Жура́вічы (, ) — аграгарадок у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Журавіцкага сельсавета. Размешчаны за 55 км на паўночны ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў—Жлобін), за 102 км ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе 246 Доўск—Слаўгарад.

Гісторыя Выяўленыя паблізу курганы жалезнага веку сведчаць аб засяленні гэтых мясцін з далёкай старажытнасці.

Па пісьмовых крыніцах вядома з XV ст. як вёска Жоравічы ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. У 1551 годзе Базыль Юдзіцкі атрымаў Журавічы (разам з маёнткамі Свержань і Балотня) ад Жыгімонта II Аўгуста за заслугі ў барацьбе супраць ардынцаў.Мицик Ю. Albaruthenica. Студії з історії Білорусі. — Київ: Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 2009. С. 241 У 1668 годзе маёнтак ва ўладанні ў рэчыцкага войскага Станіслава Міхала ЮдзіцкагаНГАБ, ф. 1875, воп. 1, спр. 5.

У 1720 годзе пабудаваны драўляны касцёл, які ў канцы XVIII ст. быў перабудаваны (не захаваўся).

У складзе Расійскай імперыі Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У 1777 годзе маёмасць падстарасты Іаана Юдзіцкага і Марыяны Пузыны з Юдзіцкіх (дачкі Міхала Юдзіцкага).Ведомость о дворянах Могилевской губернии, по разделению на 12-ть уездов, 1777 год, c. 12,14Мицик Ю. Albaruthenica. Студії з історії Білорусі. — Київ: Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 2009. С. 246 У 1799 годзе ва ўладанні Дзерналовічаў, потым Вішчынскіх.

У вайну 1812 года каля Журавіч адбываліся сутычкі французскіх войск з атрадамі расійскага генерала Ф. Ф. Эртэля.

У XIX стагоддзі мястэчка, штогод праводзіліся 4 кірмашы, на якіх у 1861 годзе было прададзена тавараў на 54 000 рублёў. Праз вёску праходзіла паштовая дарога з Кармы ў Новы Быхаў. У 1826 годзе уладанне памешчыцы Пузаноўскай. У 1838 годзе 114 двароў. З 1848 года дзейнічала 1-класнае прыходскае вучылішча.

У 1860 годзе працавалі царква, касцёл, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, у Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні. Побач складвалася сяленне Новыя Журавічы (7 двароў, 47 жыхароў), уладанне памешчыцы Хмызоўскай. З 1872 года дзейнічала крупарушка.

З 1880 года ў фальварку працавала сукнавальня.

У 1883 годзе адкрыта аптэка. З 1884 года дзейнічала народнае вучылішча, якое ў[1901 годзе на Мінскай юбілейнай выставе ўдастоена пахвальнага ліста. У 1892 і 1900 гг. пабудаваны 2 вінакурні. У 1907 годзе паштовае аддзяленне адкрыла прыём тэлеграм, з 1908 года дзейнічала пазыка-ашчадная каса. У 1911 годзе адкрыта бібліятэка пры школе.

Пры савецкай уладзе З 1924 года працаваў ветэрынарны пункт. З 17 ліпеня 1924 года да 8 ліпеня 1931 года і з 5 красавіка 1935 года да 17 снежня 1956 года цэнтр Журавіцкага, з 12 лютага 1935 года да 5 красавіка 1935 года Доўскага раёнаў. З 20 жніўня 1924 года цэнтр сельсавета Журавіцкага, з 8 ліпеня 1931 года Кармянскага, з 12 лютага 1935 года Доўскага, з 5 красавіка 1935 года Журавіцкага, з 17 снежня 1956 года Рагачоўскага раёнаў Магілёўскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас «12 гадоў Кастрычніка», потым — калгас «XVI партз’езд», працавалі З кузні, шавецкая, кравецкая і торфаздабываючая арцелі, нафтавы млын, гантарэзка, вятрак, 4 крупарушкі, ваўначоска і сукнавальня.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў сфарміраваны знішчальны батальён (180 чал.), які далучыўся да часцей Чырвонай Арміі. 14 жніўня 1941 года вёска занята нямецкімі войскамі. У лістападзе 1941 года акупанты расстралялі тут 400 ваеннапалонных. Было створана гета ў Журавічах. У 1941 годзе і лістападзе 1943 года карнікі спалілі 167 двароў і загубілі 130 жыхароў. Вызвалена 26 лістапада 1943 года. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 133 землякі.

У часы незалежнасці Цэнтр калгаса «12 гадоў Кастрычніка». Станам на 2005 год тут размешчаны льнозавод, малочны завод, млын, нафтабаза, пякарня, механічная майстэрня, камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, аптэка, дзіцячыя яслі-сад, аддзяленне сувязі, сталовая, 7 магазінаў. У лютым 1986 года ў Доме культуры адкрыты музей драматурга, народнага пісьменніка БССР А. Макаёнка.

Планіроўка Планіровачна складаецца з 7 крыху выгнутых вуліц шыротнай арыентацыі, перакрыжаваных мерыдыянальнымі вуліцамі. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1826 год — 1066 жыхароў; 1860 год — 185 двароў, 1203 жыхары, у сяленні Новыя Журавічы год — 7 двароў, 47 жыхароў; 1880 год — 220 двароў, 2179 жыхароў, у тым ліку 551 праваслаўны, 10 каталікоў, 1618 іўдзеяў; 1896 год — 356 двароў; XX стагоддзе: 1905 год — 3200 чалавек С. 376.; 1940 год — 434 двары, 1646 жыхароў; 1959 год — 1627 жыхароў; 1994 год — 1041 жыхароў. XXI стагоддзе: 2004 год — 361 гаспадарка, 992 жыхары.

Славутасці

Страчаная спадчына

касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1720)

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары Сяргей Мікалаевіч Даўгалёў (нар. 1982) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Сэмюэль Дзінін (1902—1972)https://www.bjela.org/dr-samuel-dinin Барыс Міронавіч Шапіра — беларускі навуковец-аграрнік Фёдар Ісаакавіч Шмідаў (1911—1995) — савецкі матэматык. Выкладчык МДУ імя Ламаносава.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Журавіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Рагачоўскага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства