Змітрок Астапенка, поўнае імя Дзмітрый Емяльянавіч Астапенка (, в. Сяргееўка Клімавіцкага павета, цяпер Шумяцкі раён, Смаленская вобласцьПаводле іншых звестак нар. 14(27).11.1910 у в. Сяргееўка Рослаўльскага павета Смаленскай губерні — кастрычнік , Карпаты, ; Псеўданімы: З. Лірнік; К. Качкін (з Ю. Таўбіным); Клім Качкін (з Ю. Таўбіным); Мсціслаўцы (з А. Куляшовым і Ю. Таўбіным)) — беларускі паэт, перакладчык..
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. Вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, у 1930 годзе перавёўся ў Мінскі Белпедтэхнікум. Восенню 1931 года разам з С. Астрэйкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе «Сцяпянка» выключаны з тэхнікума з «воўчым білетам» як «нацдэм». У 1931 годзе паступіў у БДУ. Атрымаў вышэйшую або няскончаную вышэйшую адукацыю. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў.
Арыштаваны 16 сакавіка 1933 у Мінску па адрасе: Праязны завулак, д. 8, кв. 5 па справе «Беларускай народнай грамады». Асуджаны 10 жніўня 1933 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 3 гадоў ППК. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці, але знаходзіўся не ў лагеры, а на пасяленні (некаторы час разам з М. Лужаніным). Пасля вызвалення ў чэрвені 1935 жыў у Маскве па адрасе: Смаленскі бульваp, д. 15, п. 48, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе № 252 Дзяржынскага раёна.
Паўторна арыштаваны 5 снежня 1936. Асуджаны 5 кастрычніка 1937 пазасудовым органам НКУС за «антысавецкую дзейнасць» да 8 гадоў ППК.
Вызвалены магчыма ў 1942 годзе. Як сведчаць архіўныя дакументы, у 1943—1944 гадах Змітрок Астапенка жыў у Маскве, дзе праходзіў ваенную падрыхтоўку ў Разведвальнай школе 1-га Упраўлення НКДБ СССР. Ён таксама наведваў курсы машынапісу і стэнаграфіі. Маскоўскі перыяд быў вельмі плённым для пісьменніка: ён напісаў п'есу «Запалім люлькі» (1943), вершаваную аповесць «Ганна» (1944), паэму «Эдэм» (1944) і шэраг вершаў на беларускай і рускай мовах.
У асабістым архіве пісьменніка захаваўся ўнікальны нататнік (1943—1944), які сведчыць пра рознабаковыя інтарэсы З. Астапенкі. У ім ён удасканальваў свае веды нямецкай мовы, занатоўваў інфармацыю аб беларускім жыцці пад нямецкай акупацыяй, выпісваў цытаты з кніг па батаніцы і агранамічнай хіміі (пра рэчывы, якія выклікаюць рост каранёў), захапляўся зоапсіхалогіяй і квантавай фізікай, напрыклад, ідэяй аб тым, што час можа рухацца ў адваротным кірунку. Даследчыкі мяркуюць, што гэтыя навуковыя пошукі былі падрыхтоўкай да напісання новага навукова-фантастычнага рамана. Акрамя таго, у нататніку ўтрымліваюцца падрабязныя разлікі пешага маршруту па акупаванай тэрыторыі Польшчы і хроніка наступальных аперацый 1-га Беларускага фронту.
У кастрычніку 1944 года ў час Другой сусветнай вайны ў складзе групы разведчыкаў ён быў перакінуты ў Чэхаславакію, дзе, паводле афіцыйнай версіі (і паведамлення на партале «Памяць народа»), знік без вестакІмёны Свабоды: Зьмітрок Астапенка 27.11.1910, в. Сяргееўка (цяпер Шумяцкі раён) Смаленшчына — кастрычнік 1944 (?), Славаччына (?). Аднак як сведчаць некаторыя дакументы (асабовая справа А. № 9935-с), у 1949 ён быў асуджаны да высылкі (верагодна, у Краснаярскі край). У тым, што паэт не загінуў, быў упэўнены (па словах крытыка А. Марціновіча) і яго былы аднакурснік яшчэ па Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, калега і сябра Змітрака Астапенкі паэт А. Куляшоў, які сведчыў, што ўжо пасля вайны «знаёмы твар [Зм. Астапенкі] неяк прамільгнуў у вірлівым маскоўскім натоўпе». Далейшы лёс невядомы. Па першай справе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.8.1956, па другой — прэзідыўмам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовыя справы З. Астапенкі № 14618 і № 9935-с з фотаздымкамі захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1926. Аўтар зборнікаў паэзіі «На ўсход сонца» (1931), «Краіне» (1931), «Абураныя» (1932), «Выбранае» (1957, уключана паэма «Эдэм»), «Вершы і паэмы» (1968), кніжка-малюнак для дзяцей «Трактар» (1933), зборнік «Як шум дажджу» з друку не выйшаў, захаваліся толькі гранкі. Пісаў апавяданні. Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932). Напрыканцы жыцця збіраў матэрыялы для яшчэ аднаго, нерэалізаванага навукова-фантастычнага твора, цэнтральнай ідэяй якога павінна было стаць вынаходніцтва звышмагутнага каранеўтваральнага рэчыва і гульні з часам. У 1943 годзе таксама напісаў публіцыстычны артыкул «У чым ваша credo?», накіраваны супраць дзеячаў беларускай калабарацыі.
Пераклаў раманы М. Горкага «Маці» (1932), «Ваколіцы» (1931, разам з М. Багуном), аповесці П. Голубева «Завіруха» (1930), М. Дончанкі «Ударны атрад» (1932), творы іншых рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Бібліяграфія Выбранае. Мн., 1957; Вершы і паэмы. Мн., 1968.
Літаратура
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Пруднікаў П. І. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн., Маст. літ., 1988. — 175 с.
Маракоў Л. Шасцёра на фотаздымку // Роднае слова. 1999, № 6; Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990; Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1978.
Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк» Катэгорыя:Мсціслаўская філія Маладняка Катэгорыя:Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў Катэгорыя:Пісьменнікі-фантасты Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Загінулі ў баях Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Нарадзіліся ў Шумяцкім раёне