Мінскпраект, праектнае камунальнае унітарнае прадпрыемства «Мінскпраект» — найбуйнейшая праектная арганізацыя Беларусі, якая забяспечвае беларускую сталіцу комплекснай праектна-каштарыснай дакументацыяй па забудове горада і прыгараднай зоны. Мінскпраект выконвае таксама функцыі тэрытарыяльнага праектнага інстытута па ўвязцы і размяшчэнні аб’ектаў, праекты якіх выконваюць іншыя арганізацыі.
Член Рэспубліканскага саюза будаўнікоў.
Гісторыя
У студзені 1945 года пасля вызвалення Мінска пры галоўным архітэктары Мінска ствараецца архітэктурна-планіровачная майстэрня. Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР ад 5 лютага 1953 года архітэктурна-планіровчная майстэрня рэарганізавана ў праектную кантору «Мінгарпраект». 30 красавіка 1959 года Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР праектная кантора «Мінгарпраект» перайменавана ў Дзяржаўны праектны інстытут «Мінгарпраект», а ў красавіку 1961 года «Мінгарпраект» перайменаваны ў Дзяржаўны праектны інстытут «Мінскпраект».
У 1975 годзе на вуліцы Берсана ўзведзены новы будынак інстытута па праекце архітэктараў П. Кракалёва, С. Замараева, Л. Пагарэлава.
Рашэннем Мінгарвыканкама № 327 ад 21 красавіка 1997 года Дзяржаўны праектны інстытут «Мінскпраект» перайменаваны ў Дзяржаўнае прадпрыемства "Інстытут «Мінскпраект». Рашэннем Мінгарвыканкама № 707 ад 4 красавіка 2001 года Дзяржаўнае прадпрыемства "Інстытут «Мінскпраект» перайменавана ў Праектнае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскпраект».
Дзейнасць
Па праектах Мінскпраекта пабудаваны многія новыя жылыя раёны сталіцы: Малінаўка, Уручча, Красны Бор, Сухарава, Лошыца, а таксама раёны масавай жылой забудовы: Масюкоўшчына, Брылевічы, Каменная Горка, характэрнай рысай якіх з’яўляецца прынцып комплекснага будаўніцтва і добраўпарадкавання.
Інстытут займаўся праектаваннем унікальных грамадскіх будынкаў рознага прызначэння і добраўпарадкавання Мінска. Па праектах Мінскпраекта пабудаваныя многія будынкі, якія надалі яму характар і маштаб еўрапейскай сталіцы: гасцініца «Беларусь», Нацыянальны аэрапорт Мінск, аўтавакзал Маскоўскі, галоўны будынак чыгуначнага вакзала, крыты футбольны манеж, будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, падземны грамадска-гандлёвы цэнтр «Сталіца» з паркінгам на плошчы Незалежнасці, а таксама рэканструяваны асноўныя гарадскія праспекты і вуліцы, паркі, скверы і бульвары.
Колькасць працоўных інстытута — 650 чалавек. Вышэйшая інстанцыя — Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарвыканкама.
Кіраўнікі інстытута Кіраўнікамі прадпрыемства ў розныя гады былі:
Елісееў А. М. (04.01.1950 — 31.05.1951), Пекарчык С. А. (31.05.1951 — 05.11.1959), Лінёвая Н. А. (13.11.1959 — 26.01.1960), Ляўко І. І. (26.01.1960 — 09.12.1966 і 04.03.1975 — 01.03.1981), Мадалінскі Г. А. (09.12.1966 — 05.03.1975), Гардзіенка М. Ц. (18.02.1981 — 13.01.1986), Інчакоў Н. А. (13.01.1986 — 20.03.2002), Лявуненка В. Ф. (06.09.2002 — 08.09.2003), Мілашэўскі І. Я. (08.09.2003 — 31.08.2008), Ярмаловіч А. П. (05.01.2009 г. — па цяперашні час).
Веб-старонка
https://minskproekt.by
Катэгорыя:1945 год у Мінску Катэгорыя:Праектныя арганізацыі Мінска