая школа ператворана ў 7-гадовую, у 1939 г. — у дзесяцігодку, першы выпуск якой адбыўся ў 1939. У 1925 г. адкрыта хата-чытальня. У 1930 г. арганізаваны калгасы імя Калініна і «Ударнік». У 1940 г. 199 двароў.

У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У канцы 1941 г. партызаны разграмілі ў вёсцы гітлераўскі гарнізон, аднавілі дзейнасць сельсавета, арганізавалі вясковую групу самаабароны. У верасні 1943 г. гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску, забілі 97 жыхароў. Вызвалена 29.6.1944 г. войскамі 3-й арміі 1-га Беларускага фронту.

Пасля вайны адбудавана. У 1954 г. уступіў у строй радыёвузел і вёска была радыёфікавана, а затым электрыфікавана. У 1990 г. 190 гаспадарак, 457 жыхароў, цэнтр саўгаса «Доўгаўскі». У 2007 г. вёска — цэнтр КСУП «Саўгас «Доўгаўскі», дзейнічаюць яслі-сад, магазін, аддзяленне ААТ «Беларусбанк», сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, сталовая, аддзяленне сувязі.

Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1738 год — 10 двароў. 1775 год — 35 двароў. XIX стагоддзе: 1880 год — 67 двароў, 566 жыхароў. 1897 год — 109 двароў, 904 жыхары. XX стагоддзе: 1908 год — 146 двароў (сяло), 1 двор (маёнтак), 8 жыхароў (маёнтак). 1917 год — 179 двароў, 1101 жыхар. 1940 год — 199 двароў. 1990 год — 190 гаспадарак, 457 жыхароў. XXI стагоддзе: 2007 год — 172 гаспадаркі, 414 жыхароў.

Планіровачна складаецца з 2 прамалінейных ахавальных вуліц шыротнай арыентацыі з завулкамі, забудаваных двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Невялікі, адасоблены ўчастак забудовы на У. Грамадскія будынкі размешчаны сярод жылой забудовы, гасп. сектар — на паўн.-зах. ўскраіне.

Крыніцы

Літаратура

Ліст карты N-35-96. Выданне 1981 г.

Спасылкі

Катэгорыя:Доўгаўскі сельсавет (Клічаўскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Клічаўскага раёна