Аляксандр Іванавіч Цвікевіч (псеўд. А. Гвоздзь, А. Галынец) (,  — , ) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.

Біяграфія Нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 года ў Брэсце ў сям’і фельчара чыгуначнай бальніцы. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1912), да 1914 года працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Брэсце. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны — у бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 годзе ў Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.

Удзельнічаў у працы Першага Усебеларускага з’езда, быў абраны сакратаром прэзідыума, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з’езда. У студзені 1918 года Выканкам І Усебеларускага з’езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Брэст. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Цвікевіч і Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсці ў дэлегацыю УНР як дарадцы.

У канцы сакавіка 1918 года накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Брэсцкага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам быў наладжаны выпуск газеты «Белорусское эхо», арганізавана Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. 29 мая 1918 года беларуская місія звярнулася да расійскай мірнай дэлегацыі і падала яе кіраўніку Х. Ракоўскаму ноту, падпісаную Цвікевічам і Доўнар-Запольскім, гаворачы пра патрэбу прызнання расійскім савецкім урадам незалежнасці Беларусі.

У ліпені 1918 года Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

Вясной 1919 года ўрад БНР накіроўвае Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне — атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.

У 1921—1923 гадах Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынёй І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 года. Выказаўся за кансалідацыю беларускіх палітычных сіл, выступіў супраць паланафільскай арыентацыі Паўла Алексюка і іншых. На гэтай канферэнцыі ў яго рэдакцыі прынята рэзалюцыя па віленскім пытанні. Прызнаў Вільню сталіцай Літвы, выказаў згоду на ўключэнне Віленшчыны і Гродзеншчыны ў склад Літоўскай Рэспублікі, што прывяло да ўрадавага крызісу БНР С. 92.

У 1922 годзе Цвікевіч разам з Ластоўскім быў на Генуэзскай канферэнцыі, дзе спрабаваў уключыць беларускае пытанне ў парадак дня яе работы.

У 1923 годзе, у сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў з палітыкай урада БНР Ластоўскага быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. Калі Ліга Нацый прызнала ўсходнія межы Польшчы з Савецкай Расіяй, урад Літвы страціў зацікаўленасць у падтрымцы беларускага асяродка ў літоўскай сталіцы (Коўне). Пад уздзеяннем поспехаў і дасягненняў палітыкі беларусізацыі ў БССР, Аляксандр Цвікевіч не хаваў свайго намеру пераехаць у Мінск (БССР)Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 448.. Перад вяртаннем прадстаўнікі ўрада БССР і ўрада СССР угаварылі Цвікевіча правесці ў Берліне Беларускую нацыянальна-палітычную канферэнцыю. Праз савецкіх агентаў было дамоўлена, што Цвікевіч збярэ канферэнцыю, якая прызнае БССР адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. 12-16 кастрычніка 1925 года Другая Усебеларуская канферэнцыя адбылася ў Берліне. Патрэбная Мінску рэзалюцыя прынята С. 390. Абвяшчаючы на канферэнцыі пра ліквідацыю эмігранцкага цэнтра БНР, Аляксандр Цвікевіч паверыў, што ў БССР былі рэалізаваны палітычныя і сацыяльныя ідэалы беларускіх сацыялістаўМіхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 449.. Амаль усе беларускія інтэлектуалы, якія змагаліся за БНР, выказаліся на канферэнцыі ў падтрымку савецкай улады, бо створаная ў 1920-х гадах у БССР рэчаіснасць на самой справе недалёка адыходзіла ад іх ранейшых праграмных мэт.

У лістападзе 1925 Аляксандр Цвікевіч з сям’ёй пераехаў у Мінск. Пасля пераезду ў БССР працаваў кансультантам у Наркамаце фінансаў БССР, потым — вучоным сакратаром Інбелкульта. З 1929 года працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук.

Арыштаваны 4 ліпеня 1930 года, абвінавачаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны 10 красавіка 1931 года на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмурція). Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937 года, расстраляны 30 снежня 1937 года ў Мінску.

Рэабілітаваны па першым прысудзе 10 чэрвеня 1988 года, па другім — 31 мая 1989 года.

