Бу́дзішча (, ) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вендаражскага сельсавета. Размешчана за 32 км на захад ад Магілёва, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Вендрыж на лініі Магілёў—Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на ўсход мяжуе з лесам. На поўнач цячэ р. Сенна (Жыварэзка, прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Вендараж і далей па шашы Магілёў—Бабруйск.
Гісторыя
Пад уладай Расійскай імперыі Вядома ў Расійскай імперыі з XVIII ст. У 1777 годзе вёска ў Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. У 1785 годзе вёска (у складзе маёнтка Вендараж) і сяльцо, цэнтр маёнтка ў Магілёўскім павеце, шляхецкая ўласнасць. У 1847 годзе вёска ў складзе маёнтка Рубцоўшчына Магілёўскага павета Магілёўскай губерні, уласнасць памешчыка. У 1857 годзе 30 жыхароў мужчынскага полу. У 1880 годзе 12 двароў, частка вяскоўцаў займалася кавальскім промыслам. У 1897 годзе меўся заезны дом.
Найноўшы час 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны партызан».
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У вёсцы і наваколлі базіраваўся 121-ы партызанскі атрад (з ліпеня 1943 года полк) Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы. У гонар партызан 121-га палка імя А. М. Касаева на заходняй ускраіне вёскі ў 1971 годзе пастаўлены помнік. У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Вендараж» (цэнтр — в. Вендараж). Размяшчаліся вытворчае аддзяленне, працавалі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, 8-гадовая школа.
Планіроўка Планіровачна складаецца з плаўна выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і забудаванай двухбакова, шчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На заходняй ускраіне — гаспадарчы сектар.
Насельніцтва 1785 — 7 двароў, 32 жыхары; у сяльцы — 1 двор, 8 жыхароў. XIX стагоддзе: 1857 — 30 жыхароў мужчынскага полу. 1880 — 12 двароў. 1897 — 18 двароў, 104 жыхары. XX стагоддзе: 1909 — 20 двароў, 112 жыхароў. 1926 — 38 двароў, 257 жыхароў. 1990 — 44 гаспадаркі, 77 жыхароў. XXI стагоддзе: 2007 — 35 гаспадарак, 77 жыхароў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Вендаражскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Магілёўскага раёна