Навасёлкі (, ) — вёска ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Цімкавіцкага сельсавета.

Знаходзіцца за 22 км на паўднёвы захад ад Капыля, за 142 км ад Мінска, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы на лініі Асіповічы—Баранавічы. Транспартныя сувязі па шашы Узда—Капыль і далей па аўтадарозе Агароднікі—Комсічы—Навасёлкі.

Гісторыя У XVIII стагоддзі сяло ў Навагрудскім павеце і ваяводстве ВКЛ. З канца XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе ў сяле была Петрапаўлаўская царква, вадзяны млын, шляхецкая ўласнасць. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў складзе маёнтка Цэхава. У 1870 годзе адкрыта школа граматы (у 1890 годзе ў ёй вучыліся 12 хлопчыкаў). У 1886 годзе сяло ў Кіявіцкай воласці Слуцкага павета, дзейнічалі школа, праваслаўная царква, капліца. Паводле перапісу 1897 года знаходзілася за 4 вярсты ад Маскоўска-Варшаўскай шашы, былі царква, хлебазапасны магазін, піцейны дом. Побач з сялом існавалі фальварак (20 жыхароў) і сядзіба (3 жыхары).

У лістападзе 1920 года адкрыта 2-камплектная школа 1-й ступені (у 1921 годзе было 2 настаўнікі, 72 вучні). 20 жніўня 1924 года ўключана ў склад Крывасялкоўскага сельсавета Капыльскага раёна Слуцкай акругі. У пачатку 1930-х гадоў працавалі калгас «Чырвоны вартаўнік», вятрак. З 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны з 27 чэрвеня 1941 года да 1 ліпеня 1944 года вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У верасні 1943 года акупанты загубілі 13 жыхароў. На фронце загінулі 93 вяскоўцы, 12 вяскоўцаў загінулі ў партызанскай барацьбе. З 20 верасня 1944 года ў Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года ў Мінскай вобласці. З 1960 года ў Браткаўскім сельсавеце.

У 1973 годзе цэнтр калгаса «1 Мая», працавалі сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны. У 2007 годзе ў складзе ААТ «Капыльскае». Станам на 2010 год працуюць вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад—сярэдняя школа, цэнтральны Дом культуры, бібліятэка, спартыўная зала і пляцоўка, фельчарска-акушэрскі пункт, аўтаматычная тэлефонная станцыя, сталовая, магазін, аддзяленне сувязі.

Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Браткаўскага сельсавета«Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 .

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1800 — 425 жыхароў, 54 двары; 1886 — 357 жыхароў, 58 двароў; 1897 — 671 жыхар, 122 двары. XX стагоддзе: пачатак XX ст. — 862 жыхары, 154 двары; 1917 — 1138 жыхароў, 210 двароў; 1924 — 987 жыхароў, 182 двары; 1960 — 854 жыхары; 1997 — 656 жыхароў, 308 гаспадарак. XXI стагоддзе: 2007 — 509 жыхароў, 245 гаспадарак; 2010 — 491 жыхар, 227 гаспадарак.

Славутасці Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў 1943—1944 гадах. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Зноскі

Спасылкі

Катэгорыя:Цімкавіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Капыльскага раёна