Гарадскі пасёлак Жалудок знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці.
Храналогія На правым беразе ракі Жалудзянка знаходзіцца помнік археалогіі — рэшткі старажытнага пасялення.
У канцы 14 ст. у крыжацкім «Апісанні літоўскіх дарог» згадваецца як «Stegewillen-dorff Szoludka» (Сцегевілава вёска), побач з Ражанкай, якая названай «Rosseneke Kymanten-dorff» (Кімантава вёска).Die littauischen Wegeberichte // Scriptores Rerum Prussicarum. Zweiter Band. Leipzig, 1863. С. 707. Баярын Вітаўтавых часоў Кімант вядомы з таго перыяду, ад яго ўнука Паца Доўкшавіча пайшоў род Пацаў, якія валодалі Ражанкай да 1832 г.Рымвідас Пятраўскас. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: склад — структура — улада / Пераклад з літ.: А. Мікус. Смаленск, 2014. С. 248. Ёсць літоўскія прозвішчы Stegvilas, Stegvila, было адпаведнае двухасноўнае имяhttps://pavardes.lki.lt/?pv=6e3232c9faf1a9c9bdcb50803f026d3aZ. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 139..
У 2-й пал. 15 ст. у актах Літоўскай метрыкі Жалудок узгадваецца як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 — вядомы як мястэчка. У канцы 15 — пачатку 16 стст. існаваў Жалудоцкі павет у складзе Трокскага ваяводства ВКЛ. З 1501 па 1508 жалудоцкім намеснікам быў велікакняжацкі падскарбій надворны, а потым лоўчы і канюшы пан Марцін Храптовіч. У 1510 жалудоцкім намеснікам быў велікакняжацкі лоўчы пан Мікалай Юр’евіч Пац, або Пацавіч.
У 1516 кароль Жыгімонт I Стары аддаў Жалудок за 600 коп грошай князю Васілю Палубінскаму. У якасці «дзяржаўцы Жолудского» князь В. Палубінскі апошні раз узгадваецца ў 1534. У тыя часы ў Жалудку і яго ваколіцах пражывала шмат баяр — прадстаўнікоў ваенна-служылага саслоўя ВКЛ. Перапіс войска ВКЛ 1528 змяшчае імёны 36 жалудоцкіх баяр, абавязанных са сваім узбраеннем служыць у войску. У іх лік уваходзіў атрад з 21 баярына, які перыядычна нёс ахову вядомага Трокскага замка.
У 1535 Жалудок і Высокі Двор (у Літве на захад ад сучаснага Тракая) былі падараваны каралём Жыгімонтам I Старым перабежчыку з Масковіі, былому акольнічаму маскоўскіх князёў Івану Васільевічу Ласкаму. У 1536 гістарычныя крыніцы ўпершыню зафіксавалі таргі па панядзелках у Жалудку. Пасля, у 1552 перададзены сыну — Івану Іванавічу Ласкаму. У 1567 апошні паставіў каралю Жыгімонту Аўгусту 61 коннага воіна са зброяй падчас вайны з Масковіяй.
Паколькі Жалудок перайшоў у вотчыну Ласкіх, павет перастаў існаваць. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565-66 Жалудоцкая воласць увайшла у склад Лідскага павета.
Затым Жалудок перайшоў да Сапегаў герба «Ліс» у якасці кампенсацыі за тэрытарыяльныя страты дома Сапегаў на ўсходзе. Потым у выніку шлюба дачкі маршалка гаспадарскага, ваяводы віцебскага і падляшскага Івана Багданавіча Сапегі (1480—1546) — Ганны Сапежанкі (пам. 1580) у якасці пасага Жалудок перайшоў да мазавецкага шляхетскага роду Фрацкевічаў-Радзімінскіх герба «Бродзіц». У 1690 «Жалудоцкі ключ» — вялікае зямельнае ўладанне па абодвух берагах Нёмана з панскім дваром, мястэчкам, вёскамі, ворнымі землямі і лясамі налічваў 226 дамоў і з’яўляўся адным з буйнейшых шляхецкіх уладанняў у Панямонні.
