Дзя́тлавічы (, ) — аграгарадок у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Дзятлавіцкага сельсавета. З’яўляецца найбуйнейшым сельскім населеным пунктам у Лунінецкім раёне.

Назва З даўнейшых крыніц вядома як Дзяцёлавічы. Магчыма, назва паходзіць ад «дзяцелавіны» (дзяцеліны) — дзікайрослай белай канюшына, якая цяпер расце ў гэтай мясцовасці паўсюдна, і з часам трансфармавалася ў Дзятлавічы.

Агульныя звесткі За 12 км на поўнач ад Лунінца на рацэ Цне. У вёсцы больш за 50 вуліц, галоўная — Савецкая, даўжынёй 5,6 км.

Насельніцтва — 2258 жыхароў (2018). З іх 407 чалавек маладзейшых за працаздольны ўзрост, 1290 — працаздольнага ўзросту, 561 — старэйшых за працаздольны.

Станам на 2018 год(?), у вёсцы жыве 59 шматдзетных сем’яў. У 1997-2018 гадах 13 жанчын вёскі ўзнагароджаны Ордэнам Маці за нараджэнне 5 і больш дзяцей.

У вёсцы актыўна будуюць новыя дамы. Станам на пачатак 2018 года, пад індывідуальнае будаўніцтва вылучана 59 зямельных участкаў, 50 дамоў знаходзяцца на стадыі будаўніцтва.

Вёска газіфікавана.

Вёска Дзятлавічы пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і аднесена да населеных пунктаў з перыядычным радыяцыйным кантролем.

Самыя папулярныя прозвішчы ў вёсцы — Канапацкія (каля 17 % насельніцтва), Чарнавокія (каля 11 %), Кацубы (каля 11 %), Брэзіны (каля 6 %) і Жукі (каля 6 %).

У вёсцы жыве 11 нацыянальнасцей — беларусы, рускія, украінцы, узбекі, літоўцы, малдаване, татары, палякі, асеціны і іншыя.

Каля Дзятлавіч на глыбіні 20 м выяўлены значныя пласты гліны. Цяпер здабыча гліны на такой глыбіні нерэнтабельная.

Герб Герб вёскі Дзятлавічы зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (№ 659) ад 2 снежня 2008 года.

Апісанне герба: «У блакітным полі варажскага шчыта намаляваны ўверсе ліліепадобная кветка серабрыстага колеру, унізе — серабрысты крыж, ніжэй якога прымыкаюць два злучаныя трохвугольнікі (якія абазначаюць раку), — герб „Размер“».

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная падпарадкаванне Дзятлавіч Лунінецкаму раёну паказана блакітным фонам і выявай кветкі лабеліі Дортмана — эмблемай Лунінца. Акрамя райцэнтра, два гербы ў раёне выяўлены на блакітным полі — Луніна і Дзятлавіч, чым падкрэслена гістарычная сувязь іх з Лунінцам. Герб створаны ў памяць заснавальніка Дзятлавіцкага манастыра Канстанціна Долмата: у ніжняй частцы размешчаны радавы герб Долматаў «Размер». Аўтар герба — Т. В. Канапацкая, мастак — В. А. Ляхор; зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 года пад № Б-148.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Упершыню згаданы пад 1566 годам, калі Станіслаў Андрэевіч Давойна ад імя свайго сваяка (зводнага брата — полацкага ваяводы Станіслава Давойны) прадаў шляхціцу Паўлу Падарэўскаму сяло Дзяцёлавічы. У 1567 годзе гэты ўладальнік павінен быў ставіць у войска ВКЛ двух конных воінаў. Гэта азначала, што Дзяцёлавічы на той момант налічвалі каля 40 сялянскіх двароў. Гэта было першы шляхецкі маёнтак на Лунінеччыне, які не быў часткай буйных магнацкіх вотчын. У 1578, 1580, 1581 гг. Дзяцёлавічы — двор-цэнтр маёнтка Навагрудскага павета, уладанне Мікалая Паўлавіча Падарэўскага, мае 60 службаў сялян-даннікаў.

