Працяжнік — знак прыпынку, які ўжываецца ў шматлікіх мовах.
Выкарыстанне ў беларускай мове Працяжнік ставіцца паміж дзейнікам і выказнікам: калі абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнікам у назоўным склоне і пры выказніку адсутнічае дзеяслоў-звязка (Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь); калі абодва галоўныя члены ці адзін з іх выражаны неазначальнай формай дзеяслова (Хату зрабіць — не скрынку збіць (прыказка)); калі перад выказнікам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць (Ігнараваць мову — гэта значыць ігнараваць народ, нацыю (П.Пестрак)); калі дзейнік і выказнік выражаны лічэбнікамі або адзін з іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне, а другі — лічэбнікам ці колькасна-іменным спалучэннем (Чатыры і два — шэсць альбо Плошча Гродна — сто сорак два квадратныя кіламетры); калі выказнікам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклічнік або гукапераймальнае слова (Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго (Я.Колас)); перад абагульняльным словам пасля аднародных членаў (І двор, і дарога, і лес — усё было занесена белым снегам (І.Пташнікаў)); калі пасля аднародных членаў перад абагульняльным словам ужыта пабочнае слова або спалучэнне слоў словам, адным словам, карацей кажучы, то працяжнік ставіцца перад пабочным словам, а пасля яго — коска (Начны лес, ціхі, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цішыня лясных нетраў — адным словам, усё настройвала на роздум (М.Зарэцкі)); калі аднародныя члены сказа стаяць у сярэдзіне сказа пасля абагульняльнага слова, то перад імі ставіцца двукроп'е, а працяжнік — пасля іх (Хутка ўсё: неба, і дарога, і чэзлыя балотныя хмызнякі — патанула ў снежнай завірусе (Я.Колас)); паміж аднароднымі членамі сказа, калі прапушчаны супраціўны злучнік (Не плача — смяецца шчаслівая маці (М.Багдановіч)); перад злучнікам і паміж двума членамі сказа, калі другі з іх выражае вынік, хуткую змену падзей, нечаканасць (А ўбачыў Машу — і адразу падабрэў (І.Шамякін)); калі злучнік і звязвае два аднародныя выказнікі, з якіх другі выражаны ўсечанай формай дзеяслова, то паміж імі заўсёды ставіцца працяжнік — перад злучнікам або пасля яго (Пахіснулася хвоя — і бразь на зямлю (Я.Колас)); перад недапасаваным азначэннем, выражаным неазначальнай формай дзеяслова ці спалучэннем з гэтай формай (Усіх непакоіла адна думка — выстаяць (М.Лынькоў)); перад неразвітым або развітым прыдаткам, які стаіць у канцы сказа: калі ў прыдатку тлумачыцца, удакладняецца змест азначаемага назоўніка і перад ім без змянення сэнсу можна ўставіць словы менавіта, а менавіта (Пацягнуўся лес сцяною — ельнік, дуб і хваіна (Я.Колас)); калі прыдатак адносіцца да займенніка (Вось яна — дзявочая пекната (І.Шамякін)); калі неабходна падкрэсліць адценне самастойнасці прыдатка (Андрэй сядзеў, апёршыся на край стала, і дапытліва пазіраў на людзей — на моладзь і старых (П.Пестрак)); у няпоўных складаных сказах на месцы прапушчанага члена сказа (З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, а з другога — кусты ядлоўцу, а далей — алешнік (Я.Колас)); калі ўстаўная канструкцыя знаходзіцца паміж часткамі, дзе павінна ставіцца коска, або ў канцы самой устаўной канструкцыі ёсць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнікам і ставіцца перад другім працяжнікам (Каб дабрацца да надзелу цёткі Насці — так завуць жонку бацькавага брата, — трэба прайсці каля будкі, у якой яшчэ нядаўна яны жылі... (І.Навуменка)); паміж часткамі складаназлучанага сказа, калі ў другой частцы падкрэсліваецца вынік у адносінах да першай, калі перадаецца нечаканасць, хуткая змена падзей або супрацьпастаўленне (Пытаўся, шукаў — і ні слыху ў адказ, ні следу нідзе, ні далёкага рэха (П.