Канча́р — від халоднай клінковай зброі, эвалюцыйная форма мяча, якая характырызуецца вельмі доўгім, выключна колючым клінком 3- ці 4-граннага сячэння, прыстасаваным для прабівання даспехаў.
Мог выкарыстоўвацца замест рыцарскага кап’я («дрэва») пасля яго злому ў першай атацы, быў карацейшы, але цалкам з металу. Асноўным прызначэнне канчара былі ўдары з гары, каб прабіць даспехі ляжачага ворага ці пяхоты, падымаючы і апускаючы каня на дыбкі і выкарыстоўваючы яго масу канцэнтравана ў адзін пункт. З прычыны значных памераў канчар ў похвах мацаваўся да сядла, пад левым ці правым каленам. Рукаяць канчара мела мячовую, шпажную ці шабельную форму.
Парадныя канчары маглі афармляцца ў арыентальным стылі. У пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага канчар вядомы з 2-й паловы XVI стагоддзя. Спачатку канчары не заўсёды дакладна размяжоўваліся з мячамі і былі слаба распаўсюджаны, асабліва ў феадальным апалчэнні. У 1570—1580-х гадах канчары выступаюць ужо як звыклы элемент феадальных арсеналаў. Выйшлі з ужытку ў XVIII стагоддзі.
Крыніцы
Катэгорыя:Клінковая зброя Катэгорыя:Халодная зброя паводле алфавіта Катэгорыя:Мячы (зброя)