Польская гісторыя ахоплівае гісторыю польскай дзяржавы і польскай нацыі з Х па XXI стагоддзе. Гісторыю польскай дзяржаўнасці прынята адлічваць з часоў кіравання Мешкі I — гістарычнага князя заходніх палян, які прыняў хрысціянства па лацінскім абрадзе. Польшча была адносна стабільнай да валадарання Баляслава III Крывавустага, пасля якога пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці, завершаны ўз’яднаннем польскіх зямель каралём Уладзіславам I Лакеткам. Да 1385 г. у Каралеўстве Польскім кіравала дынастыя Пястаў, затым дынастыя Ягелонаў. У 1569 г. Каралеўства Польскае аб’ядналася з Вялікім Княствам Літоўскім у Рэч Паспалітую — федэратыўную дзяржаву, якая (пасля трох падзелаў) канчаткова скончыла сваё існаванне ў 1795 г. Тэрыторыі Польшчы знаходзіліся ў складзе Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперый да аднаўлення польскай дзяржаўнасці 11 лістапада 1918 г. У 1921 г. у выніку Рыжскага мірнага дагавора да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. 1 верасня 1939 г. Трэці Рэйх пачаў Другую сусветную вайну, напаўшы на Польшчу. Пасля вайны Польшча (межы якой істотна змяніліся) стала незалежнай сацыялістычнай Польскай Народнай Рэспублікай. У 1989 г. адбыліся палітычныя змены, і да цяперашняга часу Польшча існуе як Рэспубліка Польшча (), або Трэцяя Рэч Паспалітая.

Утварэнне Польскай дзяржавы

У IX—X стст. на сучаснай тэрыторыі Польшчы жылі розныя заходнеславянскія плямёны, сярод якіх вылучаліся вісляне і паляне. Першыя займалі тэрыторыю з цэнтрам у Кракаве, другія — з цэнтрам у Гнезна. Менавіта паляне ў X ст. здолелі аб’яднаць вакол сябе сваіх суседзяў і паклалі пачатак дзяржаве, якая ад іх і празвалася Польшчай. Старажытныя легенды, запісаныя польскімі летапісцамі, расказваюць пра князя Крака, у гонар якога быў названы горад Кракаў, пра князя Папеля, які быў выгнаным за свае злачынствы. Існуюць легенды і пра Земавіта, сына хлебароба Пяста, па імені якога была названа першая гістарычная польская кіруючая дынастыя. З нашчадкаў Пяста выйшаў князь Мешка I (960—992), першы гістарычна вядомы князь. Валоданні Мешка ўключалі ў сябе Вялікую Польшчу (вобласць рассялення палян), а таксама землі па сярэднім цячэнні Віслы. У 965 Мешка ажаніўся з дачкой чэшскага князя Баляслава I — Дабравай, а ў 966 — прыняў хрысціянства па заходнім абрадзе. Для таго, каб паслабіць залежнасць ад германскага імператара, васалам якога Мешка I прызнаў сябе ў 963, польскі князь на падставе Дароўнага акту аддаў Польшчу пад заступніцтва Святога Прастола. На карысць Святога Прастола Польшча з гэтага часу плаціла штогадовую даніну — «лепту Св. Пятра».

Сын Мешка — Баляслаў Храбры (992—1025) працягнуў будаўніцтва польскай дзяржавы, аб’яднаўшы пад сваёй уладай усе польскія плямёны. У 1000 годзе ён заключыў дагавор з Атонам I (германскім каралём, з 962 — імператарам свяшчэннарымскім), паводле якой стваралася самастойнае архібіскупства з цэнтрам у Гнезна. Тым самым была пацверджана незалежнасць польскіх земляў ад імперыі. У 1025 годзе Баляслаў прыняў каралеўскі тытул. Да таго часу Польшча ўяўляла сабою краіну з развітой сістэмай замкаў і гродаў, пачынае складацца і польскае рыцарства (milites), якое атрымлівала зямлю за службу князю, і nobiles — шляхта.

