Вало́ка — асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI—XVIII стагоддзях. На тэрыторыі Беларусі была ўведзена ў час правядзення валочнай памеры.
Характарыстыка Як адзінка плошчы валока падзялялася на 30 маргоў, або 9000 прутоў, што ў метрычнай сістэме адпавядае 21,36 га. Зямельны надзел павінен быў складацца з трох роўных палёў, што адпавядала прынятай трохпольнай сістэме земляробства. Часта да асноўнага палявога надзелу дадавалі яшчэ 3 маргі на сядзібу і агарод.
Згодна з «Уставай на валокі» 1557 года, прадугледжвалася валока памерам у 33 маргі (па 11 маргоў у кожным полі). Аднак пры кепскай якасці зямлі практыкаваліся так званыя «наддаўкі», таму рэальны памер валокі мог вагацца ад 30 да 46 маргоў. Нягледзячы на розніцу ў плошчы, усе валокі абкладаліся аднолькавымі павіннасцямі.
Класіфікацыя Паводле ўмоў плацяжу адрознівалі наступныя тыпы валок:
Цяглыя — за якія выконвалася паншчына; Асадныя — за якія плаціўся грашовы чынш; Вольныя — вызваленыя ад павіннасці.
Паводле характару выкарыстання існавалі валокі аселыя (знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян), прыёмныя або бакавыя (знаходзіліся ў часовым карыстанні) і пустыя (не ўзятыя ў карыстанне).
Гл. таксама Дым (адзінка падаткаабкладання)
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Беларускія меры плошчы Катэгорыя:Феадалізм Катэгорыя:Эканоміка Вялікага Княства Літоўскага