Скі́рмантава. Сустракаецца таксама варыянт Скірманто́ва (, ) — аграгарадок у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Скірмантаўка. Уваходзіць у склад Путчынскага сельсавета.
Назва Ёсць ашмянскае прозвішча Скірмонтhttps://www.familysearch.org/ark:/61903/3:1:3Q9M-C9BF-P9SN-D?i=1009&cat=2325442. Ёсць літоўскае Skirmantas, латышскае Skirmants. Ад двухасноўнага балцка-літоўскага імені Skir-mantasZ. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 135..
Геаграфія Скірмантава размешчана за 18 км на паўночны захад ад райцэнтра, горада Дзяржынска і за 32 км на паўднёвы захад ад Мінска. Праз вёску праходзіць аўтамабільная дарога Вертнікі — Івянец.
Каля вёскі размешчана Скірмантава гара (таксама Святая гара, савецкая назва з 1958 года — Дзяржынская гара) — найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі.
Гісторыя
Ранняя гісторыя Вядома з другой паловы XVI стагоддзя, у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княтсва Літоўскага. У 1588 годзе ўпамінаецца грунт Скірмантаўскі ў інвентары маёнтка Койданава, да якога ён адносіўся. Напісанне старабеларускай мовай: Скирмонтово С. 234..
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе вёска, уладанне Радзівілаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя належала памешчыкам Язвінскім, уладальнікам аднайменнага маёнтка.
Пасля 1861 года ў Койданаўскай воласці Мінскага павета. З 1866 года маёнтак у валоданні Чайчынскіх. У 1888 годзе маёнткам Скірманатава валодала дваранка рыма-каталіцкага веравызнання Ванда Адамаўна Чайчынская, было 374 дзесяціны зямлі.
Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы быў хлебазапасны магазін. З 1916 года ў вёсцы пачала дзейнічаць школа (1-класнае народнае вучылішча). У 1913 годзе ўладальнікам маёнтка быў Зыгмунт Чайчынскі, было 304 дзесяціны зямлі.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Койданаўскай воласці атрымлівалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі С. 19.. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
Найноўшы час З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Землі маёнтка нацыяналізаваны. З 20 жніўня 1924 года ў Нарэйкаўскім 2-м (18 снежня 1925 года перайменаваны ў Нарэйкаўскі) сельсавеце (з 25 ліпеня 1931 года да 14 мая 1936 года Нарэйкаўскі нацыянальны польскі сельсавет) Койданаўскага (29 чэрвеня 1932 года перайменаваны ў Дзяржынскі) раёна Менскай акругі, з 31 ліпеня 1937 года Заслаўскага, з 4 лютага 1939 года зноў Дзяржынскага раёнаў, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1930-я гады праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 6 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. 30 (паводле іншых звестак — 29) ліпеня 1943 года была праведзена нямецкая карная аперацыя. Па дарозе ў вёску Каўшова немцы сустрэлі групу людзей. Гэта былі яўрэі, уцекачы з Мінскага гета, якія некаторы час хаваліся ў жыхароў Скірмантава. Бежанцы кіраваліся ў партызанскі атрад. Вярнуўшыся ў Скірмантава, нацысты загадалі людзям збірацца ў калгасных гумнах і хляве — сказалі, што будуць правяраць дакументы. Як толькі жыхары прыйшлі, пабудовы падпалілі. У тых, хто спрабаваў уцякаць, стралялі. Хаты абрабавалі, скаціну павыганялі з хлявоў. Усе 38 двароў былі спалены, людзі загінулі. Выжыла Раіса Паўлаўна Куніцкая, якая ўцякла ў лес і змагла расказаць пра трагедыю вёскі. Дакладная колькасць загінулых не высветлена. На помніку, устаноўленым на брацкай магіле, пазначана, што «тут пахаваны 144 мірных грамадзян вёскі Скірмантава». Паводле ўспамінаў сведак, якія ўдзельнічалі ў пахаванні гэтых людзей, ахвяр было больш. У многіх сем’ях жылі сваякі, якія праз вайну пазбавіліся свайго жылля, некаторыя хавалі ў сябе бежанцаў. Паводле звестак савецкіх партызан, у Скірмантаве загінула не менш як 180 чалавек.
Пасля вайны вёска адноўлена выхадцамі з іншых населеных пунктаў. У 1956 годзе на магіле ахвяр нацызму ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск. Каля Дома культуры ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск на ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Да 8 красавіка 1957 года вёска былаў складзе Вертнікаўскага сельсаветаРашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 красавіка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 5..
Насельніцтва 1800 год — 9 двароў, 71 жыхар 1858 год — 35 рэвізскіх душ 1897 год — вёска, 20 двароў, 130 жыхароў; пастаялы двор (2 двары, 8 жыхароў), маёнтак (27 жыхароў) 1917 год — вёска, 35 двароў, 195 жыхароў; маёнтак, 4 жыхары 1926 год — вёска, 34 двары, 159 жыхароў; пасёлак, 12 двароў, 50 жыхароў 1959 год — 53 жыхары 1991 год — 479 жыхароў, 143 двары 1999 год — 689 жыхароў 2004 год — 510 жыхароў, 168 двароў 2009 год — 617 жыхароў, 170 гаспадарак 2019 год — 422 жыхароў 2025 год — 416 жыхароў
Інфраструктура У 2009 годзе дзейнічалі сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, магазін. З 1984 года працуе краязнаўчы музей.
Культура Ігрышча «Ката пячы» — абрадавая гульня перадкаляднага посту ў Скірмантаве ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Вядомыя асобы Віталь Антонавіч Таўкачоў (нар. 1934) — фізік, акадэмік НАН Беларусі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Путчынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Дзяржынскага раёна Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі