Царква ў гонар Раства Іаана Прадцечы — праваслаўны храм у Малых Жухавічах Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.

Гісторыя Першае апісанне драўлянай уніяцкай царквы ў Малых Жухавічах змяшчаюць дакументы Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гадоў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква ўзведзена фундацыяй землеўладальніка Пятра Харлінскага.

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1782 годзе з дрэва, перабудавана ў пачатку 20 ст. У 1882 годзе пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа.

Архітэктура Помнік архітэктуры стылю мадэрн. Вырашана працяглым прамавугольным зрубам, які пераходзіць у трохгранную апсіду. З франтальнага боку далучаны вузкі квадратны ў плане прытвор, за якім над галоўным фасадам узвышаецца чатырохгранная шатровая званіца, завершаная макаўкай на гранёным барабане. Такое ж завяршэнне мае апсіда. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны вузкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў фігурных разных ліштвах. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вуглавыя лапаткі, трохвугольныя сандрыкі, фрызы геаметрычнага арнаментальнага малюнку.

Інтэр’ер У малітоўную залу выступаюць хоры на 2 слупах, пад якімі перагародкамі вылучаны бакавыя памяшканні лесвіцы і прасвірні. Апсіда вылучана драўляным іканастасам.

Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4. «Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с. — С. 138.

Спасылкі

Катэгорыя:Храмы паводле алфавіта Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Карэліцкага раёна Катэгорыя:Малыя Жухавічы Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Храмы Навагрудскай епархіі Катэгорыя:1782 год у Беларусі