Аднак пасля смерці Баляслава пачаліся міжусобіцы. Дробныя польскія князі патрабавалі ад Мешка (Мячыслава) II (1026—1034) вылучыць ім долі. Патрабаванні былі задаволены, але беспарадкі не спыніліся, і амаль уся дынастыя Пястаў была знішчана. Выкарыстаўшы ўнутраныя праблемы, суседзі Польшчы захапілі частку земляў, якія належалі ёй да таго часу: немцы — усе заваяваныя Баляславам землі ўздоўж цячэння Эльбы, датчане — Памор’е, чэхі аднавілі сваю незалежнасць, а кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч заняў Чэрвенскія гарады.

Казіміру Узнавіцелю (1034—1058) удалося выправіць сітуацыю. Абапіраючыся на саюз з Руссю, ён вярнуў Польшчы Мазовію і Сілезію. У той жа час у перыяд яго кіравання адбылося адно з самых буйных народных паўстанняў таго часу (1037—1038). Паўстанне было накіравана супраць царкоўных і свецкіх улад, і для падаўлення яго спатрэбілася дапамога імператара Конрада II.

Баляслаў II (1058—1079), празваны Смелым, імкнуўся працягнуць палітыку свайго прадзеда — Баляслава I Храбрага, выкарыстаючы спрыяльную міжнародную сітуацыю. У барацьбе паміж імператарам Генрыхам IV і папам Рыгорам VII ён выступіў на боку апошняга. Гэта прынесла свой плён: у 1075 у Польшчу прыбыў папскі пасланец, каб канчаткова замацаваць правы Гнезненскага архібіскупства, а ў 1076 Баляслаў II быў каранаваны. У гэтых умовах ён не адважыўся адхіліць просьбу папы, які прасіў яго дапамагчы князю Ізяславу ў барацьбе за кіеўскі сталец. У 1077 Баляслаў здзейсніў паход на Кіеў. Горад быў узяты, Ізяслаў зноў стаў кіеўскім князем. Аднак як толькі палякі вярнуліся дадому, браты Ізяслава зноў выступілі супраць яго, і князь загінуў у бітве (1078). Валадаранне самога Баляслава скончылася катастрофай. Пасля забойства абвінавачанага ім у здрадзе біскупа кракаўскага Станіслава ў краіне пачаўся мяцеж магнатаў, і Баляслаў змушаны быў збегчы ў Венгрыю. Сталец заняў яго брат — Уладзіслаў Герман (1079—1102), падчас кіравання якога цэнтральная ўлада моцна саслабла. Сам Уладзіслаў Герман насіў не каралеўскі, а княжацкі тытул, а справамі пры ім запраўляў ваявода Сецех, які нават чаканіў уласную манету. Пры яго сыне — Баляславе III Крывавустым (1102—1138) ізноў узяла верх тэндэнцыя да аб’яднання. Па завяшчанні свайго бацькі ён атрымаў у кіраванне толькі частку земляў — Малую Польшчу і Сілезію, вялікапольскія землі дасталіся яго старэйшаму брату — Збігневу. Збігневу належала і вярхоўная ўлада ў дзяржаве. Паміж братамі пачаліся канфлікты, і сітуацыя абвастрылася настолькі, што, каментуючы яе, чэшскі храніст пісаў: «Двух катоў нельга адначасова пасадзіць у адзін мяшок». Баляслаў склаў цесны саюз з Кіевам, ажаніўшыся з дачкой кіеўскага князя — Збыславай, і ўсталяваў добрасуседскія адносіны з венграмі. Маючы такіх саюзнікаў, ён вымусіў Збігнева пакінуць Польшчу і падпарадкаваў польскія землі, якія былі адышлі, акрамя Памор’я. У 1109 у Польшчу, сумесна з чэхамі, уварваліся імператарскія войскі. Пад выглядам аднаўлення ў правах Збігнева імператар спадзяваўся аднавіць свае правы ў Польшчы, аднак гэтым надзеям не наканавана было ажыццявіцца. Выгнаўшы немцаў з краіны і склаўшы ў 1114 мір з чэхамі, Баляслаў III аднавіў наступ на Памор’е і далучыў да Польшчы яго ўсходнюю частку, а ў 1121 вымусіў князя Заходняга Памор’я прызнаць сябе васалам Польшчы.