Неўзабаве Падарэўскія прадалі Дзяцёлавічы Якубу Кунцэвічу. Апошні даводзіўся сваяком Барбары Нарушэвіч, у якой набыў маёнтак Лунінец, які ёй належаў. У 1618 г. Якуб Кунцэвіч разам з сынам Мікалаем прадалі Лунінец і Дзяцёлавічы Канстанціну Долмату. У 1620 г. налічвалася 68 валок зямлі.

Бяздзетныя Канстанцін Долмат і яго жонка Ганна з роду Юркоўскіх завяшчалі вёскі Дзяцелавічы, Лунінец і Меляснічу Дзяцелавіцкай Праабражэнскай царкве з умовай, каб манахі Кіева-Пячэрскага манастыра заснавалі ў Дзяцелавічах мужчынскі манастыр, падпарадкаваны Канстанцінопальскаму патрыярху і Кіеўскаму мітрапаліту. Паводле мясцовага падання, Долмат таксама завяшчаў, каб 12 манахаў пастаянна апекаваліся не менш чым 12 сіротамі і аказвалі дапамогу 12 удовам. У 1622—1625 гадах на тэрыторыі манастыра была пабудавана драўляная царква ў імя Праабражэння Гасподняга, а таксама келлі для ігумена і манахаў, пякарня, свіран, памяшканне для захавання прадуктаў, хлявы і стайні.

Наваапячэрскі Дзяцелавіцкі Праабражэнскі мужчынскі манастыр стаў цэнтрам культуры і адукацыі: пры ім дзейнічалі вялікая бібліятэка старажытных рукапісных і друкаваных кніг, пераплётная і іканапісная майстэрні, а таксама «шпіталь», у якім манахі лячылі як сваіх субратоў, так і жыхароў навакольных вёсак. У XVII — пачатку XIX стагоддзя манастыр існаваў за кошт здачы ў арэнду розных будынкаў — карчмы, лесапільні, кузні, пчальніка, а часам і цэлых вёсак.

Расійская імперыя Пасля вайны 1812 года яго актыўная гаспадарчая дзейнасць паступова стала згасаць, аднак манастыр яшчэ доўгі час дапамагаў навакольным установам, у тым ліку Слуцкай духоўнай семінарыі. Пасля 233 гадоў існавання манастыр быў зачынены ў 1855 годзе.

Асаблівасцю маёнтка была наяўнасць вялікіх сялянскіх надзелаў — тыповым быў надзел не ў паўвалокі, а ў цэлую валоку. З 68 валок на той момант 6,5 пуставалі, астатнія належалі 5 баярскім і 58 сялянскім дварам.

У 1848 г. Дзятлавічы — вёска дзяржаўная (казённая). У 1879 г. у вёсцы адкрыты водамерны пост.

Паводле статыстычных даных, у 1880-я гады ў Дзятлавічах — на той момант былым дзяржаўным сяле Кожан-Гарадзецкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні, пры рацэ Цне — налічвалася 114 двароў і 736 жыхароў, дзейнічала праваслаўная царква. Да 1909 года колькасць двароў вырасла да 232, а насельніцтва — больш чым удвая, да 1705 чалавек.

Пасля адкрыцця ўчастка Баранавічы — Лунінец Палескай чыгункі ў снежні 1884 г. у 2 км ад вёскі створана станцыя Дзятлавічы. Асноўныя грузы, пагрузка якіх ажыццяўлялася на станцыі: лесаматэрыялы, сельскагаспадарчая прадукцыя. Тут спыняўся на 2 хвіліны паштовы цягнік № 3 і таварна-пасажырскі — № 7. Начальнікам станцыі Дзятлавічы ў пачатку XX ст. быў П. Дз. Чудзіновіч.

У складзе Польшчы Згодна з Рыжскім мірным дагаворам вёска Дзятлавічы з 1921 па 1939 год знаходзілася ў складзе Польшчы.

