Наваку́хнаўшчына (, ) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавета.
Геаграфія Вёска месцілася за 32 км на паўднёвы захад ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Хойнікі (на ветцы Васілевічы — Гомель ад лініі Калінкавічы — Гомель), за 135 км ад Гомеля; сёння — на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на поўначы — меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Прыпяць (прыток р. Дняпро).
Гісторыя Упершыню ўрочышча Кухенка (Kuchenka) згаданае ў размежаванні добраў Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста, Хойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага, складзеным 30 чэрвеня 1803 года, а 13 сакавіка 1806 года змешчаным у кнігах Рэчыцкага земскага суда. Менавіта ў тым урочышчы быў насыпаны 33-ці капец, пры якім сутыкаліся межы што да ўгоддзяў прылегласці Barborowszczyzny Кажушак, хойніцкіх Навасёлак і фальварку Бабчын hrabstwa BrahińskiegoArchiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 12. S. 24 паноў Ракіцкіх.
На 1909 год ва ўрочышчы Кухнаўшчына (Кухновщизна) Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні ў адным двары было 10 жыхароўСписок населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 101.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Кухнаўшчыне налічвалася 38 двароў, 110 жыхароў. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску, загубілі аднаго чалавекаБез срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 501. 12 вяскоўцаў загінулі на франтах і прапалі без вестакПамяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна (далей: Памяць). — Мінск: БЭ, 1993. С. 249.
Пасля вайны, з волі чыноўнікаў, вёску пачалі афіцыйна называць і пазначаць на картах Навакухнаўшчынай. Паводле перапісу 1959 года ў Навакухнаўшчыне — 135 жыхароў. У складзе калгаса імя XXII з’езда КПСС (цэнтр — вёска Кажушкі).
Да 8 студзеня 1987 года вёска Навакухнаўшчына належала да Кажушкаўскага сельсавета, пасля — у складзе Тульгавіцкага сельсаветаРашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901)..
Вядомыя асобы Уладзімір Аляксандравіч Малашчанка (нар. 1939) — вучоны ў галіне механікі. Доктар тэхнічных навук, прафесарhttps://esu.com.ua/article-61106.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Судкоўскі сельсавет