Міхаі́л Сілуя́навіч Кахано́віч (, в. Вялікія Лукі, Навагрудскі павет, Мінская губерня (цяпер Баранавіцкі раён) — , Мінск, НКУС; Крыптанім: M. K-č) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар, публіцыст. Пасол Сойма Польскай Рэспублікі.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Навучаўся ў Мінскай духоўнай семінарыіСписок студентов Императорского Харьковского университета на 1908–1909 академический год. С. 126.. Скончыў Навагрудскую гімназію, а затым гісторыка-філалагічны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта (1910). Працаваў выкладчыкам у сярэдніх навучальных установах у Вільні: у гандлёвай школе, з 1912 года — у прыватнай мужчынскай гімназіі КатхеПамятная книжка Виленской губернии на 1911 год. С. 37; тая ж на 1913 год. С. 62.. Паводле ацэнак тагачасных назіральнікаў (якія зафіксавала пазней польская палітычная паліцыя), у даваенны перыяд ён цесна супрацоўнічаў з мясцовымі расійскімі дзеячамі чарнасоценнага кірунку Саланевічам і Кавалюком і сам меў рэпутацыю «лютага рэакцыянера» і прыхільніка «чорнай сотні».

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны і адступлення расійскіх войскаў летам 1915 года эвакуяваўся ў Магілёў. Працаваў выкладчыкам у Магілёўскім рэальным вучылішчы і, паводле некаторых звестак, быў дэпутатам Магілёўскай гарадской думы. У 1915 годзе стаў галоўным рэдактарам-выдаўцом афіцыйнай губернскай газеты «Могилевский вестник»Памятная книжка Могилёвской губернии на 1916 год. С. 45..

Менавіта ў Магілёве Кахановіч упершыню адкрыта выступіў як свядомы беларус. Стаў членам Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года — старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. У ліпені 1917 года быў удзельнікам З’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску.

Летам 1918 года вярнуўся ў Вільню. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні розных беларускіх нацыянальных і культурных арганізацый. Быў членам і працаваў у Беларускай радзе ў Вільні, адкрыта выступаў за стварэнне агульнай Літоўска-Беларускай дзяржавы. Удзельнічаў у арганізацыі Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны.

У 1918—1919 гадах стаў адным са стваральнікаў і першым дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Быў старшынёй яе педагагічнай рады. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтральнай Беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Паводле даных польскай палітычнай паліцыі (1924), гімназія пад яго кіраўніцтвам «гадавала ворагаў Польшчы і партызан бальшавізму», многія з выпускнікоў пасля з’язджалі ў Савецкую Беларусь або працягвалі вучобу ў Пражскім універсітэце, дзе далучаліся да Студэнцкага саюза (бальшавікоў). Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў газетах «Беларуская крыніца», «Беларускія ведамасці», «Беларускім жыцці» і інш. Аўтар успамінаў пра І. ЛуцкевічаАпублікаваны ў зборніку: «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі смерці яго», 1920..

У 1922 годзе быў абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі ад Блока нацыянальных меншасцей, член Беларускага пасольскага клуба. Паводле польскай разведкі, Кахановіч лічыўся нефармальным лідарам радыкальнага левага крыла беларускага нацыянальнага руху. Хаця афіцыйна трымаўся прынцыпу беспартыйнасці, актыўна абараняў нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў парламенце і паралельна працягваў працаваць у Цэнтральнай школьнай радзе і навуковым таварыстве ў Вільні. З-за канфлікту з падначаленымі ў гімназіі летам 1923 года ён быў вымушаны падаць у адстаўку з пасады дырэктара (фармальна — па ўласным жаданні) і пераехаць у Баранавічы, дзе таксама выконваў свае парламенцкія абавязкі.

У 1925 годзе добраахвотна адмовіўся ад мандата польскага пасла (дэпутата) і пераехаў у БССР. Працаваў у рэдакцыях газеце «Савецкая Беларусь» і часопісе «Савецкае будаўніцтва»; у выдавецтвах (у т.л. Беларускім дзяржаўным выдавецтве). Займаўся перакладамі, пераклаў на беларускую мову творы З. Оськіна, В. Владко, П. Кушнера, Я. Захера і інш.

У жніўні 1933 года, падчас масавых рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі ў БССР, быў арыштаваны. На момант арышту працаваў карэктарам у друкарні імя Сталіна. Арыштаваны 10.8.1933 у Мінску па адрасе: вул. Пpавіянцкая, д. 20 па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» (БНЦ). Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 9.1.1934 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў маі 1934 года. Рэабілітаваны трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 18 красавіка 1956 года. Асабовая справа М. Каханівіча № 10182-с (спынена 16.8.1956) з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Сям'я Быў жанаты, меў дзіця. Дачка Зоя (памерла ў 2002 годзе) разам з сынам Віктарам Кахановічам (памёр) жыла ў Магілёве, праўнукі і прапраўнукі М. Кахановіча жывуць у Магілёве.

Творы Магілёўцы і незалежнасць (мае ўспаміны) // «Наша Думка», Вільня, 25.3.1921 № 12 (перадрук: Спадчына 6/1997) Здрада ў Вільні: (Да 10-х угодкаў Віленскай беларускай гімназіі) // Асвета. 1929, № 4.

Памяць У 2024 годзе імя Міхаіла Кахановіча нададзена адной з вуліц у Магілёве.

Літаратура Багдановіч Я. На жыццёвым шляху. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 81, 140;

Горны А. Міхаіл Кахановіч: лёс інтэлігента // Краязнаўчая газета. 2013. № 14. С.4; № 15. С.4. Агееў А. Р. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917—1918): манаграфія / А. Р. Агееў, І. А. Пушкін. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. — 292 с.

Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Члены Беларускага пасольскага клуба Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Рэдактары Беларусі Катэгорыя:Рэдактары XX стагоддзя Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты XX стагоддзя Катэгорыя:Справа Беларускага нацыянальнага цэнтра Катэгорыя:Члены Рускага геаграфічнага таварыства да 1917 года Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Рэктары Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польскай Рэспублікі (1918—1939) 1 склікання Катэгорыя:Выпускнікі Харкаўскага ўніверсітэта