У лютым 1706 года галоўная кватэра шведскага караля Карла XII.
У 18 — першай палове 19 ст. — уласнасць старажытнага нямецкага роду Тызенгаўзаў герба «Буйвал». Антоній Тызенгаўз (1733-85) увайшоў у гісторыю як славуты падскарбій надворны літоўскі і аміністратар каралеўскі, магнат і палітык. Памёр Антоній Тызенгаўз у Гродне, а пахаваны ў Жалудку. Цела гэтага знакамітага для свайго часу дзеяча спачывае ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Нарадзіўся, жыў і працаваў у Жалудку яшчэ адзін знакаміты прадстаўнік роду — гр. Канстанцін Тызенгаўз (1786—1853), арнітолаг, аўтар некалькіх навуковых прац. Ён захапляўся жывапісам, быў вучнем Яна Рустэма.
З 1795, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, Жалудок — цэнтр воласці Лідскага павета ў складзе Расійскай імперыі.
У 1843 пераходзіць да мазавецкага роду Урускіх у выніку шлюбу дачкі гр. Рудольфа Тызенгаўза (пам. 1830) — Германцыі Тызенгаўз (1822-91) з гр. Севярынам Урускім (1817-90), маршалкам шляхты Варшаўскай губерніі, тайным дарадцам, ахмістрам царскага двара, аўтарам папулярнага даведніка па гісторыі геральдыкі. Адмена прыгоннага права адбылася якраз пры Урускіх і прайшла вельмі мірна з перадачай сялянам поўных надзелаў па нізкіх коштах. У 1861 годзе ў мястэчку налічваўся 581 жыхар. Пасля смерці гр. Урускай Жалудок перайшоў да яе дачкі Марыі, княгіні Святаполк-Чацьвярцінскай. Побач з Жалудком на беразе возера размешчаны маёнтак князеў Святаполк-Чацвярцінскіх (пач. 20 ст.).
З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага павета.
З 1939 года ў БССР, з 1940 года гарадскі пасёлак, цэнтр раёна.
Жалудок акупіраваны нацыстамі 27 чэрвеня 1941 г., большая частка дамоў у гэты дзень згарэла. Гітлераўцы ў лістападзе 1941 г. на адзінай ацалелай вуліцы стварылі гета, у якім утрымліваліся яўрэі з Жалудка і в. Орля. Пры яго знішчэнні 9 мая 1942 г. гітлераўцы загубілі больш за 1,5 тыс. (па іншых звестках, 2 тыс.) чалавек, астатнія вязні былі пераведзены ў гета ў Лідзе і Шчучыне.
Жалудок вызвалены 12 ліпеня 1944 г. армейскім рухомым атрадам (генерал-лейтэнант А. А. Цюрын) 50‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі.
З 1962 года пасёлак у Шчучынскім раёне.
Гісторыя каталіцкай царквы ў Жалудку Першы касцёл быў закладзены ў 1490 вялікім князем Казімірам IV, з 1498 Жалудок — цэнтр каталіцкай парафіі. У выніку татарскага набегу ў 1506 касцёл быў спалены. У 1529 па загаду караля Жыгімонта I Старога быў адноўлены. У гэты час пробашчам жалудоцкім быў кс. Мацей Баптыста. Падчас вайны 1655—1659 гг. касцёл быў спалены маскоўскім войскам, пасля чаго быў адноўлены кс. Андрэем Бурневічам.
У 1682 мінскі падчашы, лідскі падкаморый, стараста крэўскі і лідскі, потым падскарбій надворны літоўскі Казімір Францкевіч-Радзімінскі (1638—1694) разам са сваёй жонкай Аляксандрай заснаваў у Жалудку драўляны кляштар кармелітаў «старых» (па іншых дадзеных — у 1686 г.). У лютым 1706 тут, у кляштары кармелітаў, падчас Паўночнай вайны стварыў свой штаб шведскі кароль Карл XII.
Паколькі пры кляштары быў свой касцёл, для адрознення стары парафіяльны касцёл пачалі называць фарай. Адсюль паходзіць і назва вёскі побач з Жалудком — Фарны Канец. Кляштар і касцёл былі размешчаны на кляштарнай плошчы па вул. Касцельнай і былі драўляныя. У сярэдзіне 18 ст. да касцёла была прыбудавана мураваная капліца, фундаваная Секлюцкімі. Касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Казіміра, капліца — пад тытулам Найсвяцейшай Дзевы Марыі Шкаплернай. Як і ў кожнай парафіі, пры касцёле існавала парафіяльная школа. У 1777 г. у школе было 24 вучні; у 1781 г. — 9; 1782 г. — 14; 1804 г. — 10; у 1805 г. — 10 вучняў. У 1781 г. парафія налічвала 5962 вернікі.
У 1832 кляштар скасаваны, а яго касцёл знішчаны. У склепе знішчанага касцёла захоўваліся целы прадстаўнікоў роду Тызенгаўзаў. Трэба адзначыць, што яшчэ гр. Рудольф Тызенгаўз меў намер пабудаваць у Жалудку маўзалей, але не паспеў. Сам кляштар у 1839 быў прыстасаваны пад лазарэт эстляндскага егерскага палка.
Таму ў 1835 будаваць капліцу побач з былым кляштарам пачаў гр. Канстанцін Тызенгаўз. Але фарны касцёл быу ў такім разбураным стане, што трэба было думаць пра будаўніцтва на яго месцы новага касцёла. У 1843 пры падзеле спадчыны сёстры Юзэфа гр. Патоцка і Эльфрыда гр. Замойская заплацілі Германцыі гр. Урускай па 1500 рублёў на будоўлю мураванай капліцы і абяцалі даплаціць яшчэ пры ўмове ўзвядзення новага касцёла. За гэтыя сродкі на працягу некалькіх гадоў пры капліцы быў пабудаваны мураваны касцёл, які ў 1853 быў асвечаны як касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
22 мая (3 чэрвеня) 1863 у Вільні быў расстраляны кс. Станіслаў Іжора, вікарый жалудоцкага пробашча, прызнаны вінаватым за абвяшчэнне ў касцёле маніфеста Нацыянальнага камітэта падчас паўстання 1863—1964 гадоў. Гэта была першая ахвяра новага віленскага ваеннага генерал-губернатара Мураўёва.
Жалудоцкая парафія ў 1897 налічвала 9 тыс. верных, а да 1915 лічба вырасла да 11 тыс.
Рэлігійная архітэктура Першы касцёл быў закладзены ў 1490 годзе вялікім князем Казімірам IV. У 1682 годзе Фрацкевічы-Радзімінскія заснавалі ў Жалудку кляштар кармелітаў «старых» (па іншых дадзеных — у 1686). У 1832 годзе кляштар скасаваны, а яго касцёл знішчаны. У 1853 годзе пабудаваны новы парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У пачатку XX стагоддзя была пабудавана сінагога, пасля другой сусветнай вайны прыстасавана пад Дом культуры.
У 1999 годзе пабудавана з дрэва праваслаўная царква на аснове былога будынка медыцынскай установы.
Крыніцы
Спасылкі Гісторыя Жалудка на pawet.net Лаўрэш Леанід. Палац у Жалудку // Наша Слова № 28 (1543), 15 ліпеня 2021 г.; № 29 (1544), 22 ліпеня 2021. // на pawet.net Шымялевіч Міхал. Нататкі да манаграфіі Жалудка // Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. — Гродна, 2019. С. 57-72. // на pawet.net
Катэгорыя:Жалудок Жалудок Жалудок