Феадальная раздробленасць У 1138 завяшчаннем Баляслава III быў узаконены парадак сеньёрыяту. Дзяржаву падзялілі на ўдзелы паміж сынамі, але старэйшы ў родзе адначасова станавіўся вялікім князем. Акрамя асабістага ўдзелу, ён атрымліваў велікакняжацкі — з гарадамі Гнезнам і Кракавам. З гэтага часу для Польшчы можна гаварыць аб перыядзе феадальнай раздробненасці.

Колькасць удзелаў расла, улада цэнтральнай адміністрацыі слабела. З XII ст. узмацніўся націск немцаў на славянскія землі за Эльбай. На захопленых землях было створана маркграфства Брандэнбург, з тэрыторыі якога здзяйснялася далейшае прасоўванне на ўсход. Сітуацыя ўскладнялася бесперапыннымі ўсобіцамі паміж сынамі Баляслава III. У 1157 адзін з іх — Уладзіслаў Выгнаннік — заклікаў на дапамогу імператара Фрыдрыха I Барбаросу. Выкарыстаўшы спрыяльную магчымасць, Фрыдрых паставіў Польшчу ў ленную залежнасць ад імперыі. У 1226 удзельны князь Конрад Мазавецкі запрасіў рыцараў Тэўтонскага ордэна для барацьбы з прусамі. Тэўтонскі ордэн заваяваў зямлю прусаў і стварыў на іх тэрыторыі моцную дзяржаву, якая павяла барацьбу за панаванне ў Прыбалтыцы.

У 1240 у Польшчу ўварваліся мангола-татары, у сакавіку 1241 імі быў узяты і спалены Кракаў. У 1257 і 1287 набегі паўтарыліся.

Перыяд феадальнай раздробненасці быў і перыядам развіцця прадукцыйных сіл. Для засваення пустуючых земляў землеўласнікі сталі запрашаць каланістаў з іншых краін. Сярод каланістаў пераважалі немцы, якія прынеслі з сабою нямецкае права. Сялянскія павіннасці на карысць феадала выразна фіксаваліся. Выплаціўшы чынш і выканаўшы іншыя ўскладзеныя на яго абавязкі, селянін мог пакінуць вёску. Нямецкае права распаўсюдзілася і на прынцыпы самакіравання. На чале вёскі стаяў стараста — солтыс, які займаўся ўладкаваннем каланістаў і здзяйсняў суд па дробных справах. Расла колькасць гарадоў, якія, пачынаючы з XIII ст., таксама набывалі правы самакіравання (г. зв. Магдэбургскае права).

Аб’яднанне Польшчы У 1290-я абвастрылася барацьба за польскі сталец. У 1290 кракаўскім князем стаў Пшэмысл. У 1295 ён быў каранаваны польскім каралём — Пшэмыслам II (1295—1296). Супраць яго выступілі Уладзіслаў Лакетак (так ён быў празваны за малы рост) і чэшскі кароль Вацлаў II. Пшэмысл распаўсюдзіў сваю ўладу на Вялікую Польшчу і Памор’е, але ў 1296 быў забіты ў выніку змовы магнатаў. Пасля нядоўгага валадарства Лакетка, скінутага польскімі феадаламі, каралём у 1300 стаў Вацлаў II Чэшскі (1300—1305), які захапіў Вялікую Польшчу. Па ўсіх польскіх абласцях ён разаслаў сваіх намеснікаў — старост, якія падпарадкоўваліся толькі каралю, што спрыяла цэнтралізацыі дзяржавы.

