Озран () — невысокі горны масіў у паўночнай частцы Босніі і Герцагавіны, які працягнуўся на адлегласць каля 40 км паміж гарадамі Добай і Завідавічы, паміж далінай ракі Босна на захадзе і далінай ракі Спрэча на поўначы. На поўдні цягнецца ўздоўж ракі Крывая, тады як усходнія схілы спускаюцца да возера Модрачка. Такім чынам, часткова гара знаходзіцца ў Федэрацыі Босніі і Герцагавіны, часткова ў Рэспубліцы Сербскай. У адміністрацыйным плане адносіцца да баснійскай абшчыны Маглай і сербскай абшчыны Петрава.

Этымалогія Паводле легенды назва гары была дадзена баснійскай каралевай Катарынай Косава Катраманіч, якая, устаўшы на вяршыню, была зачаравана хараством краявіду і прамовіла «Мили Боже, лијепа обазарја» (прыкладны пераклад: «Божа мой, які выдатны выгляд»). Слова «обазарја», мелае насамрэч некалькі розных значэнняў, пасля трансфармавалася ў Озран.

Характарыстыкі Тры найвышэйшыя пункты горнага масіву знаходзяцца на тэрыторыі муніцыпалітэта Петрава, гэта пік Вялікая Остравіца (918 м), пік Краліца (883 м) і пік Малая Остравіца (853 м). Апроч размаітай флоры Озран багаты прыроднымі рэсурсамі, тут ёсць крыніцы чыстай пітной вады, што валодаюць гаючымі ўласцівасцямі геатэрмальныя крыніцы, рудныя і мінеральныя рэсурсы.

Гісторыя З-за геаграфічных асаблівасцей гара Озран часта ставала пунктам абароны падчас ваенных канфліктаў. Падчас Другой сусветнай вайны ў 1942 годзе нямецка-харвацкія войскі праводзілі тут карную аперацыю супраць югаслаўскіх партызан — большая частка партызан у выніку схавалася ў тутэйшых лясах. У час Баснійскай вайны Озран стаў апорай абароны сербаў супраць мусульманаў. Цяпер на піку Краліца ўсталяваны помнік загінулым ваярам Узброеных сіл Рэспублікі Сербскай, якія ў верасні 1995 года сталі ахвярамі бамбардзіровак НАТА.

Озранскі манастыр На гары знаходзіцца манастыр Сербскай праваслаўнай царквы, прысвечаны Мікалаю Цудатворцу, таксама вядомы як Озранскі манастыр.

Озранскі марафон Муніцыпалітэт Петрава пры падтрымцы Радыё і тэлебачання Рэспублікі Сербскай штогод арганізуе традыцыйны марафонскі забег па хрыбце Озран.

Спасылкі

Ozren Outdoor