Навукова-публіцыстычная дзейнасць Аляксандр Цвікевіч — аўтар 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. У 1918 годзе ў Кіеве ён выдае брашуру «Кароткі нарыс узнікнення БНР» (на рускай мове), у якой дае кароткую даведку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць. Каб азнаёміць замежнага чытача з Беларуссю і яе нацыянальным рухам Аляксандр Цвікевіч у 1921 годзе ў Берліне на рускай мове выдае брашуру «Беларусь: палітычны нарыс».

З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі Аляксандр Цвікевіч у 1921 годзе напісаў кнігу «Адраджэньне Беларусі і Польшча», дзе прыйшоў да высновы, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі не столькі палітычнымі, колькі эканамічнымі.

Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газетах і часопісах, пераважна ў часопісе «Беларускі сьцяг». З-пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы і эсэ, як «Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі», «Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй», «Усе дарогі вядуць у Беларусь», «Эўразійцы» і г.д. Падпісваецца ў асноўным крыптанімам А. Ц. ці псеўданімамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію «Погляд П.Бяссонава на беларускую справу».

У 1926 годзе ў Рызе намаганнямі Кастуся Езавітава выходзіць наступная праца Цвікевіча «Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне?». Увесь змест гэтай кнігі быў звернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэння.

У 1929 годзе ў Мінску (БССР) апублікавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвікевіча «„Западно-руссизм“: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX стст.». У ёй аўтар прааналізаваў ідэалогію і практыку русіфікацыі Беларусі ў часы Расійскай імперыі, даў ацэнку розным кірункам «заходнерусізму». Фактычна адразу пасля выхаду гэту кнігу забаранілі, а амаль увесь яе тыраж знішчылі. Ацалела толькі некалькі кніг у прыватных зборах, што дало магчымасць перавыдаць яе ў 1993 годзе.

У сакавіку 2026 года беларускі суд дадаў том гістарычных прац Аляксандра Цвікевіча ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Творы

Кнігі, брашуры Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. — Киев, 1918. — 21 с. (Рэпрынт. — Мн., 1990). Беларусь: политический очерк. — Берлин: Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с. Адраджэнне Беларусі і Польшча. — Менск — Вільня — Берлін: Выдавецкае таварыства «Вызваленне», 1921. — 191 с. Пагляд П. Безсонава на беларускую справу. — Коўна: Друкарня А. Бака, 1922. — 23 с. Вялікае апрашчэнне, ці вялікае удасканаленне?: З цыкла «Штодзен. думкі» / А.Галынец; Пад рэд. К.Езавітава. — Рыга, 1926. — 44 с. — (Бібліятэка беларуса-выбаршчыка; N 13) Западно-руссизм: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. — Мінск: Беларус.дзярж.выд., 1929. — 340 с.

Артыкулы Западная комуна / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 3 июня. — С. Прямой долг / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 30 мая. — С. Судьба Белоруссии / А. Цвикевич // Белорусская земля. — 1918. — № 1. — 1 марта. — С. Беларусь перад Генуэзкай конфэрэнцыяй / А. Ц. // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 1. — С. 10 — 13. Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі / А. Галынец // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 2-3. — С. 1 — 7. Незалежнасьць — як програма сёнешняга дня / А. Галынец // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 4. — С. 1 — 6. «Эўразійцы» (новыя шуканьня расійскай думкі) / А. Ц-ч // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 4. — С. 38 — 44. Политический очерк Западной Белоруссии / А. И. Цвикевич // Западная Белоруссия. Сборник статей: книга 1. — Минск: БГИ, 1927. — С. 3 — 43.

Крыніцы

Літаратура Ліс А., У. Міхнюк. Цвікевіч Аляксандр Іванавіч //  — С. 92. Цвікевіч Аляксандр Іванавіч //  — С. 97. Ліс А. Паланёны далёкай марай // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. — Мн., 1994. Ліс А. Аляксандр Цвікевіч — публіцыст і гісторык. — Мн.: Харвест, 2014. — 63 с. — 1500 экз. — ISBN 978-985-18-2913-8. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с.

Спасылкі

А.Вабішчэвіч. Аляксандр Цвікевіч (1883—1937) Аляксандр Цвікевіч на сайце marakou.by Аляксандр Цвікевіч на сайце pawet.net ЦВІКЕВІЧ Аляксандр Іванавіч

Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Філосафы Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Юрысты паводле алфавіта Катэгорыя:Прэм’ер-міністры БНР Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Міністры юстыцыі БНР Катэгорыя:Міністры замежных спраў БНР