Ю́лія Пятро́ўна Цімафе́ева () — беларуская паэтка і перакладчыца.
Біяграфія
Скончыла факультэт англійскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладчыцкую майстэрню. Адна з заснавальнікаў і рэдактараў інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Адна з арганізатараў і куратараў Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Вяла тэлеперадачу пра культуру «Рэмарка» на тэлеканале Белсат.
Жонка пісьменніка Альгерда Бахарэвіча. З лістапада 2020 года разам з мужам жыве за межамі Беларусі.
Творчасць Аўтарка чатырох зборнікаў паэзіі: «Кніга памылак» (выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2014); «Цырк» (выдавецтва Змітра Коласа, Мінск, 2016); «ROT» (выдавецтва «Янушкевіч», Мінск; выдавецтва «Вясна», Прага, 2020); «Воўчыя ягады» (выдавецтва «Вясна», Прага, 2022).
У 2020—2021 гадах Юля Цімафеева напісала па-англійску свой «Мінскі дзённік» — хроніку паўсядзённага жыцця ў беларускай сталіцы падчас масавых пратэстаў 2020 года. Дзённік выйшаў асобнай кнігай у Швецыі, Германіі, Нідэрландах і Нарвегіі, як часопісныя публікацыі друкаваўся ў Літве. У 2023 годзе кніга выйшла ў аўтарскім перакладзе па-беларуску (выдавецтва «Skaryna Press», Лондан).
Паасобны вершы Юліі Цімафеевай перакладзены на англійскую, нямецкую, украінскую, грузінскую, чэшскую, славенскую, нарвежскую, шведскую, дацкую, французскія і іншыя мовы. Люблінскае выдавецтва «Warsztaty Kultury» выдала дзве паэтычныя кнігі Цімафеевай па-польску «Cyrk i inne wiersze» (2018) і «Autoportret w postaci pestki awokado» (2024) у перакладзе Богдана Задуры. У берлінскім выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшлі дзве паэтычныя кнігі Юлі Цімафеевай «Zirkus» (2019) і «Der Angststein» (2022).
У 2022 годзе ў ЗША ў выдавецтве Deep Vellum выйшла кніга Юлі Цімафеевай «Motherfield: Poems and Belarusian Protest Diary», зборнік перакладаў на англійскую паэтаў Вальжыны Морт і Ханіфа Абдуракіба. Кніга трапіла ў кароткі спіс прэміі Дэрэка Уолката і доўгі спіс прэміі за паэтычны пераклад ад PEN America.
Перакладала з англійскай мовы паэзію Чарлза Букоўскага, Мэцью Дзікмана, Стывена Крэйна, Элізабэт Лоўэл, Сільвіі Плат, Уолта Уітмана, з партугальскай мовы — Альберту Каэйру, з нямецкай — Паўля Цэлана, з іспанскай — Актавіа Паса, Мухамеда Эбну; прозу з англійскай — Э. Ч. Асонду, Макса Бірбама, Германа Чарлза Босмана, Шарлоты Перкінс Гілман, Дэйвіда Герберта Лоўрэнса, Джойс Кэрал Оўтс, Эдгара Алана По, Кейт Шапэн і іншых. З нарвежскай мовы пераклала кнігі Стыяна Холе «Лета Гармана», Маі Лундэ «Снежная сястра».
Юля Цімафеева — удзельніца шматлікіх еўрапейскіх літаратурных фестываляў, Міжнароднага тыдня пісьменніка ў Адэлаідзе (Аўстралія).
Прызнанне 3-е месца на Міжнародным жаночым слэме ў Мінску (2012) Пераможца конкурсу Саюза беларускіх пісьменнікаў для маладых аўтараў «Экслібрыс» (2012) у намінацыі проза Шорт-ліст прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча (2014) у намінацыі паэзія са зборнікам паэзіі «Кніга памылак» Лаўрэат прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» (2015) у намінацыі паэзія за падборку перакладаў у зборніку «Кніга памылак» Прэмія «Дэбют» у катэгорыі мастацкі пераклад за кнігу Чарльза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (разам з Ганнай Комар і Наталляй Бінкевіч) Шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай (2020) за кнігу паэзіі «ROT» Прэмія імя Карласа Шэрмана (2021) у намінацыі «пераклад паэзіі» за зборнік Стывена Крэйна «Выбраныя вершы».
Спасылкі
Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з англійскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з іспанскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з партугальскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з нарвежскай мовы Катэгорыя:Супрацоўнікі Белсата