Клепачы́ (, ) — вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Азярніцкага сельсавета.

Гісторыя За 2,5 км на захад ад вёскі, за 20 м на поўдзень ад возера Бяздоннае знаходзіцца каменны могільнік канца XIV — пач. XVI ст. На пляцоўцы памерам 200х50 м больш за 100 магіл.

Магілы, згрупаваныя па 2, 3 і больш, працягнуліся няроўнымі радамі з поўначы на поўдзень. У галаве пахаванняў вялікія камяні, зрэдку крыху меншыя — у нагах. Некаторыя камяні абчасаны з бакоў, на адным выбіты крыж вышынёю 9 см. Характэрныя каменныя вымасткі авальнай формы. У пахаваннях найбольш старажытнай часткі могільніка выяўлены вуглі і інвентар (большасць даследаваных магіл без інвентару). Выяўлены рэшткі дамавін, вугалі, прасочаны рэшткі рытуальных вогнішчаў. Знойдзены фрагменты непаліванай, у т. л. моранай, ганчарнай керамікі. На венчыках некаторых гаршкоў лінейны арнамент у 1 ці 2 рады, у адным выпадку на тулаве хвалісты арнамент. Пахавальны інвентар бедны, у асноўным жаночыя ўпрыгожанні: бронзавае скроневае кольца з 3 кроплепадобнымі падвескамі, кольца з бронзавага дроту, перавітага на адным канцы кавалачкам дроту, з дзвюма ажурнымі падвескамі ў цэнтры; кольца з гладкага бронзавага дроту, двойчы перавітага другім кавалачкам дроту, завушніца ў форме запытальніка, шпількі для мацавання галаўных убораў, пярсцёнкі, аздобленыя 3 равочкамі і з круглым на вершам у выглядзе пласцінкі, бронзавая спражка з кавалачкам тканіны, расшытай тонкім медным дротам.

Аналіз вымасткаў, пахавальнага інвентару і абраду сведчыць, што, нягледзячы на афіцыйнае прыняцце хрысціянства, да пач. XVI ст. нябожчыкаў хавалі паводле язычніцкага абраду. Славутасці Свята-Ільінская царква 1842 г.

Літаратура Квяткоўская А. Клепачы // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.; іл. С. 329.

Катэгорыя:Азярніцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Слонімскага раёна