Чачора — рака ў Кармянскім, Буда-Кашалёўскім і Чачэрскім раёнах Беларусі, правы прыток ракі Сож (басейн Дняпра).

Даўжыня ракі 56 км. Плошча вадазбору 551 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 ‰.

Назва На думку Г. Смаліцкай і Р. Агеевай, у гідроніме Чачора, які шырока вядомы ў басейнах розных рэк, адлюстравана старажытнарускае слова чачора «старое рэчышча ракі»Р. А. Агеева. Происхождение имен рек и озер. Москва, 1985. С. 11.. В. П. Лемцюгова таксама лічыць, што гідронім Чачэра паходзіць ад слова чачэра «старое рэчышча»В. П. Лемцюгова. Гідраніміка // Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 128..

На думку У. Тапарова, рэкі з назвамі Чачора, Чычора (*kiker- : *keker- «гарох») ёсць таксама на Падзесенні, Павоччы, ПаволжыТопоров В. Н. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто-славянские исследования. 1981. — Москва, 1982. — С. 41.. На думку У. Тапарова, у іншых балцкіх гідронімах аснова пашырана іншымі пашыральнікамі, як у назвах Чачэра — Чычата — Чэкень (-р-, -т-, -н-)В. Н. Топоров. «Baltica» Подмосковья // Балто-славянский сборник. Москва, 1972. С. 268..

На думку В. Жучкевіча, балцкае паходжанне гэтага гідроніма маловерагоднае, бо такія ж назвы ёсць далёка за межамі балцкіх тэрыторый, напрыклад ва Ульянаўскай вобласціВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 404..

На думку А. Нікольскага, разанскі гідронім Чачора мае фіна-угорскае паходжаннеТопонимический словарь Рязанской области. Под ред. А. А. Никольского. Рязань, 2004. С. 287..

У слоўніку Ю. Покарнага згадваюцца літ. kekė «гронка», лат. k'ekars, лат. k'ekis «парасонік», лат. cekulis «каса, кутас», cecers «кучаравая галава», чэш. čečeřiti «рабіць узлахмачаным, моршчыць»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 598..

У Літве ёсць рэкі Kek-upys, Keklys. На думку А. Ванагаса, гэтыя назвы могуць быць звязаныя з літ. kekė «гронка», kekulas «камяк»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 151..

Гідраграфія

Пачынаецца за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Лесавая Буда Кармянскага раёна, вусце на ўсходняй ускраіне горада Чачэрск. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Разводдзе звычайна з 2-й дэкады сакавіка да пачатку 3-й дэкады красавіка. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шырынёй 0,5—0,6 км. Схілы пераважна адкрытыя, умерана стромкія і спадзістыя; іх вышыня 7—10 м, месцамі да 15 м. Пойма двухбаковая (шырыня 200—500 м), асушаная, лугавая, асобныя ўчасткі параслі хмызняком.

Рэчышча шырынёй да 3-6 м у верхнім, 7-10 м у сярэднім, да 15 м у ніжнім цячэнні. Ад вёскі Сапрыкі каналізаванае, ніжэй свабодна меандруе, звілістае, неразгалінаванае, у вярхоўі перасыхае, амаль паўсюдна густа зарастае, на каналізаванай частцы — толькі каля берагоў. Каналізавана ў 1953 і 1973 гадах на ўсім працягу; паўторнае рэгуляванне рэчышча праведзена ў 1997 годзе (у Буда-Кашалёўскім раёне, каля вёскі Галавачы, на працягу 0,2 км; каля вёскі Царкоўе на працягу 0,3 км), у 2001 г. (на паўночны захад ад аграгарадка Баравая Буда ў напрамку вёскі Шылавічы Чачэрскага раёна, на працягу 7,5 км) і ў 2005 г. (ад аграгарадка Меркулавічы Чачэрскага раёна да вёскі Галавачы Буда-Кашалёўскага раёна, на працягу 5 км).

Берагі стромкія, часта аголеныя, задзернаваныя, адкрытыя, ніжэй ад Сапрыкаў спадзістыя і ўмерана стромкія, парослыя хмызняком, складзеныя пясчана-тарфяністым грунтам. Вышыня берагоў 1-1,5 м.

Асноўныя прытокі — Дулепа, Любіца (справа), Глыбокая (злева). На рацэ знаходзіцца вадасховішча Меркулавічы. Прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў.

На перыяд вясновага разводдзя (звычайна з 2‑й дэкады сакавіка да пачатку 3‑й дэкады красавіка) прыпадае каля 53 % гадавога сцёку. Замярзае ў 1‑й дэкадзе студзеня, крыгалом у канцы сакавіка.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Прытокі Сажа Катэгорыя:Рэкі Кармянскага раёна Катэгорыя:Рэкі Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Чачэрскага раёна