Іва́н Мацве́евіч Жы́жаль (, в. Сыраежкі — , г. ) — будаўнік, Герой Сацыялістычнай Працы (1964).

Біяграфія Іван Жыжаль нарадзіўся 16 чэрвеня 1904 года ў вёсцы Сыраежкі (цяпер Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці Беларусі). З 1921 года працаваў на чыгунцы. У 1922 годзе Жыжаль скончыў чыгуначнае вучылішча. У 1935 годзе ён скончыў Мінскі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва», пасля чаго працаваў у Белдзяржбудзе. З 1938 года кіраваў інстытутам «Белпрампраект». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны з’ехаў з Мінска ў Смаленск, адкуль і быў прызваны ў армію. Удзельнічаў у баях Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля вызвалення Мінска Жыжаль быў звольнены з Узброеных Сіл і прызначаны спачатку інструктарам будаўнічага аддзела ЦК КПБ, а затым — загадчыкам аддзела будматэрыялаў Дзяржплана БССР, інжынерам Галоўнага ўпраўлення прамысловага будаўніцтва. З 1951 года Жыжаль кіраваў Галоўным упраўленнем будаўніцтва Мінска, а ў 1955 годзе ўзначаліў Міністэрства прамысловага будаўніцтва БССР.

Пад непасрэдным кіраўніцтвам Жыжаля была пабудавана вялікая колькасць прамысловых прадпрыемстваў Беларускай ССР, у тым ліку Гродзенскі азотна-тукавы камбінат, Салігорскі калійны камбінат, Полацкі нафтаперапрацоўчы камбінат, уведзены ў строй новыя чэргі Мінскага аўтамабільнага завода і Мінскага трактарнага завода. Акрамя таго, Жыжаль кіраваў будаўніцтвам вялікай колькасці жылых будынкаў, аб’ектаў сацыяльнай сферы. Пры яго актыўным удзеле будаваліся будынкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Помнік Перамогі на аднайменнай плошчы ў Мінску.

У 1969 годзе Жыжаль сышоў з пасады міністра, а ў 1970 годзе выйшаў на пенсію. Пражываў у Мінску. Памёр 18 сакавіка 1982 года, пахаваны на Усходніх могілках Мінска. У 1994 г. у Мінску на доме на рагу вуліцы Захарава і Вайсковага завулка, дзе жыў Жыжаль, была ўсталявана мемарыяльная дошка.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1955—1971), дэлегатам XXII і XXIII з’ездаў КПСС. Кандыдат у члены ЦК КПБ (1952—1954), член ЦК КПБ (1956—1971), член Рэвізійнай камісіі КПБ (1954—1956).

Узнагароды Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 15 лютага 1964 года за «самаадданую працу і выдатныя вытворчыя поспехі, дасягнутыя пры будаўніцтве Гродзенскага азотнатукавага завода, Першага Салігорскага калійнага камбіната, Полацкага нафтаперапрацоўчага завода» Іван Жыжаль быў удастоены высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».

Заслужаны будаўнік БССР, Ганаровы грамадзянін Мінска. Быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі «Знак Пашаны», ордэнам Чырвонай Зоркі і шэрагам медалёў, у т. л. «За адвагу», «За абарону Масквы».

Памяць На доме па адрасе вул. Захарава № 32, у якім ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Літаратура Долготович Б. Д. Почетные граждане Белорусских городов. — Минск, Беларусь, 2008.

Спасылкі Міністр Іван Жыжаль з Сыраежак. Афіцыйны сайт Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта. Жижель Иван Матвеевич / Книга памяти Белорусской железной дороги, 2016

Катэгорыя:Заслужаныя будаўнікі Беларускай ССР Катэгорыя:Міністры будаўніцтва БССР Катэгорыя:Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Мінска Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 4-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 5-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 7-га склікання Катэгорыя:Члены ЦК КПБ Катэгорыя:Члены Рэвізійнай камісіі КПБ Катэгорыя:Дэлегаты XXII з’езда КПСС Катэгорыя:Дэлегаты XXIII з’езда КПСС