У гэты перыяд была развіта прыватная ўласнасць. Так, у 1933 годзе ў вёсцы налічвалася 3 дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, на якіх працавала 36 чалавек. У Дзятлавічах дзейнічалі тры млыны, з іх адзін — паравы.

У вёсцы знаходзіўся паліцэйскі ўчастак.

Паводле перапісу 1931 г. у вёсцы Дзятлавічы жыло 1303 чалавекі (аднак у 1933 годзе тут было 1814 жыхароў).

Вялікая Айчынная вайна Сельскі Савет утвораны 15 студзеня 1940 года.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у чэрвені 1942 года нямецка акупанты расстралялі мірных жыхароў вёскі, прычынай было забойства нямецкага вартаўніка чыгункі. Загублена 19 жыхароў. Пахавалі іх каля чыгуначнага пераезда, дзе ў 1967 годзе ўстаноўлена стэла.

За 600 м на захад ад вёскі за чыгункай 17 кастрычніка 1943 года расстраляны і спалены 24 мірныя жыхары. Толькі праз два месяцы нямецкія ўлады дазволілі перахаваць парэшткі загінулых на мясцовых могілках.

Акрамя нямецкіх атрадаў у Дзятлавічах размяшчалася сотня 12-га Данскога казацкага палка.

На ўчастку чыгункі, прылеглым да вёскі, а таксама на станцыі Дзятлавічы неаднаразова здзяйсняліся падрывы нямецкіх чыгуначных саставаў, каляі, тэлеграфнай сувязі. У вёсцы дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя. Мясцовыя жыхары супрацоўнічалі з партызанамі, з-за чаго старасту вёскі Бушылу немцы расстралялі ў Пінску.

Дзятлавічы вызвалены 10 ліпеня 1944 года.

Усяго за перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы было забіта 200 жыхароў. Больш за 80 чалавек было вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Жывымі вярнулася крыху больш паловы.

У шэрагах Чырвонай арміі ў гады вайны ўдзельнічала і загінула 143 ураджэнцы вёскі. У Дзятлавічах устаноўлены абеліск у памяць пра загінулых аднавяскоўцаў.

Агулам насельніцтва вёскі паменшылася з 3027 чалавек у 1939 годзе да 2504 у 1944.

Адна з вуліц названа ў гонар Кірэя Яраменевіча Вялесюка, які быў камандзірам падрыўной групы падчас «рэйкавай вайны» і загінуў падчас адной з дыверсій на перагоне Лунінец — Дзятлавічы.

Вайна ў Афганістане У ходзе вайны ў Афганістане 19 красавіка 1984 года загінуў ураджэнец Дзятлавіч В. Р. Канапацкі, у вёсцы яго імем названа вуліца. На будынку школы яму ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Штогод на базе школы ў памяць пра загінулага аднавяскоўца праводзяцца спаборніцтвы па настольным тэнісе, у якіх удзельнічаюць гульцы з некалькіх абласцей Беларусі.

Інфраструктура На тэрыторыі вёскі размешчаны: Палеская даследная станцыя меліярацыйнага земляробства і лугаводства (былы калгас імя Калініна), цэх дрэваапрацоўкі Лунінецкага лясгаса, Дзятлавіцкае лясніцтва, участак ДБУ-8, 6 крам, закусачная «Світанак», ДУА «Дзятлавіцкая сярэдняя школа», ДУА «Дзятлавіцкія ясліы-сад», філіял дзіцячай музычнай школы, Дзятлавіцкі цэнтральны сельскі дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аддзяленне паштовай сувязі, аддзяленне Лунінецкага філіяла ААТ «АСБ Беларусбанк», лазня, участак КУВПП ЖКГ «Лунінецкае ЖКГ», участак «Вадаканала», комплексна-прыёмны пункт, а таксама ПрыватнаеТУП «Алвакс». Акрамя таго, у вёсцы вядуць сваю дзейнасць індывідуальныя прадпрымальнікі і рамеснікі.

