Нараджэ́нне Прасвято́й Багародзі́цы (Раство Багародзіцы, Прачы́стая другая, Бага́ч) — восенскае хрысціянскае свята, якое адзначаецца 8 верасня: у Каталіцкім касцёле і большасці іншых хрысціянскіх канфесій — па новым стылі; у Праваслаўнай царкве — па старым стылі (па новым стылі — 21 верасня).
Праваслаўная традыцыя
Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі святкуецца Царквою як дзень сусветнае радасці. Гэтая дабратворная падзея адбылася ў невялікім галілейскім горадзе Назарэце. Бацькамі Дзевы Марыі былі праведны Іаакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасвяшчэнніка Аарона. Яны былі бяздзетныя, бо Ганна была няплодная. І гэта ў тыя часы лічылася пакараннем за грахі, таму Іаакім і Ганна цярпелі несправядлівыя здзекі ад сваіх суайчыннікаў. Аднак яны не гублялі надзеі на літасць Божую і далі абяцанне прысвяціць Богу для служэння ў храме дзіця, калі яго ім пашле Гасподзь. У адно са святаў старац Іаакім прынёс у Іерусалімскі храм сваё ахвярнае прынашэнне, але першасвяшчэннік не прыняў яго, бо Іаакім быццам быў няварты гэтага па прычыне сваёй бясплоднасці. У вялікім смутку, прыгнечаны горам, святы Іаакім пайшоў у пустэльню, дзе са слязьмі маліўся Богу аб дараванні яму дзіцяці. Святая Ганна, дазнаўшыся пра гэтае здарэнне, таксама шмат і шчыра малілася. Гасподзь выканаў іхнае прашэнне. Муж і жонка дасягнулі сталага ўзросту і падрыхтавалі сябе дабрадзейным жыццём да высокага звання — быць бацькамі Прасвятой Дзевы Марыі, будучай Маці Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось Архангел Гаўрыіл прынёс Іаакіму і Ганне радасную вестку: малітвы іх пачутыя Богам, і ў іх народзіцца Найблаславёная дачка Марыя, праз якую будзе дараванае выратаванне ўсяму свету. Нараджэнне Багародзіцы наблізіла прышэсце на зямлю дабратворнага Царства Нябеснага, царства ісціны і бессмяротнага жыцця.
Ніжэй пададзеныя святочныя спевы ў рэдакцыі Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Трапар свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, глас 4 Нараджэнне Тваё, Багародзіца Дзева, радасць прынесла ўсяму свету, бо з Цябе заззяла Сонца праўды — Хрыстос Бог наш; і зняўшы пракляцце, Ён даў благаславенне, і знішчыўшы смерць, дараваў нам жыццё вечнае.
Кандак свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, глас 4 Іаакім і Анна ад знявагі за бяздзетнасць і Адам і Ева ад пагібелі смяротнай вызваліліся, Прачыстая, у святым Нараджэнні Тваім. Яго ж святкуюць і людзі Твае, ад віны саграшэнняў пазбавіўшыся, усклікаючы да Цябе: няплодная нараджае Багародзіцу і Карміцельку жыцця нашага.
Задастойнік свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Велічай, душа мая, найслаўнейшае нараджэнне Божае Маці. Чужаснае для маці дзявоцтва і не ўласціва дзевам дзяцей нараджэнне, на Табе ж, Багародзіца, здзейснілася тое і другое. Таму мы, усе народы зямныя, несупынна Цябе велічаем.
Каталіцкая традыцыя
Народная традыцыя Багач — старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства Багач быў прымеркаваны да Другой Прачыстай — свята нараджэння Божай Маці (8 верасня), якая лічылася заступніцай ураджаю. Сімвал свята Багача — сявенька з жытам ці пшаніцай і ўстаўленай васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з першага зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З Багачом абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле народнага павер’я, Багач забяспечваў дому багацце і шчасце.
Спасылкі
Катэгорыя:Каталіцкія святы Катэгорыя:Праваслаўныя святы