Ада́м Іос́іфавіч Ма́льдзіс (, в. Расолы, цяпер , Гродзенская вобласць — , Мінск. Псеўданімы: А. Гудас, Адам Гудас, А. Расольскі, Адам Расольскі, А. Свіслацкі) — беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст. Доктар філалагічных навук (1986), прафесар (1990).
Біяграфія Нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў вёсцы Расолы ў Заходняй Беларусі (Ашмянскі павет, Віленскае ваяводства, Польшча) ў сялянскай сям’і. У 1951 годзе скончыў Ашмянскую сярэднюю школу. Вучыўся на аддзяленні журналістыкі БДУ (1951—1956).
У 1956—1959 гадах працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча». Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1959—1962). У 1962—1991 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР : з 1962 года — навуковы супрацоўнік, з 1981 года — загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры (1981—1991). Кандыдат філалагічных навук (1963), тэма дысертацыі: «Белорусско-польские литературные взаимосвязи во второй половине ХІХ в.». Доктар філалагічных навук (1986), тэма доктарскай дысертацыі: «Закономерности развития белорусской литературы переходного периода (вторая половина XVII—XVIII в.)».
У 1991—1998 гадах узначальваў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны. З 1987 года старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, пазней уваходзіў у аналагічную камісію (па вяртанні ў Беларусь гісторыка-культурных каштоўнасцей) пры Міністэрстве культуры РБhttps://belisrael.info/?p=29764. У 1991—2005 гадах быў прэзідэнтам (з 2010 ганаровы старшыня) Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, у 1996—2006 гадах — кіраўніком аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
У 1990 годзе як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 45-й сесіі ААН.
З канца 1960-х гадоў жыў па вул. Чарвякова, 18 у Мінску.
Памёр 3 студзеня 2022 годаМарыў схавацца на Астравеччыне і дапісаць свае кнігі. Памёр Адам Мальдзіс . Пахавальная служба адбылася 5 студзеня ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, яе ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевічcatholic.by. Пахаваны на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёна.
Творчая і навуковая дзейнасць У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954 годзе. Даследаваў гісторыю беларускай культуры і літаратуры XVII—XIX стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі. Перакладаў з польскай і балгарскай моў.
Пачынаў як даследчык літаратуры XIX стагоддзя. Яго кніга «Творчае пабрацімства» (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у беларускіх і польскіх архівах, мноства свежых думак, арыгінальных даследчыцкіх назіранняў. Даследчыка адразу вызначала комплекснасць у вывучэнні пытанняў літаратуры і культуры, імкненне да жывой размовы з шырокім чытачом. У кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969) ім пададзены партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху.
У 1970 годзе Адам Мальдзіс знайшоў у бібліятэцы Курніцкай (Польшча) рукапіс верша «Всем многі век в новой хаці» на тагачаснай гутарковай беларускай мове, напісаны Іахімам Храптовічам лацінкай дзесьці ў 1750-х гадах на НаваградчынеMaldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 179.. Адам Мальдзіс указвае, што ў справе фонду бібліятэкі Курніцкіх знаходзяцца яшчэ два ананімныя рукапісныя беларускамоўныя вершы XVIII ст., напісаныя на лацініцы, — «Chorostwo gumu, odwagi, rozumu» (тыповы твор перыяду барока) і «Na dolinie mak, mak do wsio kanapielki» (стылізацыя пад народную песню альбо літаратарская апрацоўка народнай песні), аўтарства якіх не вызначанаMaldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 180.. Мальдзіс адзначае, што кашталян Казімір Несялоўскі быў паэтам-аматарам (дакладна вядома, што пісаў вершы на польскай мове), гэтак жа як і яго сын Адам Несялоўскі (дакладна вядома, што выдаў у 1741 годзе зборнік вершаў на лацінскай мове ў Пінску).
Выдаў даследаванне «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў» (1982, перавыдадзена ў абноўленым выглядзе 2001), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988). Сумесна з літоўскай даследчыцай Альмай Лапінскене выдаў манаграфію «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), дзе ўпершыню паказана літаратурнае ўзаемадзеянне беларусаў і літоўцаў ад старажытнасці да нашага часу. Пазней выйшлі яго кнігі «І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае» (1994), «Выбране» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2010).