Уладзіслаў Лакетак тым часам не спыніў барацьбу. Вярнуўшыся з выгнання ў 1305, ён на чале венгерскіх атрадаў заняў Кракаў. Лакетка прызналі Малая Польшча і Усходняе Памор’е. Аднак ужо ў 1308—1309 Усходняе Памор’е было занята крыжакамі, а ў 1311—1312 у Кракаве ўспыхнуў бунт патрыцыяту, які прызнаў сваім каралём Яна Люксембургскага. Бунт кракаўскіх гараджан Лакетак жорстка задушыў, а ў 1314 далучыў да Малой Польшчы Вялікую Польшчу і пачаў барацьбу за аб’яднанне ўсіх польскіх земляў. У 1320 ён быў каранаваны польскай каронай (1320—1333). Каранаванне ўпершыню адбылося ў Кракаве.

Справу бацькі працягнуў яго сын — польскі кароль Казімір III Вялікі (1333—1370). Карыстаючыся пераважна дыпламатычнымі метадамі, ён вярнуў Польшчы Куявію і Добжынскую землі (1343), Мазовію (1351—1353), а таксама адабраныя Брандэнбургам гарады. У 1349 Казімір уварваўся ў Галічыну, захапіў Львоў і Галіч. У 1360-я пад яго ўладу перайшлі Уладзімір-Валынскі і Камянец-Падольскі. У Львове ён пасяліў калонію армян, якія займаліся пасрэдніцкім гандлем паміж Усходам і Захадам: праз іх у Еўропу траплялі перац, прыправы, шоўк, персідскія дываны.

У перыяд кіравання Казіміра III адбылася кадыфікацыя польскага заканадаўства. Былі выдадзены Пётркаўскі (для Вялікай Польшчы) і Вісліцкі (для Малой Польшчы) статуты, пазней аб’яднаныя ў Збор статутаў Казіміра Вялікага. Праведзеныя адміністрацыйная і грашовая рэформы. У 1364 на ўзор Балонскага ўніверсітэта была заснавана Кракаўская акадэмія, дзе асноўная ўвага надавалася падрыхтоўцы юрыстаў. Пры Казіміры ў Польшчы вялося шырокае будаўніцтва. Па словах летапісца, Уладзіслаў Лакетак пакінуў Польшчу драўляную, а Казімір — каменную.

Дынастыя Ягелонаў

Са смерцю Казіміра Вялікага дынастыя Пястаў перапынілася. Улада перайшла да прадстаўніка Анжуйскай дынастыі, венгерскага караля Людовіка I Вялікага, з 1370 адначасова і караля польскага. Яшчэ ў 1355 ён выдаў прывілей, паабяцаўшы польскай арыстакратыі не ўводзіць надзвычайных падаткаў і пакрываць усе ваенныя выдаткі ў выпадку заняцця стальца. У 1374 ім быў выдадзены Кошыцкі прывілей, які вызваляў шляхту практычна ад усіх падаткаў, за выключэннем невялікага зямельнага падатку, што стварала асновы для развіцця шляхецкага самакіравання.

Пасля перыяду бескаралеўя (1382—1384) на прастол узышла дачка Людовіка — Ядвіга. Малапольская шляхта, якая фактычна кіравала ў дзяржаве, прапанавала вялікаму князю літоўскаму Ягайлу руку Ядвігі і польскі сталец у абмен на заключэнне уніі з Польшчай. У 1385 у Крэўскім замку быў падпісаны дагавор, па якім Ягайла мусіў прыняць хрысціянства па каталіцкім абрадзе, ахрысціць Літву і ўключыць яе зямлі ў склад Польшчы. У 1386 ён быў каранаваны пад імем польскага караля Уладзіслава II (1386—1434), паклаўшы пачатак новай, Ягелонскай дынастыі, якая правіла ў Польшчы звыш 200 гадоў. Вялікае Княства Літоўскае, дзякуючы палітыцы вялікага князя Вітаўта (1392—1430), захавала сваю самастойнасць.