Барак Хусейн Абама II ( ; ) — амерыканскі палітык.
44-ы Прэзідэнт ЗША (з 20 студзеня 2009 года да 20 студзеня 2017 года), першы ў гісторыі Злучаных Штатаў афраамерыканец, які стаў кіраўніком дзяржавы.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2009 года.
Біяграфія Бацька Абамы — кеніец Барак Хусейн Абама старэйшы (эканаміст), маці — ураджэнка штата Канзас Стэнлі Эн Данхэм (антраполаг). Пара разышлася, калі хлопчыку было два гады.
З шасцігадовага ўзросту Барак пражываў у Джакарце (пасля таго, калі яго маці выйшла замуж за інданезійца), там ён вучыўся ў мясцовай школе.
У 1971 годзе хлопчык вярнуўся на Гаваі, каб жыць з бабуляй і дзядулем. Ён пайшоў у школу Пунахоу, якую скончыў у 1979 годзе.
Вышэйшая адукацыя У 1979 годзе Абама паступіў у Заходні каледж у Лос-Анджэлесе, затым (з 1981 года) вучыўся ў Калумбійскім універсітэце (дзе ў 1983 годзе ён атрымаў ступень бакалаўра палітычных навук).
У 1988—1991 гадах вывучаў юрыспрудэнцыю ў Гарвардскім універсітэце. Падчас вучобы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Мішэль Робінсан, яна працавала ў юрыдычнай фірме, куды Абама прыйшоў на летнюю практыку пасля першага курса.
Кар’ера У перапынку паміж вучобай у Калумбійскім універсітэце і ў Гарвардзе Абама працаваў аналітыкам у Business International Corporation у Нью-Ёрку.
Пасля вучобы ў Гарвардзе ўладкаваўся ў юрыдычную фірму Davis, Miner, Barnhill & Gallard (Чыкага), дзе да 2002 года займаўся справамі, якія тычыліся грамадзянскіх, працоўных правоў, нерухомасці, выбарчага заканадаўства.
Акрамя таго, Абама выкладаў на юрыдычным факультэце Чыкагскага ўніверсітэта з 1992 года, пакуль не быў абраны ў Сенат ЗША ў 2004 годзе.
У 1997—2004 гады ён — сенатар ад Дэмакратычнай партыі ў Сенаце штата Ілінойс. Са студзеня 2005 па лістапад 2008 года быў сенатарам ад штата Ілінойс у Сенаце ЗША.
Выбары 2008 года Пра намер балатавацца ў прэзідэнты Абама абвясціў 10 лютага 2007 года ў Спрынгфілдзе ў Ілінойсе. Яго асноўнай саперніцай унутры Дэмакратычнай партыі была нью-ёркскі сенатар Хілары Клінтан.
Пасля нялёгкай барацьбы ўнутры партыі, ужо як адзіны кандыдат ад дэмакратаў, ён разгарнуў кампанію супраць прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду ад Рэспубліканскай партыі ЗША Дж. Мак-Кейна.
Атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах 4 лістапада 2008 года (52,9 % галасоў і 365 удзельнікаў Выбарчай калегіі ЗША), уступіў на пасаду 20 студзеня 2009 года.
Першы прэзідэнцкі тэрмін На пасадзе прэзідэнта дамогся зацвярджэння свайго антыкрызіснага плана, які прадугледжваў выдзяленне 787 млрд даляраў для стабілізацыі эканомікі ЗША.
Вясной 2010 года рэалізаваў маштабную рэформу аховы здароўя, у выніку якой істотна павялічыўся доступ амерыканцаў да медыцынскага страхавання.
У ліпені 2010 года падпісаў закон аб узмацненні жорсткасці фінансавага рынку і ўзмацненні абароны спажыўцоў фінансавых паслуг.
Стаў праводзіць больш мяккую палітыку ў адносінах да Кубы. Аб’явіў «перазагрузку» адносін з Расіяй. Заявіў пра завяршэнне ваеннай місіі ЗША ў Іраку (у краіне тым не менш павінны былі застацца звыш 50 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў).
У 2009 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за «надзвычайныя намаганні ва ўмацаванні міжнароднай дыпламатыі і супрацоўніцтва паміж нацыямі».
У той жа час, ён значна пашырыў амерыканскую ваенную прысутнасць у Афганістане, давёўшы колькасць вайскоўцаў ЗША ў складзе Міжнародных сіл па садзейнічанні бяспецы ў гэтай краіне да 70 тыс. чалавек.
Увесну 2011 года Абама санкцыянаваў правядзенне спецыяльнымі падраздзяленнямі ЗША аперацыі па знішчэнні Усамы бэн Ладэна.
Выбары 2012 года
У лістападзе 2012 года пераабраны на пасаду прэзідэнта на другі тэрмін, атрымаўшы 51,1 % галасоў (332 выбаршчыкаў).
Другі прэзідэнцкі тэрмін Адміністрацыя Абамы працягнула актыўна падтрымліваць масавыя народныя рухі, якія разгарнуліся з пачатку 2011 года ў арабскіх краінах, накіраваныя на звяржэнне існуючых рэжымаў, асабліва ў Лівіі супраць М. Кадафі і ў Сірыі супраць Б. Асада.
Працягнуў пачаты ў першы прэзідэнцкі тэрмін курс на нармалізацыю адносін з Кубай, у ліпені 2015 года паміж краінамі былі былі адноўлены дыпламатычныя адносіны.
Пасля прэзідэнцтва Выступае з лекцыямі, займаецца прадзюсаваннем фільмаў і серыялаў для Netflix, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці «Obama Foundation»БРЭ. Обама Барак РБК. Обама Барак.
Крыніцы
Спасылкі
Рашэд Чоўдхуры Барак Абама і новая амерыканская мара Вольга Парфенчык Чорная надзея Амерыкі Рашэд Чоўдхуры Новая эра амерыканскага грамадства Карэн Акопаў Барак Абама сам пра сябе
Катэгорыя:Адвакаты ЗША Катэгорыя:Юрысты ЗША Катэгорыя:Прэзідэнты ЗША Катэгорыя:Сенатары ад штата Ілінойс Катэгорыя:Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру Катэгорыя:Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі з ЗША