Панчанка)); у бяззлучнікавых сказах паміж часткамі: калі ў першай частцы ўказваецца на ўмову або час дзеяння, пра якое паведамляецца ў другой частцы (Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям — поўны гуслі насыплю дукатаў (Я.Купала)); калі ў другой частцы паказваецца вынік або робіцца вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай частцы (Ранак луг расой купае — дзень гарачы будзе (А.Бачыла)); калі змест частак супрацьпастаўляецца ці супастаўляецца (Маці будзіла снедаць — ён не ўстаў (І.Навуменка)); калі ў сказе гаворыцца пра хуткую змену падзей або ў другой частцы паказваецца неадпаведнасць, нечаканы вынік таго, пра што паведамляецца ў першай частцы (Бліснула маланка — стала відна як удзень (С.Грахоўскі)); калі апошняя частка з'яўляецца абагульняльнай у адносінах да папярэдніх (Дол засланы шышкамі, цвіце сунічнік, бруснічнік, перагукваюцца птушкі, звіняць камары — усё тут знаёмае... (І.Навуменка)); калі другая частка з'яўляецца далучальным сказам (Андрэй быў у добрым гуморы — гэта адразу кідалася ў вочы (М.Зарэцкі)); калі другая частка з'яўляецца параўнаннем у адносінах да першай (Слова сказаў — сякераю адсек (прыказка)); ставіцца паміж двума словамі, якія абазначаюць прасторавыя, часавыя або колькасныя межы (гэтыя словы замяняюць словазлучэнні з прыназоўнікамі ад (з)... да (цягнік Мінск — Брэст); ставіцца паміж двума ці некалькімі найменнямі ў назвах вучэнняў, законаў, падзей і інш (закон Бойля-Марыёта ці хакейны матч Беларусь — Швецыя).
Працяжнік не ставіцца калі выказнік, выражаны ўсечанай формай дзеяслова, інтанацыйна не выдзяляецца (Я тым часам шмыг за дзверы (З.Бядуля)); паміж дзейнікам і выказнікам, выражанымі назоўнікам або назоўнікам і займеннікам ці прыметнікам: калі паміж галоўнымі членамі сказа стаіць прыслоўе або часціца (А мой бацька таксама партызан (І.Шамякін)); калі паміж галоўнымі членамі сказа стаіць пабочнае слова ці адасоблены член сказа (акрамя прыдатка) (Хлопец, апрануты ў салдацкі шынель, наш зямляк (К.Чорны)); калі дзейнік стаіць пасля выказніка (Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман (Я.Колас)); калі перад выказнікам ёсць адмоўе не (Сам сабе чалавек не вораг (прыказка); калі пры выказніку ўжываюцца параўнальныя злучнікі як, усё роўна як, быццам, быццам бы, бы, нібы, што (лес стаяў як сцяна); калі дзейнік выражаны асабовым займеннікам, а выказнік — назоўнікам у назоўным склоне (Пасівелы мой лес, я твой вечны паклоннік, я твой вечны даўжнік (Я.Сіпакоў)); калі дзейнік выражаны назоўнікам, а выказнік — прыметнікам (У познюю восень вада пад мастком чыстая і халодная (К.Чорны)).
Працяжнік можа ставіцца пры сэнсава-інтанацыйным выдзяленні: выказніка (Рак — не рыба, кажан — не птушка (прыказка). двух ці больш дапасаваных азначэнняў, што стаяць звычайна ў канцы сказа (Сонца зайшло, і пачалося змярканне — ціхае, свежае, з расой і камарамі (Я.Брыль)); прыдатка або групы аднародных прыдаткаў, якія стаяць у сярэдзіне сказа пасля азначаемага назоўніка, калі неабходна падкрэсліць самастойнасць прыдаткаў (Начны драпежнік — сава — бясшумна плыве ў паветры (В.Вольскі)); даданых членаў сказа, якія знаходзяцца ў канцы сказа (Каля школы шчабяталі дзеці - звонка, радасна (Я.Колас)); даданай часткі складаназалежнага сказа, якая можа знаходзіцца перад галоўнай часткай або пасля яе (Тады магутная краіна — калі пявучы ў ёй народ (Я.Янішчыц)); у няпоўных простых сказах на месцы прапушчанага члена сказа (Па суседству з Белым возерам знаходзіцца другое — Чорнае (В.Вольскі)); у сказе, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасці выказвання (Ты што — забыўся? Параўн.: Ты што` забыўся?); для выдзялення ўстаўных канструкцый (Алеся — ёй было ўжо каля дзесяці гадкоў — сядзела за праснічкаю (Я.Колас)).
Спасылкі Закон Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. № 420-З «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»
Катэгорыя:Знакі прыпынку