Сашы́ца (, ) — вёска ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Сялецкага сельсавета. Размешчана за 16,5 км ад Бярозы, за 13,5 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская.

Гісторыя У 1864 годзе ў Сашыцкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. У 1886 годзе ў Сялецкай воласці, дзейнічалі школа, піцейны дом. 13 ліпеня 1894 года пажарам у вёсцы былі знішчаны 56 сялянскіх дамоў з маёмасцю, страта склала 25 295 руб. Паводле перапісу 1897 года ў Сашыцы дзейнічалі народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом, кузня. Выселкі вёскі мелі самастойныя назвы — Бродкі і Сакалова.

З 1915 года акупіравана германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы. У ліпені 1920 устаноўлена савецкая ўлада.

З 1921 года ў складзе Польшчы, у 1924 годзе вёска ў Сялецкай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства. У сярэдзіне 1920-х гг. створаны камсамольская арганізацыя, ячэйка КПЗБ (з 1924 уваходзіла ў Сялецкі падрайком; сакратар — Гаворка).

З 1939 года ў БССР. З 1940 года вёска, цэнтр Сашыцкага сельсавета. У сельсавеце ў той час налічваліся 3 пачатковыя, 1 няпоўная сярэдняя школы, хата-чытальня, магазін, вёска не мела телефоннай сувязі. Створаны калгас «Чырвоная звязда», які аб'яднаў 23 гаспадаркі.

У Вялікую Айчынную вайну акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За 0,3 км на поўнач ад вёскі пахаваны 60 партызан і мірных жыхароў, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1958 годзе на магіле партызан і ахвяр фашызму быў пастаўлены абеліск. Акупанты загубілі ў вёсцы 55 жыхароў, на фронце загінулі 24 воіны-землякі. У г. Бяроза ў 1942 годзе быў па-зверску закатаваны гітлераўцамі юны партызан Саша Здановіч. На будынку Сялецкай школы, у якой ён вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка. У Сашыцы, на месцы, дзе жыла сям'я Здановічаў, устаноўлены мемарыяльны знак у памяць аб Лявону Раманавічу Здановічу, першым сакратары Сашыцкага с/с і арганізатары партызанскай барацьбы з захопнікамі, які загінуў у 1945 годзе ў барацьбе з ворагамі савецкай улады. У 1978 годзе на месцы яго дома пастаўлена стэла.

З 1954 года вёска ў Сялецкім сельсавеце.

Планіроўка Планіровачна складаецца з просталінейнай, двухбакова забудаванай вуліцы, арыентаванай з захаду на паўднёвы ўсход, абодва канцы якой — дарожныя развілкі.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1886 — 56 двароў, 597 жыхароў. 1897 — 131 двор, 820 жыхароў, у Бродках — 1 двор, 9 жыхароў, у Сакалове — 4 двары, 15 жыхароў. XX стагоддзе: 1905 — 961 жыхар. 1924 — 452 жыхары, 69 будынкаў. 1939 — 178 двароў, 902 жыхары. 1970 — 651 жыхар. XXI стагоддзе: 2005 — 108 двароў, 188 жыхароў.

Славутасці На ўшанаванне памяці аднавяскоўца, удзельніка рэв. і нац.-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, сакратара Сашыцкага падп. падрайкома КПЗБ М. М. Скробата на доме, дзе ён жыў, у 1976 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1977 годзе на ўшанаванне памяці І. М. Хвадчэні і М. М. Скробата пастаўлены абеліск і 2 стэлы з барэльефамі.

Вядомыя асобы 8 снежня 1901 года ў вёсцы нарадзіўся І. М. Хвядчэня, удзельнік рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. 11 мая 1933 года па-зверску забіты польскай дэфензівай. У Бярозе яго імем названа вуліца, у вёсцы пастаўлены помнік.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Сялецкі сельсавет (Бярозаўскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Бярозаўскага раёна