Падрабязная бібліяграфія змешчана ў кнізе: «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса» (2007). Працы Адама Мальдзіса вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу, арыгінальнасцю вывадаў, наватарскімі падыходамі, бліскучым стылем. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).
Напісаў гістарычную аповесць «Восень пасярод вясны» (1984), у якой на аснове мясцовай легенды звёў разам у Анеліне на Астравеччыне Кастуся Каліноўскага, Уладзіслава Сыракомлю, актрысу Галену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў. Аўтар краязнаўчага нарыса «Астравеччына, край дарагі…» (1977), шматлікіх артыкулаў па краязнаўстве. Кніга «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990) — спалучэнне мемуарыстыкі, эсэістыкі, літаратуразнаўства. Аўтар кнігі «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001).
Складальнік зборнікаў «Зямля навагрудская, краю мой родны…» Адама Міцкевіча (1969) і «Творы» Язэпа Дылы (1981), «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча (пераклад Браніслава Тарашкевіча, 1981).
Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Т. 1-6; 1992—1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі» (1996—2002).
Ацэньваючы сваю творчую спадчыну, Адам Мальдзіс пісаў:
Пасмяротна выдадзены зборнік артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю «Што было, што ёсць, што будзе з беларусамі?»Навінкі ад «Акадэмкнігі»: Сага па Мальдзісу.
Цікавыя факты У артыкуле, апублікаваным у газеце «Советская Белоруссия» 27 чэрвеня 2007 г., Мальдзіс спрабаваў увесці ў мову неалагізм "белая воспа", гэтым тэрмінам па аналогіі з чорнай воспай аўтар называў расклееныя па Мінску ў неналежных месцах прыватныя аб'явы Адам МАЛЬДИС. «Белая оспа» // СБ. Беларусь сегодня, 27.06.2007. Але неалагізм не прыжыўся.
Узнагароды Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100 і інш. медалямі, ордэнам Францыска Скарыны (2013), чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі. Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) — за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977).
Ушанававанне памяці
Гл. таксама Знікненне і пошукі Крыжа Ефрасінні Полацкай
Выбраная бібліяграфія Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. — Мн., 1966. Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. — Мн., 1969. Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. — Мн., 1972. Тры месяцы пошукаў, знаходак і сустрэч // Полымя. 1973. № 7. Таямніцы старажытных сховішчаў. — Мн., 1974. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich / A. Maldzis // Pamiętnik biblioteki Kórnickiej. — 1978. — Zesz. 14. — S. 177—180. На скрыжаванні славянских традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна XVII—XVIII ст. — Мн., 1980. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў. — Мн., 1982. Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў. — Мн.: Мастац. літ., 1984. 3 літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі. — Мн., 1987. Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990. І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. — Мн., 1994. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. — Мн., 2001. Выбранае / Адам Мальдзіс; Уклад. В. Грышкевіч; Прадм. Г. Кісялёў, В. Чамярыцкі. — Мн.: Кнігазбор, 2007. — 464 с. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 978-985-6824-95-4. Белорусские сокровища за рубежом / А. И. Мальдис. — Минск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 208 с. : ил. — (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-6720-94-2. Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым / Адам Мальдзіс, Армэн Сардараў. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. — 165, с. ISBN 978-985-6941-36-1. Соотечественники : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру / Адам Мальдис. — Минск : Издательский дом «Звезда», 2013. — 336 с. (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-7059-85-0. Ад Скарыны і Фёдарава — у XXI стагоддзе: зборнік эсэ / Адам Мальдзіс. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2018. — 206, с. — ISBN 978-985-581-087-3.
Крыніцы
Літаратура
— C. 209.
Zaprudnik Jan. Historical Dictionary of Belarus. — 1998. P. 153
Спасылкі Скарынаўскі Цэнтр — Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны «Кантакты і дыялогі» — Інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь KAMUNIKAT — Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка KAMUNIKAT Не стало Адама Мальдиса
Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Дактары філалагічных навук Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі і аўтары газеты «Советская Белоруссия» Катэгорыя:Нарадзіліся ў Астравецкім раёне Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Крытыкі Беларусі Катэгорыя:Эсэісты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з балгарскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Кавалеры ордэна Францыска Скарыны Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы культуры Польшчы Катэгорыя:Супрацоўнікі Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага