Культура Дорсет (, , ) — археалагічная культура палеаэскімосаў. Існавала ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. - сярэдзіне 2 тысячагоддзя н. э. Ахоплівала Грэнландыю, Канадскі Арктычны архіпелаг, прыбярэжныя раёны на поўдзень ад яго, у тым ліку паўвостраў Лабрадор і востраў Ньюфаўндленд.
Атрымала назву паводле абшчыны мыс Дорсет у Нунавуце (Канада), дзе была знойдзена ў 1925 г.
Паходжанне Генетычныя даследаванні 2010 г. паказалі, што прадстаўнікі культуры Дорсет паходзяць з Сібіры і не звязаны з сучаснымі эскімосамі Канады і Грэнландыі, якія бяруць пачатак ад культуры ТулеDorset DNA: Genes Trace the Tale of the Arctic's Long-Gone 'Hobbits'. Група дорсетцаў сфарміравалася каля 4500 гадоў таму і мела толькі 1 жанчыну ў якасці продка. Іх колькасць ніколі не была вялікай — каля 3000 на тэрыторыі Канады і 1000 на тэрыторыі Грэнландыі. Даследчыкі адзначаюць надзвычайную ізаляванасць дорсетцаў ад іншых народаў Паўночнай Амерыкі, што, магчыма, тлумачыцца іх рэлігійнымі вераваннямі.
Археолагі адзначаюць, што культура Дорсет сфарміравалася на тэрыторыі паўночнай Канады на аснове так званай прэ-Дорсетскай археалагічнай культуры 2000 - 500 гг. да н. э. Для яе былі характэрны тэхналогіі выкарыстання мікралітаў. Прэ-дорсетцы займаліся вандроўным паляваннем на марскіх і сухапутных звяроў, птушак. Жылі невялікімі абшчынамі ў круглявых, відавочна скураных жытлах накшталт тыпі.
У перыяд 800 - 500 гг. да н. э. у паўночным паўшар'і адбылося пахаладанне кліматуPaleo-Eskimos - Colonizing Arctic America. Adaptation to Climate Change in the American Arctic , што прывяло да далейшай адаптацыі прэ-дорсетцаў да ўмоў Арктыкі і ў выніку — да фарміравання культуры Дорсет.
Перыядызацыя Прынята вылучаць тры асноўныя перыядыDorset Culture - Late Paleo-Eskimo Society ў існаванні археалагічнай культуры Дорсет: Ранні (500 г. да н. э. - пачатак нашай эры, або 800 да н. э. - пачатак нашай эры), звязаны з распаўсюджаннем тыповых прыкмет культуры Дорсет, яе пранікненнем ў Грэнландыю. Сярэдні (пачатак нашай эры - 500 г. н. э., або пачатак нашай эры - 600 н. э.), звязаны з прыстасаваннем да новага пахаладання. Не прадстаўлены ў Грэнландыі. Позні (з VI ст. н. э.) — росквіт культуры і яе заняпад.
Матэрыяльная культура thumb|Прыклад мастацкай разьбы культуры Дорсет У адрозненні ад сваіх папярэднікаў, прадстаўнікі археалагічнай культуры Дорсет былі ў большай ступені скіраваны на эксплуатацыю багатых марскіх рэсурсаў, таму іх стаянкі найчасцей сустракаюцца непасрэдна каля ўзбярэжжа. Вывучэнне ранніх дорсетскіх паселішчаў у Грэнландыі паказала, што большасць касцяных рэштак належала ластаногім, хаця трапляліся рэшткі птушак, карыбу і белых мядзведзяўEarly Dorset/Greenlandic Dorset . У позні перыяд 80% рэштак наземных жывёл належалі пясцамLate Dorset , якіх здабывалі з-за футра. Дорсетскія стаянкі на Ньюфаўнлендзе ўтрымоўвалі складаныя нажы і скрэблы для апрацоўкі кітовых скур.
Асноўнымі матэрыяламі для прылад працы былі косць, камень, радзей драўніна. Дорсетцы апрацоўвалі пераважна плоскі пясчанік і агат. Яны сустракаліся вельмі рэдка, і іх наяўнасць сведчыць пра шырокую сетку абменаў паміж абшчынамі. Разам з нажамі і скрэбламі знойдзены дзяржальні з жолабамі для крыві забітай жывёлы, навершы гарпуноў, элементы пастак. Мяркуецца, што носьбіты культуры Дорсет выраблялі лёгкія санкі, якія цягнулі самастойна без дапамогі сабак, а таксама каркасныя лодкіPalaeo-Eskimo Peoples . Захаваліся разныя мастацкія вырабы з косці і талькахларыта ў выглядзе жывёл, людзей, абстрактных фігур, але яны больш адметны ў позні перыяд.
Для дорсетскіх стаянак характэрны доўгія хаціны — зямлянкавыя каркасныя жытлы на каменнай платформе, крытыя дзёрнам. Яны выкарыстоўваліся ўзімку, меркавана адной сям'ёй. Ацяпляліся і асвятляліся стэарынавымі свяцільнямі, што пазбаўляла ад залежнасці ад рэдкіх запасаў драўніны. Магчыма, што дорсетцы ведалі пабудову часовых зімовых снежных хацін накшталт іглу. Захаваліся рассеянныя каменныя фундаменты часовых летніх хацін. Паселішчы былі невялікія. Відавочна дорсетцы праводзілі зімовы сезон разам, а ў цёплыя месяцы падзяляліся на малыя вандроўныя групы. Прысутнасць свойскай жывёлы, нават сабак, не заўважна.
Знікненне У канцы 1 тысячагоддзя н. э. у паўночным паўшар'і пачаўся новы перыяд пацяплення, што падштурхнула новыя хвалі міграцыі ў Арктыку. У VIII - IX стст. прадстаўнікі позняй археалагічнай культуры Дорсет занялі паўночныя астравы Канадскага Арктычнага архіпелага, поўнач і паўночны ўсход ГрэнландыіMigration to Greenland . Назіраўся росквіт іх мастацтва. Разам з гэтым, пачалося перасяленне індзейцаў ў лясныя раёны паўвострава Лабрадор і вострава НьюфаўндлендDisappearance of Dorset Culture. У канцы X ст. група нарманаў з Ісландыі заснавала 2 буйныя паселішчы на поўдні і паўднёвым захадзе Грэнландыі. Нарманамі таксама рабіліся спробы каланізацыі ВінландаThe Norse in the North Atlantic, які мог уваходзіць у рэгіён распаўсюджання культуры Дорсет. У дорсетскіх паселішчах Канадскага Арктычнага архіпелага знойдзены некаторыя рэчы, якія маглі быць выраблены скандынаваміГренландия: Конец европейского мира , аднак ніякіх звестак пра шырокія кантакты, ваенныя сутычкі або гандаль паміж еўрапейскімі і палеэскімоскімі пасяленцамі не маецца. Нягледзячы на гэта, высоўваецца гіпотэза пра тое, што носьбіты культуры Дорсет маглі пацярпець ад захворванняў, завезеных з ЕўропыAncient DNA Sheds New Light on Arctic's Earliest People.
Знікненне культуры Дорсет супадае з распаўсюджаннем больш развітай культуры Туле, што належала продкам сучасных інуітаў. На большасці раней занятых тэрыторый культура Дорсет знікла паміж 1150 г. і 1350 г.No Descendants Are Left from the First Eskimos У некаторых прыбярэжных раёнах Лабрадора носьбіты Дорсет маглі існаваць да XV ст.Dorset Culture Але ў выніку іх землі былі заняты продкамі інуітаў. Не вядома, ці прывялі да гэтага прамыя канфлікты паміж носьбітамі Туле і Дорсет, або ўзаемная канкурэнцыя за абмежаваныя рэсурсы Арктыкі. Думка некаторых археалагаў пра магчымасць узаемадзеяння паміж прадстаўнікамі дзвюх культур і ўплыву носьбітаў Дорсет на носьбітаў Туле ў нашы дні падвяргаецца сумневуD. V. O’Donnell, The Dorset-Thule transition in the Canadian Arctic: a case study in culture change theory. У інуітаў захаваліся паданні аб туніт — дужых і палахлівых людзях, якія папярэднічалі міграцыі іх продкаўScience Catches Up With Inuit Oral History, 'Discovering' Ancient Paleo-Eskimos . Некаторыя вучоныя атаясняюць туніт з прадстаўнікамі культуры Дорсет.
Зноскі
Літаратура McGhee, R. Ancient People of the Arctic. / Robert McGhee. — Vancouver: University of British Columbia Press, 2001. ISBN 0-7748-0553-6
Спасылкі
Dorset culture - Archaeology in the Arctic Dorset Culture - The Canadian Encyclopedia The Gallery of Dorset Art
Дорсет Дорсет Дорсет Дорсет