Палеская даследная станцыя меліярацыйнага земляробства і лугаводства У 1949 годзе створана сельскагаспадарчая арцель на базе 4 калгасаў: у в. Дзятлавічы — «імя Молатава», у в. Бараўцы — «Камсамолец», у в. Купаўцы — «імя Фрунзе», на ст. Дзятлавічы — «Шлях камунізму». У 1950 годзе адбылося аб’яднанне ў два калгасы, якія ў 1954 годзе аб’ядналі ў калгас «імя Молатава», у 1957 годзе перайменаваны ў калгас «імя Калініна».

Жыхары вёскі стварэнне калгаса ўспрынялі скептычна, пра гэта ўспамінаў першы старшыня калгаса «імя Молатава» У. Р. Канановіч.

У 2003 годзе рэарганізаваны ў СВК «Дзятлавіцкі», а ў 2015 годзе — у КСУП «Дзятлавіцкі». У 2019 годзе прадпрыемства ліквідавана, а яго землі і маёмасць перададзены Палескай доследнай станцыі меліярацыйнага земляробства і лугаводства (раней падпарадкоўвалася Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі).

Да ліквідацыі КСУП «Дзятлавіцкі» займаўся вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі як у раслінаводчай, так і ў жывёлагадоўчай галіне. Спецыялізацыя прадпрыемства — мяса-малочная жывёлагадоўля. Сярэднегадавое пагалоўе буйной рагатай жывёлы складала 1598 галоў, у тым ліку 740 галоў малочнага напрамку, 23 пчаласем’і. На прадпрыемстве працавала 134 чалавекі, налічвалася 6215 га сельгасугоддзяў, з іх ворыва — 3017 га.

Дзятлавіцкае лясніцтва і цэх дрэваапрацоўкі Лунінецкага лясгаса Дзятлавіцкае лясніцтва з’яўляецца адным з самых высокапрадуктыўных лясніцтваў ДЛГУ Лунінецкага лясгаса. На прадпрыемстве працуе 24 чалавекі.

За 2015 год пасаджана 22 га лесу, у 2016 годзе — 20,2 га. Высечана на прампаддзел у 2015 годзе 11800 м³, галоўнага карыстання — 5000 м³.

Цэх дрэваапрацоўкі з’яўляецца сучасным цэхам дрэваапрацоўкі. За 2015 год перапрацавана сыравіны 26876 м³, выпушчана 18736 м³ прадукцыі. Пастаянна ажыццяўляецца адпраўка прадукцыі (пілапрадукцыя, дровы, кол акораны) за межы рэспублікі: Германія, Францыя, Польшча, Літва і г. д. У цэху працуе 47 чалавек.

Транспарт Праз вёску праходзіць аўтамабільная дарога рэспубліканскага значэння Р13 Лунінец — Сіняўка — Клецк.

Акрамя таго, вёску перасякае двухпуцевы ўчастак чыгункі Лунінец — Баранавічы. У вёсцы маюцца два прыпынкі: Сад і Дзятлавічы, які раней з’яўляўся станцыяй.

Гандаль і бытавое абслугоўванне Сфера гандлю ў вёсцы Дзятлавічы прадстаўлена 3 крамамі штодзённага попыту, крамай харчовых тавараў, крамай прамысловых тавараў і закусачнай «Світанак». Усе крамы належаць Лунінецкаму райспажыўтаварыству. Акрамя таго, у вёсцы дзейнічае адна крама прыватнай формы ўласнасці.

Бытавое абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе камбінат бытавога абслугоўвання. Жыхарам вёскі аказваюцца такія паслугі, як рамонт і індывідуальны пашыў адзення і пасцельнай бялізны, парыкмахерскія паслугі, рамонт абутку, паслугі хімчысткі і г. д.

Ахова здароўя Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва вёскі ажыццяўляецца ў сельскай урачэбнай амбулаторыі, у тым ліку з дапамогай машыны хуткай медыцынскай дапамогі.

Адукацыя