Дзмі́травічы. Сустракаецца таксама варыянт Змі́травічы (, ) — вёска ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр Дзмітравіцкага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца за 22 км у напрамку на паўночны ўсход ад горада Беразіно, за 125 км ад Мінска, на рацэ Брусята (прыток Бярэзіны). Праз вёску пралягае аўтамабільная дарога .
Канал падзяляе вёску на заходнюю (ад прамалінейнай працяглай вуліцы адыходзіць на захад кароткая прамалінейная вуліца) і ўсходнюю (працяглая дугападобная і кароткая прамалінейная вуліцы, злучаныя кароткай прамалінейнай вуліцай — адрэзкам шашы Беразіно—Бобр) частак. Забудавана двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Мураванае будаўніцтва вядзецца ва ўсходняй частцы і на паўночна-ўсходняй ускраіне. На поўдні мяжуе з лесам.
Гісторыя Вядома ў ВКЛ з XVIII ст. У 1765 г. пабудавана прыходская Свята-Ільінская царква.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ў складзе Барысаўскага староства далучана да Расійскай імперыі. У 1795 г. сяло ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1800 г. ў сяле 6 двароў, 52 жыхары, уніяцкая царква Іллі Прарока, уласнасць Дзмітравіцкай уніяцкай плябаніі. У 1816 годзе ў сяле 47 жыхароў мужчынскага полу. У 1863 г. адкрыта школа (народнае вучылішча; у 1892 г. навучалася 28 хлопчыкаў і З дзяўчынкі, у 1905 г. — 43 хлопчыкі і 12 дзяўчынак). У 1866 г. 22 двары. У 1870 г. 78 жыхароў мужчынскага полу, цэнтр Дзмітравіцкай воласці. У 1897 г. сяло — цэнтр воласці, прыходская царква, валасное праўленне, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом. 11 лістапада 1914 г. на валікім сходзе сяляне вырашылі з запаснага валаснога магазіна выдаць 150 пудоў зерня для сялян Польшчы, якія пакутавалі ад вайны. Непадалёку ад вёскі быў вадзяны млын, які належаў Э. Цукерману, майстэрня па апрацоўцы скуры, крупадзёрка, працавала крама (гаспадар М. Бенісон), у лесе была смалакурня, дзе выпрацоўвалі шкіпінар і дзёгаць.
У 1919 г. створана Дзмітравіцкае спажывецкае таварыства, дзейнічала смалакурня. У 1923 г. створана камсамольская ячэйка, у 1924 г. сельскагаспадарчае таварыства. З 20 жніўня 1924 г. цэнтр Дзмітравіцкага сельсавета Бярэзінскага раёна Барысаўскай, з 9 чэрвеня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г. Мінскай акруг БССР. У 1927 г. адкрыты першы ў раёне медпункт, былі арганізаваны сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, сельпо, пачало працаваць радыё (рупар быў устаноўлены на двары сельсавета). У 1928 годзе ў памяшканні царквы адкрыты клуб. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Змаганне». У 1930 г. пачала працаваць бальніца, у 1931 г. — паштовае аддзяленне, у гэты ж год калгас атрымаў першы калёсны трактар. У 1933 г. мясцовая школа стала 7-гадовай (у 1935 г. адбыўся першы выпуск 7-га класа). З 20 лютага 1938 года вёска ў Магілёўскай вобласці. У верасні 1940 г. школа стала 8-гадовай.
У Вялікую Айчынную вайну акупіравана нацыстамі, якія тройчы палілі вёску, знішчылі 139 двароў. Вызвалена 30 чэрвеня 1944 года. У брацкіх магілах, што на могілках, і на ўсходняй ускраіне вёскі пахаваны 40 савецкіх воінаў і партызан. На франтах вайны і ў партызанскай барацьбе загінулі 48 вяскоўцаў, у т. л. 34 вучні і настаўнік мясцовай школы, на ўшанаванне памяці якіх у цэнтры вёскі, каля будынка школы-інтэрната ў 1967 годзе пастаўлены абеліск.
З 20 верасня 1944 года ў Мінскай вобласці. У 1944 г. створаны новы калгас «Іскра», які ў 1950 г. аб’яднаны з 2 суседнімі гаспадаркамі ў адзіны калгас «Пралетарскі баец», у 1959 г. пераўтвораны ў саўгас «Дзмітравічы». Восенню 1944 г. аднавіла сваю дзейнасць школа, на той час як пачатковая, у 1947 г. яна стала 7-гадовай, у 1952 г. — сярэдняй. У 1956 г. метадам народнай будоўлі ўзведзены новы школьны будынак. З 25 снежня 1962 года вёска ў Чэрвеньскім, з 6 студзеня 1965 года зноў у Бярэзінскім раёнах.
Насельніцтва 1795 год — 78 жыхароў. 1885 год — 235 жыхароў, 36 двароў. 1897 год — 471 жыхар, 60 двароў. 1917 год — 421 жыхар, 63 двары. 1920 год — 446 жыхароў, 67 двароў. 1926 год — 490 жыхароў, 88 двароў. 1960 год — 545 жыхароў. 1997 год — 497 жыхароў, 182 двары. 2003 год — 467 жыхароў, 176 гаспадарак. 2008 год — 430 жыхароў, 160 гаспадарак. 2009 год — 425 жыхароў.
Інфраструктура У 2003 г. меліся дзіцячы сад, участковая бальніца, магазін, аддзяленне сувязі, камбінат бытавога абслугоўвання, бібліятэка, клуб, грамадская лазня.
Памятныя мясціны Брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан.
Вядомыя асобы Святлана Пятроўна Вінакурава (нар. 1953) — беларускі вучоны-філосаф, сацыёлаг. Анатоль Аляксеевіч Крыварот (нар. 1954) — беларускі гісторык.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Дзмітравіцкі сельсавет (Бярэзінскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Бярэзінскага раёна